Вы тут

Адбыўся культурна-адукацыйны праект «Скарынаўскія дні ў Полацку — 2021»


У калысцы гарадоў беларускіх днямі правялі рэспубліканскі культурна-адукацыйны праект «Скарынаўскія дні ў Полацку — 2021» і Нацыянальны дзіцячы форум «Беларусь — краіна магчымасцяў». Яны былі прысвечаныя Дню народнага адзінства. Усяго некалькі гадоў таму праект пачалі рэалізоўваць на раённым узроўні і цяпер ужо — на рэспубліканскім.


Арганізатары — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, упраўленне па адукацыі Полацкага райвыканкама. У горад на берагах Заходняй Дзвіны зляцеліся вучні, актывісты маладзёжных парламентаў, лідары Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і педагогі. Усяго ўдзельнікамі маштабных мерапрыемстваў сталі парадку 250 чалавек з усіх абласцей Беларусі, дыстанцыйна — прадстаўнікі Себежскага раёна Расіі, які мяжуе з Прыдзвінскім краем. Месцам правядзення форуму «Беларусь — краіна магчымасцяў» стала сярэдняя школа № 18 імя Ефрасінні Полацкай.

У рамках праекта на завочным этапе правялі конкурс касплею «Бяздоннае багацце» (касплей — пераапрананне ў касцюм абранага персанажа з наступнай імітацыяй характэрных для яго паводзін і гаворкі), паэтычны — «Адзіны духам», фота — «Макрапогляд».

Багатым на акцыі быў час, праведзены ўдзельнікамі і ганаровымі гасцямі ў самым старажытным беларускім горадзе. У прыватнасці, у гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны правялі Скарынаўскую алімпіяду сярод вучнях 9—11 класаў. Былі выпрабаванні на веды ў галіне гісторыі. Вельмі цікавымі сталі творчыя конкурсы. У прыватнасці, за перамогу змагаліся аўтары і выканаўцы экспромтаў на беларускай і рускай мовах, чытальнікі вершаў і прозы, прысвечаныя беларускаму першадрукару.

Аўтсайдараў сярод канкурсантаў не было, таму членам журы было вельмі складана аб'явіць пераможцаў — усе ўдзельнікі прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі і таленты.

Насычанай стала дыялогавая пляцоўка «Моладзь. Ініцыятыва. Будучыня», у якой бралі ўдзел прадстаўнікі маладзёжных парламентаў і члены дзіцячай палаты цэнтральнага савета грамадскага аб'яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя».

Шмат карыснага пачулі слухачы «курсаў парламентарызму» для юных грамадзян... На пляцоўцы «Дзейнічаем» маладзёжны пасол Мэт устойлівага развіцця (пераможца адпаведнага конкурсу, адным з арганізатараў якіх было Міністэрства адукацыі) Яраслаў Аляксееў абмеркаваў з удзельнікамі мерапрыемства актуальныя і важныя аспекты дзейнасці рэгіянальных маладзёжных парламентаў.

Надоўга запомніцца вечарына сяброўства «Беларусь — гэта мы». Гасцям прапанавалі квэст-спаборніцтвы, цімблінг (выпрабаванні ў вяровачным «гарадку»), вельмі ахвотна бралі ўдзел у дэнс-батле.

17 верасня на цэнтральнай плошчы Полацка — Свабоды адбылася акцыя «Салют, піянерыя!», прымеркаваная да Дня народнага адзінства і чарговай гадавіны самай масавай у краіне дзіцячай арганізацыі — піянерскай (пра самастойную дзейнасць піянерская арганізацыя Беларусі заявіла 13 верасня 1990 года на Х Злёце піянераў Рэспублікі Беларусь, калі былі прынятыя статут, дэвіз і законы арганізацыі).

Адбыліся святочны канцэрт, цырымонія прыняцця ў рады піянерыі, узнагароджанне пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў. Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі вянкі і кветкі на мемарыяле памяці вызваліцеляў Полацка. Адной з удзельніц акцыі стала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Святлана Адзінцова.

Безумоўна, гаспадары не забылі паказаць адзін з самых прыгожых еўрапейскіх гарадоў. Восенню Полацк — быццам бы цудоўны лісцік на дрэве планеты. Залатыя купалы храмаў, сонейка, лісце пад нагамі — гэтыя моманты жыцця будуць у памяці удзельнікаў мерапрыемстваў.

Арганізатары яшчэ раз даказалі, што ў нашай краіне працягваюцца скарынаўскія традыцыі. Беларусь — краіна, дзе з павагай адносяцца да мовы, культуры, гісторыі. А ў дзяцей і моладзі ёсць шмат шанцаў раскрыць і рэалізаваць таленты, зрабіць добрую кар'еру, рэалізаваць мары.

Аляксандр ПУКШАНСКІ, г. Полацк.

Фота дадзена арганізатарамі

Загаловак у газеце: Ёсць магчымасці з дзяцінства!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.