Вы тут

Маёмасныя падаткі трэба заплаціць да 15 лістапада


Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Кацярына Зарэцкая. Прадстаўнік міністэрства спачатку нагадала, хто павінен выплачваць падатак на нерухомасць. Гэта грамадзяне нашай краіны, альбо падданыя замежнай дзяржавы і асобы без грамадзянства, якія на тэрыторыі Беларусі маюць аб’екты нерухомасці: на праве ўласнасці, прынятыя па спадчыне, таксама не завершаныя будаўніцтвам або ўзятыя ў фінансавую арэнду.


Фота: pixabay.com

Больш за 215 тысяч чалавек валодаюць больш чым адной кватэрай

У асноўным стаўка падатку на нерухомасць прадстаўляецца ў памеры 0,1 % ад кошту аб’екта, але... У дачыненні да жылых памяшканняў у шматкватэрных ці блакіраваных жылых дамах для фізічных асоб, якія маюць два і больш жылых памяшканняў прымяняецца стаўка ў памеры 0,2 % ад кошту. Дарэчы, стаўкі падатку на нерухомасць могуць павялічвацца або памяншацца рашэннямі мясцовых Саветаў дэпутатаў (але не больш, чым у два разы). Напрыклад, у Мінску стаўка падатку за другую кватэру (сярэднюю, двухпакаёвую) складае 240–260 рублёў у год.

«Па справаздачных даных, у цяперашні час у Беларусі двума і больш кватэрамі валодаюць больш за 215 тысяч фізічных асоб», — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення Міністэрства.

Хто ад падатку вызвалены?

А наогул, у нашай краіне існуе дастатковая колькасць катэгорый грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты падатку на нерухомасць. Кацярына Зарэцкая адзначыла, што на дадзены момант ад выплаты падатку на нерухомасць вызваляюцца тыя фізічныя асобы, якім належыць толькі адна кватэра. Людзі, якія валодаюць двума і больш кватэрамі, не абкладаюцца падаткам на нерухомасць у дачыненні да аднаго аб’екта нерухомасці. Другі і наступны абкладаюцца падаткам. Пры гэтым права выбару кватэры, якая будзе вызваляцца ад аплаты падатку на нерухомасць, ускладаецца на самога плацельшчыка. Такі выбар ён можа ажыццявіць, падаўшы апавяшчэнне ў падатковы орган.

Таксама не плацяць маёмасны падатак і пенсіянеры па ўзросце. Яны вызваляюцца ад аплаты падатку на нерухомасць у дачыненні да жылых дамоў, гаражоў, садовых домікаў, дач і машына-месцаў, але... Пры аплаце падатку на нерухомасць вызваляюцца толькі тыя жылыя дамы, у якіх не зарэгістраваныя працаздольныя асобы. Таксама спецыяліст звяртае ўвагу на тое, што пенсіянеры, як і астатнія фізічныя асобы, вызваляюцца ад падатку толькі ў дачыненні да адной кватэры, якая ім належыць.

Падатковую льготу маюць і члены шматдзетнай сям’і. Такія асобы вызваляюцца ад аплаты падатку за любыя аб’екты, якія ім належаць, такія як жылыя дамы, кватэры, садовыя домікі, дачы, гаражы і машына-месцы.

Не плацяць падатак на нерухомасць і фізічныя асобы, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Дадзеныя грамадзяне павінны працаваць у пэўных арганізацыях, размешчаных у сельскай мясцовасці. Такім людзям ільготы па падатку на нерухомасць прадастаўляюцца ў дачыненні аб’ектаў, размешчаных у сельскай мясцовасці.

І яшчэ. Шэрагу фізічных асоб ільготы па падатку на нерухомасць могуць прадастаўляцца па рашэнні мясцовых выканаўчых камітэтаў у сувязі са знаходжаннем гэтых людзей у цяжкіх жыццёвых абставінах. Каб атрымаць такую льготу, чалавек павінен звярнуцца ў мясцовы выканкам.

Ільготы па зямельным падатку падобныя з пералікам ільгот па падатку на нерухомасць. Гэта таксама вызваленне ад аплаты зямельнага падатку пенсіянераў па ўзросце, членаў шматдзетных сем’яў, асоб, якія з’яўляюцца інвалідамі 1, 2 групы, недзеяздольных асоб і іншых. Ільгота прадастаўляецца толькі ў дачыненні да зямельных участкаў, якія выкарыстоўваюцца імі ў асабістых мэтах.

Маёмасны падатак дадае 7 % штогод

А і напраўду цікава, колькі ж збіраецца з дапамогай двух падаткаў? У мінулым годзе да аплаты было прад’яўлена каля 60 млн рублёў падатку на нерухомасць і 27 млн рублёў — зямельнага падатку. Як аказалася, штогод агульная сума аплачаных падаткаў расце прыкладна на 7 %. Працэнт добраахвотнай выплаты падаткаў даволі высокі — больш за 99 %. За 9 месяцаў 2021 года прад’яўлена да аплаты 65 млн рублёў падатку на нерухомасць і 28 млн рублёў — зямельнага падатку. Істотнае павелічэнне сумы падатку на нерухомасць — гэта як вынік павышэння ставак падатку, ці мы сапраўды сталі набываць больш дарагую нерухомасць? Ісціна дзесьці побач.

Падатковая база можа павялічыцца на 1,5 млн уласнікаў

Калі мы гаворым пра тых гарадскіх жыхароў, якім належыць толькі адна кватэра, то ў дачыненні да іх падатковую льготу могуць з часам прыбраць.

Варта нагадаць, што праект Падатковага кодэкса на 2022 год змяшчае прапанову аб адмене падатковай ільготы для ўласнікаў жылых памяшканняў у шматкватэрных дамах з мэтай «выраўноўвання ўмоў для ўладальнікаў кватэр і індывідуальных жылых дамоў».

Адмена ў Беларусі падатковай ільготы на першыя кватэры прывядзе да істотнага росту плацельшчыкаў падатку на нерухомасць. Калі папраўкі аб увядзенні ўсеагульнага падатку на нерухомасць будуць прынятыя, то плаціць яго стануць на 1,5 млн беларусаў больш. Менавіта такая колькасць чалавек валодаюць толькі адной кватэрай і да нядаўняга часу не плацілі за яе падатак, хоць ніякіх дадатковых ільгот не мелі.

«Але хацелася б падкрэсліць, што законапраект яшчэ не прыняты, таму казаць аб прыняцці канчатковага рашэння яшчэ рана», — падкрэсліла Кацярына Зарэцкая.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.