Вы тут

Умець спраўляцца з мацярынствам варта з падлеткавага ўзросту


Каля 30 % жанчын сутыкаецца з тымі ці іншымі пасляродавымі расстройствамі. Каб папярэдзіць гэтыя праблемы, да родаў і пасляродавага перыяду варта рыхтавацца. Што важна ведаць, расказалі спецыялісты.


Фота: pixabay.com

— У нашай краіне амаль у кожным горадзе працуе камерцыйная школа мацярынства. Усе бацькі павінны прайсці праз гэту школу, бо яна зніжае колькасць пасляродавых расстройстваў прыкладна напалову, — выказала меркаванне старшыня Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля», кавалер ордэна Маці Вераніка Сярдзюк. — Добра, што ў дзяржаўных медустановах кожная цяжарная праходзіць дзве і больш адукацыйныя лекцыі па грудным кармленні і пасляродавым перыядзе. Іх праводзяць урачы жаночых кансультацый. Выдатна, што ў нас ёсць адна бясплатная кансультацыя прэнатальнага псіхолага, дзе з дапамогай арт-терапіі і розных тэхнік жанчына можа паглядзець, як яна прымае цяжарнасць, і псіхалагічна падрыхтавацца да нараджэння дзіцяці.

Некалькі школ для бацькоў працуе ў інтэрнэце, у прыватнасці «Мама-Pro» і «МамЭксперт», там заняткі таксама вядуць урачы. Ёсць задумка стварыць такую школу і ў «Матулі», дзе дзяліцца досведам будуць жанчыны, якія неаднаразова прайшлі шлях мацярынства і з'яўляюцца шматдзетнымі маці.

— Паводле нашага даследавання перадабортнага кансультавання, каля 10 % жанчын ідзе на перарыванне цяжарнасці, бо стаміліся ад мацярынства. Яны прайшлі яго з адным ці двума дзецьмі, аднак не справіліся з гэтым вопытам і не хочуць яго паўтарыць. Таму ў якасці прэвентыўных мер варта ствараць такія школы, якія будуць расказваць не толькі пра роды, але і пра тое, як справіцца з мацярынствам далей, як арганізаваць сям'ю з двума, трыма і больш дзецьмі, — падзялілася Вераніка Сярдзюк.

У «Матулі» таксама праводзіцца работа па пасляродавых расстройствах, распрацаваны інструкцыя і тэхнікі, як маме дапамагчы сабе самой, бо пасля родаў, як правіла, уся ўвага накіравана на малога, а мама застаецца сам-насам са сваімі праблемамі. Акрамя таго, працуе праект «Еве — 13» па захаванні рэпрадуктыўнага здароўя дзяўчат — гэта курс адукацыйных лекцый для падлеткаў.

Іх комплекснай сексуальнай адукацыяй займаюцца і цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў, яны працуюць на базе ўстаноў аховы здароўя. У Беларусі іх 56. Сюды звяртаюцца падлеткі і моладзь да 21 года. У цэнтрах кансультуюць урачы розных спецыяльнасцяў: акушэры-гінеколагі, педыятры, валеолагі, скурвенеролагі, псіхолагі. Падрыхтоўка маладых людзей да сямейнага жыцця з'яўляецца адным з напрамкаў работы. Праводзяцца інфармацыйна-адукацыйныя мерапрыемствы, папулярызацыя здаровага спосабу жыцця, індывідуальнае і групавое кансультаванне па пытаннях псіхасексуальнага развіцця і рэпрадуктыўнага здароўя.

Распрацаваны і рэалізоўваюцца праграмы для падлеткаў з 10 да 21 года, а таксама для бацькоў і педагогаў. З кастрычніка 2020 года цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў, удзельнічаюць у праграме Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА па пашырэнні магчымасцяў маладых людзей у галіне здаровага спосабу жыцця, якая дзейнічае ў 17 краінах. Міжнародны праект накіраваны на папулярызацыю здаровага спосабу жыцця сярод моладзі, на захаванне рэпрадуктыўнага здароўя, прафілактыку ВІЧ-інфекцыі і іншых сацыяльна значных хвароб. Ён разлічаны на тры гады.

Паводле інфармацыі загадчыка маніторынгавага інфармацыйна-метадычнага аддзялення дзіцячага здароўя РНПЦ «Маці і дзіця» Алены Фацеевай, за шэсць месяцаў 2021 года ў такія цэнтры падлеткі звярталіся каля 45 тысяч разоў, найчасцей — да гінеколагаў (амаль 40 % зваротаў). З пытаннямі аб рэпрадуктыўным здароўі да спецыялістаў цэнтра звярнулася каля 16 тысяч маладых людзей, прычым больш за 80 % пытанняў было адрасавана зноў жа ўрачам-гінеколагам. Найбольш часта цікавіліся анатоміяй і фізіялогіяй рэпрадуктыўнай сістэмы, палавым выспяваннем, засцярогай ад інфекцый, цяжарнасцю.

Яшчэ адзін кірунак для будучых бацькоў — прафілактыка дзіцячага траўматызму. З 2017 года ў Беларусі ствараюцца мадэльныя цэнтры па навучанні дарослых асновам бяспекі дзяцей. У цяперашні час функцыянуе 21 такі мабільны цэнтр ва ўсіх рэгіёнах краіны. За шэсць месяцаў гэтага года ў іх прайшло навучанне каля васьмі тысяч чалавек.

Алена Фацеева пералічыла, што важна зрабіць маладым людзям, якія рыхтуюцца стаць бацькамі. Неабходна сабраць інфармацыю пра хранічныя хваробы, парокі развіцця, выпадкі невыношвання цяжарнасці. Калі ў сям'і маюць хранічныя хваробы, варта звярнуцца да генетыка па інфармацыю наконт магчымых паталогій будучага дзіцяці. Таксама неабходнае абследаванне будучай мамы ў гінеколага, УГД плода па рэкамендацыях спецыяліста, акрамя таго, пажадана вызначыць рызыку ўзнікнення сіндрому Даўна.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.