Вы тут

У «чырвоных зонах» бальніцах Гомельшчыны пачалі скарачаць колькасць ложкаў


Пераразмеркаванне сіл дазволіць медыкам пашырыць прыём планавых пацыентаў. З пачатку пандэміі для лячэння COVІD-19 у рэгіёне было адведзена амаль 40 % ложкаў усяго фонду медустаноў. Па інфармацыі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама, зараз колькасць хворых на каранавірус у вобласці змяншаецца. У сувязі з гэтым прынята рашэнне частку ложкаў у медустановах вяртаць для аказання планавай медыцынскай дапамогі.


Гомельская абласная клінічная бальніца.

Так, у стацыянарах Гомельскай вобласці да канца гэтага тыдня вернуць да аказання планавага лячэння пацыентаў больш як 360 месцаў у аддзяленнях.

Выводзіць ложкі з «чырвонай зоны» адной з першых пачала Гомельская абласная клінічная бальніца. Для жыхароў рэгіёна гэта ўстанова аховы здароўя, вядома, — тэрыторыя выратавання. Сюды дастаўляюць і з вострымі захворваннямі, і планавых пацыентаў з розных куткоў Гомельшчыны.

— У пандэмію для лячэння пацыентаў з COVІD-19 было перапрафілявана 15 % ложкаў медустановы, — адзначыў галоўны ўрач Гомельскай абласной клінічнай бальніцы Уладзімір Бугакаў. — Аднак пры гэтым мы не спынялі аказанне планавай меддапамогі тым, хто мае патрэбу. Гэта шэраг напрамкаў хірургічнага профілю, тэрапеўтычнага, рэўматалагічнага, алергалагічнага.

Галоўны ўрач Гомельскага абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны Алег Іванцоў прыняў сертыфікат на набыццё канцэнтратараў ад кіраўніцтва прадпрыемства «DELCOM40».

Ужо ў канцы мінулага тыдня да аказання профільнай дапамогі ў бальніцы вярнулася аддзяленне неўралогіі, якое дагэтуль было задзейнічана для лячэння хворых на каранавірус. З панядзелка яно працуе ў планавым штатным рэжыме. На бягучым тыдні таксама для аказання планавай дапамогі жыхаркам Гомеля і вобласці вернуць аддзяленне гінекалогіі.

Як было адзначана ў галоўным упраўленні аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама, каля 50 месцаў тэрапеўтычных аддзяленняў Жыткавіцкай, Добрушскай, Хойніцкай і Лельчыцкай бальніц вернуцца да звыклага рэжыму работы. Пад планавую меддапамогу перапрафілююць звыш 30 месцаў у хірургічных аддзяленнях бальніц Нароўлі і Мазыра, а таксама 65 акушэрска-гінекалагічных ложкаў у Брагінскай, Рагачоўскай і Светлагорскай ЦРБ. Скароцяць колькасць ложкаў «чырвонай зоны» і ў асобных аддзяленнях бальніц у Ветцы, Калінкавічах, Лельчыцах і Жлобіне.


У тэму:

Прадпрыемствы і арганізацыі Гомельшчыны працягваюць падтрымліваць медыкаў у іх складанай рабоце ў час пандэміі. Адзін з апошніх прыкладаў — аказанне спонсарскай дапамогі для набыцця 11 сучасных кіслародных канцэнтратараў Гомельскаму абласному клінічнаму шпіталю інвалідаў Айчыннай вайны. Сертыфікат на 20 тысяч долараў для набыцця абсталявання перадало прадпрыемства «DELCOM40». Як адзначыў галоўны ўрач шпіталя Алег Іванцоў, кіслародныя канцэнтратары высокай магутнасці, самыя сучасныя на дадзены момант, дапамогуць больш якасна аказваць дапамогу пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, якія паступаюць з пнеўманіямі.

Да гэтага ў шпіталі выкарыстоўвалі каля 10 канцэнтратараў, аднак усе яны меншай магутнасці. Новыя мабільныя апараты валодаюць высокім патокам кіслароду (10 літраў у хвіліну), працуюць ад сеткі, што дапамагае лёгка транспартаваць абсталяванне ў любую палату. Сёння ў шпіталі для аказання высокакваліфікаванай меддапамогі хворым з каранавіруснай інфекцыяй адведзены асобны корпус на 250 ложкаў і 12 ложкаў рэанімацыі. З пачатку пандэміі медустанове аказваецца ўсебаковая падтрымка ад абласных і гарадскіх улад, прадпрыемстваў і прыватных кампаній Гомеля.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Чырвоныя» здаюць пазіцыі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.