Вы тут

Кітай мае намер прадоўжыць праекты ў ініцыятыве «Адзін пояс, адзін шлях»


Кітай мае намер разам з Беларуссю прадоўжыць рэалізацыю сумесных высокаэфектыўных праектаў у рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», а таксама пастаянна ўмацоўваць супрацоўніцтва ў галіне лічбавай эканомікі. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Се СЯАЮН на цырымоніі адкрыцця праграмы «Насенне будучыні — 2021», якая прайшла ў анлайн-фармаце, паведаміла БелТА.


Фота: БелТА

«З моманту свайго запуску ў 2014 годзе праграма паспяхова праводзіцца ў Беларусі ўжо шэсць гадоў запар, — адзначыў дыпламат. — На фоне чарговага пагаршэння эпідэмічнай сітуацыі кампанія вырашыла правесці праграму ў анлайн-фармаце, што ў поўнай меры адлюстроўвае адказнае стаўленне да здароўя і бяспекі навучэнцаў». Пасол падкрэсліў важнасць ажыццяўлення ва ўзаемадзеянні з міністэрствамі сувязі і інфарматызацыі, адукацыі гэтай навучальнай праграмы кампаніяй Huaweі ў Беларусі. Праграма накіравана на перадачу перадавых ведаў, развіццё талентаў у галіне ІКТ і садзейнічанне развіццю лічбавай эканомікі краіны.

Се Сяаюн звярнуў увагу, што нядаўна старшыня КНР Сі Цзіньпін на Юбілейнай канферэнцыі з нагоды 50-годдзя з дня аднаўлення законнага месца краіны ў ААН адзначыў прыхільнасць кітайскага народа да сумеснага развіцця, аказання дапамогі краінам, якія сталі на шлях развіцця, і пастаяннага прадастаўлення новых магчымасцяў для свету шляхам развіцця Кітая. «Цяпер кітайска-беларускія адносіны даверлівага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва падтрымліваюць стабільную дынаміку развіцця на высокім узроўні. А супрацоўніцтва ў розных галінах дае плённыя вынікі, — адзначыў кіраўнік дыпламатычнай місіі. — Кітайскі бок гатовы разам з беларускім прадаўжаць пашыраць высокаэфектыўныя сумесныя праекты ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», а таксама пастаянна ўмацоўваць супрацоўніцтва ў галіне лічбавай эканомікі і надаваць новы імпульс далейшаму ўмацаванню дружалюбных адносін паміж дзвюма дзяржавамі».

Дыпламат сказаў, што надышла эра глабальнай лічбавай эканомікі і ў будучым навукаёмістая інфармацыйная індустрыя стане вядучай галіной. У сувязі з гэтым пасол звярнуў увагу, што кампанія Huaweі адказна працуе на беларускім рынку на працягу 20 гадоў, уносіць свой уклад у развіццё штучнага інтэлекту, інтэрнэту рэчаў, 5G і іншых тэхналагічных распрацовак. Яна адкрыла вучэбныя цэнтры ў беларускіх універсітэтах і на сённяшні дзень навучыла больш за дзве тысячы маладых беларускіх талентаў. «З радасцю адзначу, што адабраныя для праграмы навучэнцы прадстаўляюць сем беларускіх ВНУ», — падкрэсліў ён.

У сваю чаргу, дырэктар ТАА «Бел Хуавэй Тэхноладжыс» Ван Чэнь расказаў, што ў чэрвені 2021 года падчас форуму «ТІБО» была праведзена цырымонія запуску праграмы «Насенне будучыні» і праз чатыры месяцы адборачных этапаў 20 удзельнікаў прайшлі ў фінал. «Беларусь мае вельмі добрую навуковую базу і асяроддзе для развіцця талентаў, — лічыць ён. — Мы аддаём асаблівую ўвагу навучанню таленавітай моладзі ў сферы ІКТ у Беларусі. Штогод у рамках флагманскай праграмы «Насенне будучыні», міжнароднага ІКТ-конкурсу, спаборніцтваў мы ствараем магчымасці для адабраных на розных узроўнях маладых спецыялістаў для міжкультурнага абмену і навучання ў Кітаі. У той жа час, самыя таленавітыя юнакі і дзяўчаты атрымліваюць магчымасць прайсці стажыроўку ў нашай кампаніі».

Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін ШУЛЬГАН падкрэсліў, што дадзеная праграма з'яўляецца важнай для беларускага боку. Ён сказаў, што ў Беларусі выбудавана сістэма якаснай падрыхтоўкі студэнтаў, а кітайскі бок дае дадатковыя магчымасці для навучання ў канкрэтнай галіне. Кіраўнік ведамства выказаў упэўненасць, што атрыманыя веды юнакі і дзяўчаты змогуць выкарыстаць на карысць развіцця нашай дзяржавы. Канстанцін Шульган звярнуў увагу: у перыяд эпідэміі Беларусь і Кітай пацвердзілі сапраўдную дружбу, што выяўляецца на ўсіх узроўнях.

Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА назваў эфектыўным узаемадзеянне з кітайскай кампаніяй. Дзякуючы рэалізацыі адукацыйнай праграмы студэнты маюць магчымасць пабываць у штаб-кватэры Huaweі ў Кітаі, папрацаваць на самым сучасным абсталяванні ў інавацыйных лабараторыях. Ён звярнуў увагу, што прызёры і пераможцы праграмы затым працягваюць сваё навучанне і працоўную дзейнасць у Беларусі. «Калі ў 2019 годзе пераможцамі і лаўрэатамі праграмы сталі дзесяць студэнтаў з дзвюх ВНУ, то ў 2020 годзе — 30 студэнтаў з васьмі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Праграмы праекта садзейнічаюць умацаванню адукацыйных сувязяў паміж Беларуссю і КНР, а таксама сведчаць аб высокай сацыяльнай адказнасці кампаніі», — адзначыў міністр. Ён пажадаў усім удзельнікам праграмы новых эфектыўных рашэнняў у сферы ІКТ.

Сёлета фіналістамі адборачнага тура сталі студэнты сямі беларускіх ВНУ. У прыватнасці, гэта БДУ, БНТУ, БДУІР, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Францыска Скарыны, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Пераможцы змогуць узяць удзел у васьмідзённай праграме, якая арганізавана на 1—8 лістапада. Іх чакаюць праходжанне курсаў па 5G, воблачных вылічэннях; знаёмства з традыцыйным і сучасным Кітаем шляхам віртуальных экскурсій; лекцыі і семінары з экспертамі кампаніі; інтэрактыўныя заняткі з групавымі дыскусіямі, дэбаты, дыялогі за круглым сталом; удзел у групавым праекце Tech4Good; віртуальнае наведванне выставачных залаў, кампусаў і інавацыйных цэнтраў.

Глабальная кітайская праграма «Насенне будучыні» была заснавана ў 2008 годзе. У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі больш як 500 вядучых ВНУ свету, якія навучаюцца па тэхнічных спецыяльнасцях і цікавяцца тэлекамунікацыямі. За ўвесь час дзеяння праграмы яе прайшло звыш 30 тысяч чалавек з больш як 126 краін свету.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.