Вы тут

Салон клапатлівых, альбо пра кошт і цану нашага мастацтва


Чаго больш за ўсё не хапае моладзі для поўнага шчасця? Грошай — першае (і не самае арыгінальнае), што прыходзіць на думку, калі завітваеш на выстаўку-продаж твораў маладых мастакоў «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам — 2021». Але тут самае галоўнае не забываць пра тое, што першае ўражанне бывае падманлівым. Праўда, аматары гэтых выставак ужо даўно ведаюць, што лічбы побач з творамі — гэта не нумары тэлефонаў. Прытым спецыялісты не губляюць імпэту разважаць пра каштоўнасць мастацтва (калі гэта мастацтва). А маладыя мастакі, паставіўшы нясціплыя (па абывацельскіх мерках) лічбы каля сваіх работ, пры гэтым, як ні дзіўна, спрабуюць даказаць: не ў грошах шчасце. А ў чым тады? — і тут ёсць вырыянты. Іх пошук стаў сёлета асаблівым клопатам аўтараў, якія прайшлі адбор журы і атрымалі магчымасць выставіцца ў Палацы мастацтва. Такім чынам, адчуваем некалькі поглядаў на шчасце...


1. Прафесійны

Любімая справа — клопат першы і галоўны для тых, хто выбірае творчыя прафесіі. І для маладых мастакоў адпаведна. Бо калі яны тут (а некаторыя ўдзельнічаюць рэгулярна, пастаянна, пакуль дазваляе ўзрост ад 18 да 40 гадоў), гэта значыць, для іх важная магчымасць ствараць і яны вельмі імкнуцца знайсці сваю публіку. Дарэчы, неабавязкова маладую — сведчыць цікавасць да выстаўкі з боку прадстаўнікоў розных пакаленняў, якія сочаць за праектам з самай першай выстаўкі.

— Вельмі прыемна, што сёлета шмат маладых мастакоў даслалі свае прапановы, свае творы, імкнуліся стаць удзельнікамі гэтага мастацкага праекта, — адзначае кандыдат мастацтвазнаўства і адзін з арганізатараў выстаўкі Аляксандр Зіменка. — Калі ў 2015 годзе пачынаўся першы «Восеньскі салон», то напачатку гэта было хутчэй жаданне мець у Мінску такую пляцоўку, якая давала б магчымасць сустракацца мастакам, прафесіяналам, аматарам мастацтва і людзям, якія яго для сябе адкрываюць. Мінула шэсць «Салонаў» — цяпер мы ладзім сёмы і бачым, што сустракацца тут стала для нас добрай звычкай.

Сёлета арганізатары атрымалі амаль дзевяць соцень лістоў ад мастакоў. На выстаўцы-продажы ў Палацы мастацтва прадстаўленыя 420 твораў 178 аўтараў, з якімі можна пазнаёміцца да канца кастрычніка. І не толькі пазнаёміцца, але і, можа быць, паўплываць на чыйсьці творчы лёс: звычайна на «Восеньскіх салонах» выбіраюць пераможцаў, якія атрымліваюць пэўныя матэрыяльныя выгоды. Гледачы таксама раней маглі паўплываць на вынік праз галасаванне за аўтараў, якія спадабаліся. Цяпер задача для гледачоў ускладняецца: трэба не проста напісаць тры прозвішчы мастакоў, чые творы ўразілі, але і адзначыць іх баламі ад аднага да трох. Гэта значыць, выстаўку прыйдзецца глядзець пільна і вельмі добра падумаць, чые творы найбольш падабаюцца/уражваюць.

2. Атмасферны

«Восеньскі салон» — гэта знаёмства не толькі з аўтарамі, але ў нейкім сэнсе і з самімі сабой. І гэта яшчэ адзін важны клопат, адчувальны. Партрэты (часам нават надзвычай рэалістычныя), пейзажы (о, родныя краявіды, якое без вас жыццё?!), абстрактныя работы, арт-аб'екты, відэааарт — ва ўсім ёсць адбітак энергіі, у якой мы варымся. На жаль, у мастацкіх твораў немагчыма памераць пульс, а то было б цікава назіраць, як пры аглядзе выстаўкі лінія ідзе стабільна роўна — работы ў правераных традыцыйных тэхніках, — але гэта славуты грунт беларускага мастацтва, у якім адчуваецца пэўны настрой. І сёлета ў выставачнай прасторы ён адыгрывае сваю знакавую ролю. Але ідзеш далей, і час ад часу рыска пульса скокне ўверх: небанальны твор, і думка пульсуе, каб яго расчытаць. Бо цяпер творца можа ствараць вобраз не толькі фарбамі, але і пры дапамозе падручных сродкаў, напрыклад, пластыкавых пакетаў, бінтоў, прутоў і іншых матэрыялаў, якія яшчэ не так даўно складана было б аднесці да сродкаў мастацкага выяўлення. Але жыццё падкідвае ідэі творцам, а яны як радары ўлоўліваюць іх і трансфармуюць у творы, падобныя на згусткі энергіі. І гэта можа быць не толькі арыгінальна, трапна, разумна. Гэта можа быць эфектна і прыгожа. Не кажу пра тое, што карысна. Пагадзіцеся, больш прыемна бачыць не бездакорна роўную лінію сэрцабіцця альбо ўсё ж з перыядычнымі ўсплёскамі. Што гэта значыць, мы ж усе разумеем: дзе б'ецца пульс, там ёсць жыццё.

— У Палацы мастацтва можна не толькі паглядзець на саміх сябе, але і ўбачыць выдатны зрэз мастацкіх твораў у розных жанрах і кірунках, — адзначае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч: — Тут мы даём магчымасць гаварыць моладзі. І гэта вельмі здорава, таму што сябе паказвае новае пакаленне, а мы можам прачытаць яго думкі.

— Натхняе, што ёсць моладзь, якая робіць адкрыцці, імправізуе, — пагадзіўся намеснік па выставачнай дзейнасці Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга. — Хачу нагадаць, што праз некалькі гадоў мы пачнём жыць у другой чвэрці ХХІ стагоддзя, а гэта выклік.

3. Перспектыўны

— «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» за час свайго існавання ператварыўся ў буйны выставачны праект года ў Рэспубліцы Беларусь, — адзначае дырэктар Палаца мастацтва Аляксандр Зінкевіч. — Асноўная задача — адкрываць новыя імёны і даваць старт іх творчасці. Кожны раз мы на трэць абнаўляем гэты спіс. Праз «салон» ужо прайшло больш за 3,5 тысячы заявак маладых мастакоў. За гэтыя сем гадоў выставілася амаль тысяча аўтараў, а гэта ўнікальны набытак і падстава для гонару, што творчая актыўнасць у Беларусі ўзрастае.

Але не менш важны клопат — публіка, яе ўключанасць у мастацтва, імкненне да гармоніі. І задачу па выхаванні густу ніхто не адмяняе. Ды і мастакі, як бы ні імкнуліся да самавыяўлення, скіраваныя на публіку. Яны не ствараюць «для сябе». Гэта вельмі адчуваецца па работах на выстаўцы: тых, якія прызваныя спадабацца (і быць прададзенымі), і тых, якія падобныя на згусткі чыстай энергіі і задаюць тон усёй выстаўкі, і па тых, якія фарміруюць настрой, нагадваючы што мы ўсе — жывыя людзі са саімі марам, памкненнямі, надзеямі. Галоўная з іх — захаваць сябе для будучыні, паказаць, наколькі плённым можа быць шлях самаразвіцця, асабліва калі ён памножаны на безліч падобных шляхоў. Тады перспектыва адкрываецца не аднаму, не двум. Клопат пра перспектыву яднае людзей. Такім чынам, клопат пра перспектыву мастацтва важны не толькі для мастацтва.

Паводле арганізатараў, папярэднюю вялікую выстаўку ў Палацы мастацтва «Арт-Мінск» наведала 28,5 тысячы гледачоў: нам гэта патрэбна. Істотная падрымка і матывацыя, каб далей ладзіць падобыя мерапрыемствы. Удзел у такіх вялікіх праектах, як «Арт-Мінск» і «Восеньскі салон» — выклік для мастакоў, каб быць у тонусе і развівацца. Гэта праява энергіі жыцця — што можа быць больш каштоўным?

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.