Вы тут

Што людзі пішуць


Мы выганяем іх не з дому, а са свайго жыцця

Чаму з падлеткамі так складана? Чаму яны выкідваюць розныя каленцы, праяўляюць свой нораў і нават канфліктуюць з законам? Прычын на тое нямала. Тут і зараз хіба асобныя.


Фота: pixabay.com

Дарослыя, якія маюць зносіны з падлеткамі, вельмі часта забываюць, што таксама родам з дзяцінства, што яны не заўсёды былі такімі правільнымі, памяркоўнымі і асцярожнымі, як цяпер. Дык давайце ўспомнім пра гэта і станем больш блізкімі да сваіх дзяцей, паспрабуем іх зразумець, прыняць такімі, як ёсць, дапамагчы, калі гэта патрэбна.

...Антон у краме крадзе цукеркі, прычым не раз і не два: крадзе пасля таго, як педагогі, бацькі і нават работнікі міліцыі даведаліся аб гэтым і, што называецца, правялі адпаведныя гутаркі. Нічога не дапамагло, не спрацавала. Чаму?

Высвятляецца, што мамы ў Антона няма з трох гадоў (яна пазбаўлена бацькоўскіх правоў), а ў таты іншая сям'я, іншыя дзеці. Таму кантроль за вучобай гэтага сына, мякка кажучы, недастатковы, а самае галоўнае — хлопчык не адчувае, што ў яго ёсць сапраўдная сям'я, што яго родныя могуць зразумець і падтрымаць...

Антон і сапраўды неахвотна ідзе на кантакт, не хоча адказваць на пытанні, але ж, калі праявіць цярпенне і зацікаўленасць, пачынае расказваць пра свае праблемы і крыўды, пра расчараванні ў блізкіх. Яго высновы: «Пра мяне яны ўспамінаюць толькі тады, калі трэба забраць малых з дзіцячага сада», «Ім на мяне напляваць...» І следам: «А мае сябры мяне разумеюць... Ну і што, што яны п'юць піва. Я таксама п'ю з імі. А цукеркі краду, каб напомніць тату, што я ў яго ёсць, бо дома са мной ніхто не размаўляе, усе толькі равуць».

Калі бацькі не цікавяцца ўнутраным светам сваіх дзяцей, калі дзеці, падрастаючы, чуюць фразы «Як ты надакучыў!», «Ідзі з маіх вачэй!», «Нам не патрэбны такі дрэнны сын...», «Пакуль цябе не было, мы жылі спакойна...», то тым самым літаральна падштурхоўваюць дзяцей на супрацьпраўныя дзеянні, якія потым караюцца законам. Падлеткам прасцей адчуваць сябе вінаватымі за разбітае акно, скрадзены «снікерс» ці зламаны плот, чым перажываць пастаяннае адчуванне віны за няведама што.

У падлеткавым узросце дзеці вельмі дапытлівыя і ў той жа час безабаронныя, яны спяшаюцца жыць, у іх узмацняецца адчуванне асабістай годнасці і максімалізму. У гэты перыяд жыцця ў іх фарміруецца сістэма каштоўнасцяў, назапашваецца вопыт, выпрацоўваюцца пэўныя пазіцыя, стаўленне да людзей, да свайго месца ў сям'і і грамадстве.

А значыць, некалі, пастарэўшы і паслабеўшы, бацька Антона можа вельмі здзівіцца, калі яго родны сын адбярэ ў яго пенсію і пойдзе прапіваць з «сябрамі», калі ён жа будзе не побач, а ў месцах зняволення...

У пажылых бацькоў і сапраўды часта ўзнікаюць пытанні, чаму нам не хапала часу на дзяцей, дзе мы былі, калі яны падрасталі, чаму не любілі іх, не займаліся як след выхаваннем?

Дык ці не лепш задумацца аб гэтым раней, калі дзеці яшчэ здольныя адгукацца на ўсе вашы словы і ўчынкі, калі яны яшчэ чакаюць вашай дапамогі і гатовы яе прыняць?

...Святлана расла ў інтэрнаце. Яе маці, здаецца, бясконца спрабавала ўладкаваць сваё асабістае жыццё, таму ў пакоі пастаянна з'яўляліся розныя цёткі і дзядзькі, нехта з якіх заставаўся нанач.

Калі дзяўчынка падрасла, то пасля прыходу гасцей ці госця мама пачала выпраўляць яе за дзверы: ідзі, маўляў, пагуляй на вуліцы, я патэлефаную, калі можна вярнуцца.

Света здагадвалася, што адбываецца дома. Паводзіны мамы выклікалі ў яе сорам, злосць і шкадаванне. Дзяўчынка расла замкнёнай, яна ні з кім не дзялілася сваімі праблемамі, бо ні сябровак, ні блізкіх, якім можна было расказаць усё, проста не мела, а родная маці фактычна выганяла яе на вуліцу.

І што — спадзявалася, што дачушка там пагуляе, а потым «белай і пушыстай» вернецца дамоў? Дык жа не! Дзеці, якіх мы выпраўляем на вуліцу, не будуць там адзінокімі: іх досыць хутка «падбяруць».

Так атрымалася і са Святланай. У 15 гадоў яе заўважыла група маладых людзей, якія ўжываюць наркотыкі. Вось ім, атрымаўшы першы укол, дзяўчынка і змагла адкрыцца, расказаць усё. Новыя «сябры», нягледзячы на затуманеныя позіркі ды няўзгодненыя рухі цела, слухалі яе, разумелі, давалі парады, а галоўнае, яна стала часткай іх кампаніі, стала... залежнай. Ужыванне наркотыкаў, алкаголю, тытуню вельмі хутка робіць падлеткаў хворымі. Адсюль і зламаныя лёсы, адсюль — злачынствы, праблемы са здароўем.

Маці Святланы суд пазбавіў бацькоўскіх правоў, і далей ёй жыць з думкамі, што сваё дзіця яна выстаўляла не з пакоя ў інтэрнаце, а са свайго жыцця.

Гэтыя прыклады не прыдуманыя, а ўзятыя з практыкі работы з падлеткамі. Іх, вось такіх Антонаў і Святлан, на жаль, вельмі шмат вакол нас.

...Існуе вядомае выслоўе, што дзеці — гэта кветкі жыцця. Але ж яны і растуць, і прыгожа цвітуць толькі пры пэўным доглядзе.

Ірына Чыгрына,

г. Слонім.


Раман з гісторыяй

У жыхароў Беразіно запатрабаваны бібліятэчныя мерапрыемствы, прысвечаныя землякам: вечары-партрэты, вечары-кампліменты, вечары-адкрыцці... Чарговы — «Жыццё на вятрах гісторыі» — даў мажлівасць расказаць пра ўраджэнца нашага мястэчка, доктара гістарычных навук, прафесара, навуковага кансультанта і журналіста Эмануіла Іофэ.

Для некага тая ж абарона доктарскай дысертацыі — толькі прыступка, каб заняць больш высокую пасаду. Для Эмануіла Рыгоравіча — гісторыя, як навука стала сэнсам жыцця: прафесар выступаў з дакладамі больш чым на 300 міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, у тым ліку ў Расіі, Ізраілі, Польшчы, Літве, Латвіі, ЗША, ён жа стаў аўтарам 48 кніг, у тым ліку першай у свеце пра яўрэяў Беларусі.

...Вечарына, прысвечаная слыннаму земляку, сабрала мясцовую інтэлігенцыю, карэнных жыхароў райцэнтра. На ёй пра свае стасункі з будучым акадэмікам расказалі яго аднакласнікі Лілія Казырка, Браніслаў Трусевіч і Людміла Ільініч, дзве сустрэчы згадаў старшыня раённага Савета ветэранаў гісторык
Анатоль Зябко, прэзентаваліся фотаздымкі з сямейнага архіва Эмануіла Іофэ і яго равеснікаў. Сцэнарную лінію дапаўнялі лірычныя кампазіцыі, адной з якіх стаў «Раман з гісторый», якой Эмануіл Рыгоравіч прысвяціў 60 гадоў свайго жыцця.

Тамара Круталевіч,

г. Беразіно.


Час асаблівых надзей

Даўно хацела напісаць пра пачутае ад бабулі бабіна лета. А тут, што называецца, і пагода, і нагода: сын маёй вучаніцы папрасіў матулю дапамагчы яму выканаць заданне настаўніцы — скласці апавяданне ды яшчэ і намаляваць ці то жаночую спякоту, ці то бабуліна цяпло...

Факт, што матуля, стаміўшыся на рабоце, нават не зразумела, аб чым размова, а я адразу ж здагадалася, што настаўніца распавядала пра бабіна лета і, вядома ж, па-беларуску, а таму Алёша, які нядаўна прыехаў з Мінска, зразумеў не ўсё.

Мы сталі размаўляць з ім і адразу пераканаліся, што хлопчык прыкмячае асенняе хараство, сам з радасцю расказвае пра багацце фарбаў, палёт павуцінак, пра познія кветкі... А мне да таго ж успомнілася гісторыя, якую чула ў дзяцінстве.

Бабуля распавядала, што роды раней прымалі бабкі-павітухі. Іх, дасведчаных і спрактыкаваных, тады ў акрузе нямала было, але ж да парадзіхі запрашаліся адмысловыя — калі можна так сказаць, «абраныя небам», прычым не абы калі, а менавіта ў бабіна лета.

Якраз тады, у два першыя тыдні кастрычніка, у нас, на самым усходзе Магілёўшчыны, усе бабкі-павітухі цягнулі жэрабя і паводле яго вызначалі, што панядзелак, напрыклад, гэта дзень Аўдоцці, аўторак — Дар'і, серада — Пелагеі...

На працягу гэтых жа чатырнаццаці дзён да Пакроваў і сама парадзіха, і яе блізкія ўважліва адсочвалі надвор'е. Калі Дар'ін дзень выдаваўся ветраным, лічылася, што і роды, якія Дар'і  належыць прымаць, могуць аказацца цяжкімі, а дзеткі — плаксівымі ды неспакойнымі... І наадварот: цёплы, сонечны дзень Пелагеі азначаў, што прынятыя ёй немаўляты з'явяцца на свет без ніякіх складанасцяў, будуць спакойнымі і здаровымі. Калі ж на нечы дзень выпадалі дажджы, наплакацца маглі і матулі, і дзеці...

Такім чынам, бабіна лета выбірала, вызначала самых запатрабаваных павітух года. Яно ж было часам асаблівых чаканняў і надзей, часам шчырых малітваў да Божай Маці.

...Я пераказала хлопчыку тое, што чула ад сваёй бабулі, і потым даведалася, што са школы ён прынёс «дзясятку», што, вядома ж, прыемна... Хоць і да болю крыўдна, што дзеці дрэнна ведаюць родную мову. Нехта схільны вінаваціць у тым бацькоў ды настаўнікаў. Мне ж здаецца, што віна тут усіх дарослых, якія пакуль не ўсвядомілі сябе сапраўднымі беларусамі.

Наталля Сівак,

Чэрвеньскі раён.


...І тады ўсе жанчыны стануць прынцэсамі

Надоечы званю сваяку, віншую з днём нараджэння, хвілін праз колькі пытаюся, што ў яго новага? «Дык жа падарунак! — хваліцца Міша. — Дзеці скінуліся і купілі мне робат-пыласос! Такая штуковіна!.. Учора дзве гадзіны за ім сачылі — і смяяліся, і любаваліся...»

Настрой сваяка зразумець няцяжка, да таго ж калі ведаць, што жонка ў яго даўно хварэе, што ўсю так званую жаночую работу ён робіць сам, хоць, мякка кажучы, і не любіць. Казаў, што машыну дроў яму пакалоць лягчэй, чым вазіцца з нейкім баршчом ці катлетамі!

Я гэта ведала і разумела, а вось такой штуковіны, як робат-пыласос, не бачыла ні разу. Так што папрасіла Мішу расказаць, у чым яго перавагі. «Дык слухай, — з ахвотай згадзіўся сваяк. — Спачатку той робат абследуе контуры пакояў дома. Потым ты задаеш яму праграму, і ён пачынае працаваць. Можна заказаць вільготную прыборку, можна — чыстку ў адным нейкім куце... Ён зробіць... І так цікава за ім назіраць! Як аб'язджае ножкі крэслаў, як мые пад ложкам і вакол яго, як чысціць дываны, як сам і ў належным месцы выгружае смецце, нават размаўляе, як чалавек! Можа сказаць: «Мала вады». Значыць, трэба вядро паставіць, каб загрузіўся... А калі ўсё добра, можна і аднаго пакінуць: назіраць за работай па камп'ютары.

А можна даць каманду, каб прыбраў толькі адзін пакой, а самому ў гэты час паехаць у краму. Карацей, на цэлы вечар пацехі было!» — падсумаваў сваяк і на гэтым не спыніўся. Сказаў: «Ведаеш, так добра, калі ў хаце ёсць з кім пагаварыць! Вось і той жа мультыварцы задаеш задачу, яна ўсё зробіць і адрапартуе. Наколькі чалавеку лягчэй, — нават не ўяўляеш!»

...Калі не ведаеш, то і сапраўды. Помню, гадоў 20 таму цётка расказвала, як купіла пральную машыну-аўтамат. Амаль даслоўна: «Ды такую ж разумніцу! Такую малайчынку! Яна ж і памые ўсё, і прапалошча, і адцісне!.. Я кожны разок ёй кнопачкі пагладжу-падзякую — працаўнічцы маёй!»

А ў брата гадоў сем таму з'явілася машына для мыцця посуду. Казаў, іх старую цукерніцу з узорыстым малюнкам адмыла так, што ледзьве
пазналі, хоць перад гэтым збіраліся выкінуць... І астатні посуд — каструлі, патэльні, шклянкі — усё цяпер блішчыць ды ззяе чысцінёй!

Што на гэта сказаць? Што жыццё не стаіць на месцы? Што гадоў праз колькі мы перастанем здзіўляцца і робату-пыласосу, і робату-афіцыянту, што пры жаданні на хаду, на вуліцах, у спецыяльных кабінках зможам прыняць душ, зрабіць прычоску, за лічаныя хвіліны памыць адзенне?

Прагрэс, адным словам!

І радасна ад яго, і трошкі страшна: не дай бог нашы хлопцы ды мужчыны жаніцца перастануць?

Ці наадварот — не трэба аб гэтым непакоіцца? Маючы такіх вось робатаў-памочнікаў, любая жонка зможа і жыць, і выглядаць прынцэсай.

Валянціна Бобрык,

г. Івацэвічы.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.