Вы тут

Попыт падае, але цэны ўпарта трымаюцца


Сезон павышанага попыту на арэнду кватэр у сталіцы напярэдадні новага вучэбнага года ў жніўні і ў верасні звычайна дасягае свайго піку, аднак сёлета студэнцкага ажыятажу не адбылося.

Як адзначае партал REALT.BY, колькасць пошукавых запытаў «зняць кватэру ў Мінску» ў жніўні аказаўся на 9 % ніжэйшай, чым у ліпені. У верасні актыўнасць будучых жыхароў знізілася яшчэ на 5 %. Па вопыце мінулых гадоў, у наступныя месяцы сезона цікавасць да арэнды кватэр працягне зніжацца аж да навагодніх свят.


Фота: pixabay.com

Прапанова зашкальвае

У той жа час свабоднымі для засялення на працягу месяца сумарна былі 11,2 тысячы кватэр, што на 4 % больш, чым за ўвесь ліпень. Асабліва ў параўнанні з мінулым месяцам павялічылася колькасць трохпакаёвых кватэр — на 6 %. Колькасць аб'яў аб арэндзе адна- і двухпакаёвых кватэр вырасла толькі на 3 % у абодвух выпадках. Варта заўважыць, што паказчык свабодных кватэр вырас да 10 тысяч і больш, толькі ў другой палове гэтага года. Летась на рынку доўгатэрміновай арэнды прысутнічала ад дзвюх да чатырох тысяч свабодных кватэр. Такое істотнае павелічэнне, хутчэй за ўсё, звязана з тым, што канчаткова «асеў» рынак кароткачасовай арэнды кватэр — на суткі.

Характэрна, што большасць свабодных кватэр, якія прапаноўваюцца пад арэнду, стаяць пустымі ужо досыць доўгі час. Так, на сайце hata.by ёсць кватэры, якія праглядалі патэнцыйныя кватаранты па некалькі тысяч разоў. Гэта сведчыць пра тое, што рынак арэнды сапраўды «перагрэўся» і патрабуе цэнавай карэкціроўкі.

Сярэднія цэны трымаюцца, рэальныя пачынаюць падаць

Спачатку разбяромся, што было на рынку ў жніўні. На фоне злёгку павышанага попыту щ апошнім месяцы лета большасць арэндадаўцаў павялічылі цэны, аднак не так істотна, як у мінулыя гады. Па сутнасці, стаўкі арэнды на кватэры ў Мінску з пачатку года мяняліся неістотна: ад месяца да месяца рост альбо зніжэнне не перавышала 1 %.

На канец жніўня сярэднія цэны арэнды кватэр у Мінску выглядалі наступным чынам:

  • аднапакаёвыя кватэры — 275 долараў (рост на 0,7 %);
  • двухпакаёвыя кватэры — 337 долараў (рост на 0,3 %);
  • трохпакаёвыя кватэры — 415 долараў (зніжэнне на 0,2 %).

Нас больш цікавіць абстаноўка са стандартным жыллём у верасні. Бюджэтныя арэндныя кватэры здаюцца злёгку па іншых цэнах. Тут аднапакаёвыя кватэры здаюцца ў сярэднім па 250 долараў, але сустракаюцца і варыянты невысокай якасці памяшканняў, дзе аб'екты прапаноўваюцца нават за 200—230 долараў. Гэта, як правіла, кватэры са старой мэбляй у Заводскім раёне і Шабанах. Але самыя танныя кватэры сёння ёсць у новабудоўлях — за 190 долараў. Гэта невялікае жыллё (33—38 квадратных метраў) абстаўлена толькі часткова. Як правіла, у такіх кватэрах электрычная пліта на кухнях, а на дваровых тэрыторыях дома ў непагадзь хадзіць можна выключна ў ботах. Каля гэтых дамоў яшчэ паўгода дарабляюцца пешаходныя дарожкі і ўдакладняецца графік руху грамадскага транспарту.

Двухпакаёвая кватэра ў бюджэтным варыянце будзе прапаноўвацца за 230 долараў. Гэта ў асноўным «хрушчоўкі» ў старых дамах мінулага стагоддзя або часам прасторныя апартаменты ў дамах-новабудоўлях. З мэблі ў старых дамах — выключна савецкі варыянт, а ў новабудоўлях — наогул нічога. Варта заўважыць, што пры бюджэтным варыянце магчымыя падводныя камяні. Такія, як вечна п'яны сусед, пастаянна няспраўны смеццеправод або назойлівы «пах» ката ў далёкім куце пад канапай. Гэтыя неспрыяльныя ўмовы выкрываюцца ўжо пасля засялення ў кватэру.

Без дагавора магчымыя праблемы

Пры арэндзе кватэр часта ўсплываюць розныя пытанні, якія могуць сапсаваць жыццё не толькі арандатараў, але і ўладальнікаў нерухомасці: разнастайныя нявыплаты, псаванне і крадзеж маёмасці, сваркі з суседзямі і многае іншае. Плюс пры адсутнасці дагавора арэнды магчымыя штрафы з падатковай. Дагавор арэнды дазваляе абодвум бакам адчуваць сябе больш абароненымі ў прававым сэнсе. Так, і ў суд ёсць з чым звярнуцца ў канфліктных сітуацыях. Між тым у Жыллёвым кодэксе прапісаны ўсе нормы, патрабаванні, правы і абавязкі бакоў. Што трэба ведаць?

Для найму жылога памяшкання дагавор, складзены ў адвольнай форме двума бакамі, не падыдзе. Неабходна па правілах запоўніць тыпавы бланк дагавора, афіцыйна запэўніць яго і аплаціць падатак. Бланкі тыпавога дагавора найму жылога памяшкання лёгка знайсці ў інтэрнэце альбо атрымаць у разлікова-даведачным цэнтры (ЖЭС). Атрымаўшы на рукі бланк, важна правільна яго запоўніць. Неабходна ўнесці ў дагавор тэрмін аплаты і памер аплаты за жыллё, плату за камунальныя выдаткі, заклад і магчымыя змены ў аплаце. Абавязкова трэба ўпісаць правы і абавязкі абодвух бакоў, а таксама абставіны і падставы для высялення.

Дагавор арэнды абавязкова запаўняецца ў пісьмовым выглядзе ў трох экзэмплярах для: арэндадаўца, арандатара і арганізацыі, у якой будзе зарэгістраваны дагавор. Дата засялення новых жыхароў павінна супадаць з датай рэгістрацыі дагавора, таму што яна з'яўляецца пачаткам дзеяння пагаднення. Яшчэ дагавор варта зарэгістраваць. У Мінску гэтая працэдура адбываецца ў разлікова-даведачных цэнтрах (РДЦ). Для рэгістрацыі дагавора неабходная прысутнасць абодвух бакоў з пашпартамі. Не забудзьцеся скласці акт прыёмкі-здачы нерухомасці з указаннем дакладнага пераліку маёмасці, яго кошту і выгляду (вітаецца фота — і відэаздымка як доказ).

Дарэчы. Вызваляюцца ад падаходнага падатку грамадзяне, якія здаюць жыллё маладым спецыялістам і блізкім сваякам. Але тады ў падатковую службу неабходна аднесці копію працоўнай кніжкі маладога спецыяліста і копію пасведчання аб накіраванні на працу маладога спецыяліста альбо дакумент, які пацвярджае блізкае сваяцтва з кватарантам.

Грошы лепш класці на рахунак уладальніка

Аўтар гэтых радкоў палову жыцця здымаў кватэру, а пазней і сам жыллё здаваў. Таму не па чутках ведае аб усіх нюансах жыллёвай арэнды. Вось некалькі парад.

Не заключайце бестэрміновы дагавор. Калі ваш жыхар раптам збяжыць, то дагавор аб скасаванні дагавора з ім не падпішаш, а значыць, і падаходны падатак прыйдзецца працягваць плаціць альбо ісці ў суд. Больш за тое, не трэба заключаць дагавор больш чым на год. У мяне быў выпадак, калі кватаранты нечакана з'ехалі, пасля чаго я плаціў падатак за пустую кватэру амаль цэлы год.

Па-другое. Прапісваць у дагаворы суму аплаты па законе можна толькі ў беларускіх рублях. Але прывязку лепш зрабіць да сумы ў замежнай валюце і яе курса на дзень плацяжу.

Важна. Нельга здаваць жылую нерухомасць, набытую (пабудаваную) за кошт ільготнага крэдыту да яго поўнага пагашэння, калі гэта не дазволена мясцовым адміністрацыйным органам. Акрамя таго, нельга здаваць у якасці жылой нерухомасць, якая патрабуе капітальнага рамонту, а таксама падвальныя і паўпадвальныя памяшканні.

Па дагаворы найму нельга зняць альбо здаць долю ў кватэры, таму што яна не з'яўляецца жылым памяшканнем. Здаецца альбо пакой (пакоі), альбо ўсё жыллё.

Яшчэ парада з асабістага вопыту. Не працуйце з «шэрай гатоўкай». Пералічвайце аплату за арэнду жылля на рахунак уладальніка кватэры. Гэта зберажэ вас ад магчымых прэтэнзій і прасцей будзе потым даказаць у судзе факт аплаты. А пры з'яўленні дадатковых умоў з любога боку магчыма ўнясенне змяненняў па пагадненні бакоў з наступнай рэгістрацыяй змяненняў у тым жа парадку, што і рэгістрацыя дагавора.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.