У Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі прайшла прэзентацыя кнігі «Акрыленыя родным словам», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».
Падзея зусім не выпадковая для Пухавіччыны. Болей стагоддзя назад у гэтых мясцінах — у вёсцы Блонь — адпачывалі вялікая ўкраінская паэтэса Леся Украінка і яе беларускі сябар Сяргей Мяржынскі. А кніга «Акрыленыя родным словам» паяднала пад сваёй вокладкай творы Лесі Украінкі і Цёткі (Алаізы Пашкевіч) — на мовах арыгіналу, па-украінску і па-беларуску, і ў перакладах на беларускую і ўкраінскую мову.
Пра далучанасць Лесі Украінкі да Пухавіччыны, Беларусі гаварылі на прэзентацыі першы сакратар Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Іван Бышняк, дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч, праўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра — галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа кандыдат сацыялагічных навук Васіліна Міцкевіч.
— Вельмі ўдзячны Пухавіччыне, раённаму краязнаўчаму музею за ўвагу да Лесі Украінкі, — сказаў Іван Сцяпанавіч Бышняк. — Менавіта музей, мясцовыя работнікі культуры і адукацыі сталі дзейснымі арганізатарамі ў гэтай старонцы беларуска-украінскіх гуманітарных сувязяў. Спадзяюся на прадаўжэнне і пашырэнне гэтай працы.
У Пухавіцкім музеі захоўваюцца мастацкія работы, прысвечаныя ўкраінскай паэтэсе, кнігі Лесі Украінкі, іншыя матэрыялы, якія расказваюць пра беларуска-украінскае літаратурнае пабрацімства.
Мікола БЕРЛЕЖ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?