Вы тут

Магілёўскія дэпутаты сабралі для кнігі аб вайне гісторыі відавочцаў


З VІ Усебеларускага народнага сходу завуч магілёўскай школы № 34 Галіна Бяляева вярталася акрыленая. У душу запала фраза пра тое, што павінна быць нешта, што ўсіх нас аб'яднае. Гісторык па адукацыі і адна з актыўных дэпутатак Магілёўскага гарсавета, яна ведала, што гэтай тэмай павінна стаць Вялікая Айчынная вайна. «Некаторыя народы прыдумваюць сабе нешта значнае, каб было чым ганарыцца, а мы, нашчадкі пераможцаў, шукаем нейкую ідэю, — разважае яна. — Бяда не абмінула ніводную сям'ю. Боль і цяпер жыве ў нашым сэрцы. Трэба толькі гэтыя ўспаміны абудзіць.»


Болей чым 600 біяграфій

Пасля прыезду дэлегат пачала абыходзіць школы і працоўныя калектывы. І ўсім задавала адны і тыя ж пытанні: «Што вы ведаеце пра сваіх продкаў, якія перажылі вайну? На якіх франтах яны ваявалі? Як яны жылі ў тыле? якія трагічныя ўспаміны не даюць спакою і сёння?»

— Я бачыла людзей, якія нічога не ведаюць і нават не задумваліся над гэтым, — кажа яна. — Але знайшлося і шмат такіх, у якіх на руках бясцэнныя матэрыялы і яны нідзе не публікаваліся. Гэта дзённікі ветэранаў, успаміны вязняў канцлагераў, людзей, якія жылі пад акупацыяй. Раней сітуацыя была іншая, усе перажылі цяжкія падзеі, страты, гора, і гэта ўспрымалася як трагедыя народа. Але цяпер усё гэта стала персаніфікаваным. На жаль, шмат матэрыялаў страчана, але шмат і захавалася. І мне падалося, што было б добра, калі б акцэнтаваць увагу моладзі на ўклад непасрэдна іх сям'і ў агульную Перамогу. Адным словам, стварыць своеасаблівую кнігу.

— Калі Галіна агучыла гэтую ідэю, нам яна спадабалася, — успамінае, як усё пачыналася, старшыня Магілёўскага гарсавета Максім Гурын. — Мы перагаварылі з намеснікам старшыні гарвыканкама Алай Галушкай, начальнікам гарадскога ўпраўлення па адукацыі Ірынай Рыбаковай і на сваім дэпутацкім «вечы» вырашылі рэалізаваць праект. Кінулі кліч праз раённыя аддзелы адукацыі, школы, каб падзяліліся звесткамі пра ваеннае мінулае сваіх продкаў. Прычым заклікалі не толькі дзяцей, але і дарослых. І за паўгода назбіралася болей чым 600 такіх біяграфій. Мы знайшлі спонсараў, і ў канцы кастрычніка ўбачыць свет кніга ў прыватным магілёўскім выдавецтве «Амелія Прынт». Для сённяшніх дзяцей гэта кніга стане блізкай перш за ўсё тым, што там ёсць радкі і пра іх сем'і. Яна стане арыенцірам у жыцці, запаветам ад родных захоўваць і берагчы родную зямлю і, галоўнае, яшчэ адным напамінам, якое гэта вялікае гора — вайна.

Праект выйшаў за межы школы

У будучай кнізе каля 600 старонак, болей чым тысяча фота і дакументаў. Біяграфіі дапоўнены архіўнымі звесткамі з фондаў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі.

— Я спецыяльна шукала гэтую інфармацыю, каб узмацніць некаторыя звесткі, — расказвае Галіна Бяляева. — Калі знаходжу ўзнагародны ліст, перазвоньваю родным, зачытваю подзвіг і прапаную ўнесці ў гісторыю. І часцей за ўсё людзі прызнаюцца, што нават нічога не ведалі пра гэта. Франтавікі не любілі хваліцца. Калі чытаеш, што танк героя быў падбіты, а ён выскачыў з палаючай машыны і бег перад нашымі, каб паказаць бяспечны шлях, родныя па-іншаму пачынаюць глядзець на свайго продка. Або, напрыклад, напісана, што чалавек атрымаў узнагароду за тое, што за 13 дзён аднавіў мост, на рамонт якога рэальна патрэбна было каля двух месяцаў. Схіляеш галаву перад яго подзвігам, бо чалавек, не шкадуючы сябе, працаваў, каб савецкія войскі змаглі хутчэй пераправіцца і вызваліць Беларусь. Гісторыі кранаюць душу, таму што праз гэтыя дзённікі ты бачыш не нейкіх там манументальных герояў, а жывых людзей.

Першапачаткова праект прызначаўся для школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў. Спачатку сапраўды адгукаліся дзеці, потым ініцыятыву ўзялі ў свае рукі іх бацькі, зараз інфармацыя распаўсюдзілася далёка за межы Магілёва, і стваральнікам ідуць лісты з іншых абласцей і нават краін.

— Адна жанчына прызналася, што праект прымусіў яе сям'ю сабрацца ў доме дзеда, яшчэ раз успомніць яго як чалавека і франтавіка, — расказвае Галіна Бяляева. — Мы і ставілі перад сабой мэту, каб тэма аб'яднала людзей. Але нават не чакалі, наколькі ўнікальныя матэрыялы захоўваюцца на руках. Мне перадалі дзённік з фотаздымкамі байца 110-й стралковай дывізіі, якая абараняла прыгарад Магілёва. Гэтую дывізію гісторыкі называюць мёртвай, бо з яе выжыла мала людзей. Засталося ўсяго 20 задакументаваных успамінаў. І тут у рукі мне трапляе рарытэт. Пісаў баец 425-га стралковага палка. Я, калі атрымала ўспаміны, адразу ж патэлефанавала кіраўніку абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалаю Барысенку. Ад яго даведалася, што якраз на наступны дзень пошукавікі едуць у Шклоўскі раён падымаць байцоў гэтага палка. І я з вучнямі-добраахвотнікамі паехала разам з імі. Уяўляеце, аднакласнікі хлопчыка, які прынёс гэты дзённік, дапамагалі падымаць байцоў, з якімі, магчыма, яго прадзед стаяў у адным страі.

Сюжэт для фільма

Выданне, што ствараюць дэпутаты, называецца «Вялікая Айчынная вайна: сапраўдныя гісторыі». Гэта не камерцыйны праект, кнігі пойдуць у бібліятэкі, архівы, установы адукацыі. Будзе выдадзена ўсяго 150 асобнікаў. Пра некаторых відавочцаў там усяго 5-6 радкоў, але шмат біяграфій, якія займаюць некалькі старонак. Па матывах успамінаў Юрыя Палухіна наогул можна здымаць фільм. Ён ляжаў у шпіталі і падрабязна апісаў, як паміж яго таварышам па палаце танкістам Жорам і медсястрой Ганнай Смірновай зараджалася каханне. Ён піша, што Ганна была яркай не столькі знешне, колькі знутры. А Жора быў неверагодна прыгожы і мужны. Ганна не магла ў яго не закахацца.

— Чытала і перажывала — так хацелася, каб у гэтых людзей усё было добра, — дзеліцца Галіна Бяляева. — Жора прызнаваўся Юру, што Ганна яго лёс і яго пачуццё да яе — на ўсё жыццё. А праз паўгода Юра зноў трапіў у шпіталь і даведаўся, што Жора загінуў пры вызваленні адной з вёсак пад Магілёвам. Для Ганны гэта быў страшэнны ўдар. Аўтар дзённіка сам перажываў гэтую трагедыю. Нават эмацыянальна пазначаў: хай будзе праклятая гэтая вайна, якая разбіла шчасце такіх прыгожых людзей. Потым я знайшла ў архіўных дакументах, што танкіст, лейтэнант Рыгор Арсеньевіч Снурнікаў загінуў 28 чэрвеня 1944 года пры вызваленні вёскі Шапчыцы Магілёўскага раёна...

Дзённікі, лісты з фронту, успаміны — жывы чалавечы боль і туга. Галіна Бяляева прызнаецца, што нават ноччу не можа заснуць, пракручвае ў галаве некаторыя гісторыі.

— Мы сёння зусім не задумваемся, навошта нашу моладзь зганялі ў Германію, — кажа яна. — Адказ у гэтых прызнаннях. Акупантам патрэбны былі людзі, якія працавалі б на шкодных вытворчасцях у хімічнай прамысловасці. Маладыя людзі хутка паміралі, таму што праз некалькі месяцаў работы ў іх ужо лёгкіх не было. Запала ў душу гісторыя дзяўчынкі, у якой да апошняга бралі кроў, а потым ледзь жывую выкінулі за агароджу. Яе падабрала нямецкая жанчына, у якой было восем дзяцей, і чацвёра з іх ваявалі ў нас на франтах. Жанчына выхадзіла тую дзяўчынку. Юра Палухін піша, што гітлераўцы, калі прыехалі ў яго вёску, хадзілі па дамах і расстрэльвалі дзяцей. І ён ні разу не бачыў, каб такое рабілі чырвонаармейцы.

У Германіі ён уразіўся капітанам, які адной рукой камандаваў батарэяй, а на другой трымаў кінутую трохгадоваю нямецкую дзяўчынку. Дзіця называла яго «папі». Ёсць біяграфія вязня з Азарычаў, які ў падрабязнасцях апісвае розныя жахі, прызнанні тых, хто вызваляў Асвенцым і на свае вочы бачыў горы пінетачак — ад гэтых успамінаў стыне кроў. Кранулі ўспаміны былой блакадніцы, якая піша, што, пакуль у яе доме ёсць хлеб, яна ніколі не скажа, што жыве кепска. Сэрца шчаміла, калі чытала пра падлетка, які хаваў забітых малодшых брата і аднагадовую сястрычку і гарэў нянавісцю да паліцая, што паліў аднавяскоўцаў разам з дзецьмі. Свайго пляменніка ён паспрабаваў выратаваць, загадаў яму: «Бяжы». Але той так і не змог кінуць сябра і згарэў разам з ім. І маці знайшла яго толькі па гузіках. Людзі стойка пераносілі і голад, і холад, але не здаваліся і ішлі да сваёй мэты.

Дарэчы, біяграфіі ўсё яшчэ працягваюць ісці. І дэпутаты вырашылі працягнуць праект. На другі том ужо сабралася 20 біяграфій.

— Мы паспрабавалі і пераканаліся, што справа добрая, і таму спыняцца не намераны, — кажа Максім Гурын. — Пакуль гісторыі назапашваюцца, будзем шукаць спонсараў. У мэтах захавання памяці і патрыятычнага выхавання моладзі мы рэалізоўвалі ўжо не адзіны праект па Вялікай Айчыннай вайне. Працуем з ветэранамі, ходзім у навучальныя ўстановы, расказваем дзецям пра вайну. Відавочцы тых часоў сыходзяць ад нас, і мы павінны зрабіць усё магчымае, каб памяць пра іх засталася.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.