Вы тут

Як Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў натхняе жыхароў на навядзенне прыгажосці


У апошнюю пятніцу кастрычніка адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу ініцыятыў з уручэннем падарачных сертыфікатаў. Сёлета на сходзе Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў было прынята рашэнне падтрымаць ужо рэалізаваныя грамадскія ініцыятывы, каб заахвоціць насельніцтва. Па словах дырэктара асацыяцыі Паліны Церашковай, на конкурс паступіла 12 заявак. Тром пераможцам — з Глуска, Краснаполля і Круглага — асацыяцыя ўручыла сертыфікаты на тры тысячы, дзве і паўтары тысячы рублёў адпаведна. Прэміяльныя бонусы дазваляецца накіраваць у тым ліку і на рэалізаваныя праекты, каб чымсьці іх дапоўніць.


Рамонт дарогі, добраўпарадкаванне дзіцячых пляцовак, месцаў масавага адпачынку, аб'ектаў культуры, стварэнне і развіццё спартыўных аб'ектаў — нагод для вырашэння пытанняў мясцовага значэння з удзелам насельніцтва колькі заўгодна.

— Наша задача — накіраваць грамадскую думку ў патрэбнае рэчышча, — удакладняе старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. — Галоўнае — правільна вызначыцца з надзённай праблемай для канкрэтнай акругі або раёна. Калі пытанне актуальнае, насельніцтва падтрымае яго і фінансава, і фізічна.

Праект па ўстаноўцы вулічных трэнажораў у гарадскім пасёлку Глуск рэалізаваны па ініцыятыве аддзела па адукацыі, спорце і турызму Глускага райвыканкама. Аб неабходнасці мець на тэрыторыі райцэнтра спартыўную пляцоўку з абсталяваннем для дзяцей і дарослых гаварылася неаднойчы. Зараз насельніцтва мае магчымасць падтрымліваць здаровы лад жыцця з дапамогай вулічных трэнажораў. У рэалізацыі праекта прынялі ўдзел пяць дэпутатаў, больш за 20 мясцовых жыхароў і шэсць арганізацый раёна. Абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў выдзеліла на рэалізацыю гэтага праекта 4450 рублёў. Сума суфінансавання ад насельніцтва склала каля 550 рублёў. Для захаванасці абсталявання ад вандалаў і нядобрасумленных грамадзян месца для пляцоўкі падбіралася так, каб быць у зоне сістэмы відэаназірання. Парадак тут падтрымліваюць найбольш актыўныя карыстальнікі з дзіцячай юнацкай спартыўнай школы.

— Праекты для фінансавання мы выбіраем на конкурснай аснове, — удакладняе старшыня асацыяцыі Анатоль Мацюлін. — Галоўнае патрабаванне — яны павінны быць ініцыіраваны жыхарамі, гатовымі прымаць удзел у іх рэалізацыі. Бо першасная задача — не проста падтрымаць добрую ініцыятыву, а ўцягнуць людзей у працэс яе ўвасаблення.

Тры апошнія гады асацыяцыя актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі мясцовых ініцыятыў. За гэты час розныя даплаты на агульную суму 200 тысяч рублёў атрымала 88 мясцовых ініцыятыў.

Дэпутат Краснапольскага райсавета дэпутатаў ад Ціміразеўскай выбарчай акругі № 2 Наталля Герашчанка ініцыіравала праект «Спортлэнд — спорт як гульня!» Нагодай стаў зварот жыхароў падчас сустрэчы на дыялогавай пляцоўцы з кіраўніцтвам раёна. Усе знакавыя спартыўныя аб'екты райцэнтра знаходзяцца аддалена ад мікрараёна, а вось у раёне вуліцы Ціміразева, дом № 38, не было добрай дзіцячай пляцоўкі. Разам з жыхарамі шчыравалі дэпутаты. Фінансавая дапамога асацыяцыі склала 1450 рублёў, плюс прыкладна траціну ад гэтай сумы сабрала насельніцтва. Пляцоўка знаходзіцца пад наглядам Краснапольскага жылкамунгаса.

Прапанова аб адраджэнні месца для адпачынку са спускам да ракі Друць у круглянскім гарадскім скверы была агучана на справаздачнай сесіі Круглянскага райсавета дэпутатаў членам Маладзёжнага парламента, вучаніцай 9 класа сярэдняй школы № 1 Валянцінай Коваль. Гэтая месца адно з самых наведвальных у райцэнтры, на жаль, яму не хапала парадку. Круглянскі райсавет дэпутатаў прапанаваў рэалізаваць праект шляхам максімальнага прыцягнення грамадскасці і арганізацый раёна. У рамках праекта ўстанавілі пастамент пад камень, паклалі тратуарную плітку па перыметры, высадзілі дэкаратыўныя дрэвы і кусты, адрамантавалі танцпляцоўку, зрабілі і ўстанавілі малыя архітэктурныя формы і дзесяць лавак, падстаўкі пад памятныя шыльды, каркас для банераў. А каб нашчадкі не забываліся, што месца трэба берагчы, зрабілі закладку капсулы часу для будучых пакаленняў. У справе прымалі ўдзел болей чым сто чалавек — жыхароў і прадстаўнікоў 12 мясцовых арганізацый.

— Аб'ект абышоўся нам у 22 184 рублі, — удакладніў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Храмцоў. — Магілёўская абласная асацыяцыя перадала на яго 1450 рублёў.

Бонусы ад асацыяцыі

  • 1 месца (3 тысячы рублёў) — ініцыятыва «Устаноўка вулічных трэнажораў у гарадскім пасёлку Глуск».
  • 2 месца (2 тысячы рублёў) — ініцыятыва «Спортлэнд — спорт як гульня!» у Краснаполлі.
  • 3 месца (1,5 тысячы рублёў) — ініцыятыва «Добраўпарадкаванне гарадскога сквера «Спуск да ракі» і касметычны рамонт танцавальнай пляцоўкі» ў Круглым.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў

Загаловак у газеце: Бонусы за актыўнасць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.