Вы тут

«Многія цяпер адрываюцца ад сваіх каранёў...»


Мікалай Іванавіч Быхаўцаў родам з Ваўкавыска. У 1970-м скончыў сярэднюю школу № 5, потым — Мінскі электратэхнікум сувязі, адслужыў у войску. Ён жа, завочна атрымаўшы вышэйшую адукацыю, каля 30 гадоў працаваў інжынерам кабельнай міжгародняй сувязі і за апошнія 20 апублікаваў каля 80 артыкулаў па гісторыі Ваўкавышчыны, выдаў 24 нумары ўласнага краязнаўчага часопіса.


У пошуках звестак аб родным краі Мікалай Іванавіч аб'ездзіў архівы і музеі Мінска, Вільнюса, Санкт-Пецярбурга, Польшчы. Назвы яго кніг кажуць самі за сябе: «Паўстанне 1863—1864 гадоў у Ваўкавыскім павеце», «Гісторыя асветы на Ваўкавышчыне да 1915 года», «Першыя саветы», «На Ваўкавысцкім напрамку: 22—29 чэрвеня 1941 года»...

— Я даўно ўжо збіраю матэрыялы для гісторыка-геаграфічнага слоўніка Ваўкавыскага павета, — кажа Мікалай Іванавіч. — Чаму не раёна? Павет існаваў з 1507-га да 1940-га — больш за 400 гадоў! У слоўніку знойдуць месца гісторыі маёнткаў і фальваркаў, касцёлаў і цэркваў, спісы жыхароў кожнай вёскі ў розныя часы, карацей, усё, што пашчасціла знайсці ў архівах, бібліятэках, інтэрнэце і нават у прыватных размовах з людзьмі. Самыя раннія звесткі пра населеныя пункты Ваўкавышчыны захаваліся ў метрыках ВКЛ, якія перыядычна выдаюцца асобнымі кнігамі. Яшчэ адна крыніца інфармацыі — інвентары маёнткаў і старастваў, дзе падрабязна апісвалася іх маёмасць разам з прозвішчамі падуладных сялян. Кожны з населеных пунктаў у слоўніку будзе праілюстраваны і пазначаны дакладнымі геаграфічнымі каардынатамі.

Дзеля чаго ўсё гэта?

Па словах краязнаўцы, многія цяпер адрываюцца ад сваіх каранёў, не могуць назваць хаця б пяць пакаленняў продкаў, не кажучы пра тое, каб ведаць, дзе яны пахаваныя. «Мне вельмі хацелася б прыцягнуць увагу да краязнаўчага руху, — кажа Мікалай Іванавіч, — зацікавіць інфармацыяй аб малой радзіме. Спадзяюся, што мая праца паспрыяе ў гэтым, стане своеасаблівым дапаможнікам, а некага, магчыма, і натхніць на стварэнне аналагічных слоўнікаў...?»

Працу над сваім Мікалай Быхаўцаў ужо завяршае. Праўда, пытанне з яго выданнем застаецца пакуль адкрытым.

Сяргей ЧЫГРЫН, г. Слонім

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.