Вы тут

Як у Гомельскай вобласці закрываюць аграрны сезон


У апошнія гады капрызы надвор'я значна ўплываюць на сельскую гаспадарку Гомельшчыны. Каб мінімізаваць негатыўныя фактары прыроды, аграрыі рэгіёна імкнуцца шукаць свае падыходы да сістэмы земляробства. Падбор культур, карэкціроўка тэрмінаў сяўбы, павышэнне якасці насеннага матэрыялу і іншыя меры дазваляюць на належным узроўні забяспечваць сыравінай перапрацоўчую галіну, задавальняць патрэбы насельніцтва ў асноўных прадуктах харчавання. Акрамя таго, сёння амаль палова вырабленага на Гомельшчыне харчавання экспартуецца ў шэраг краін свету.


Фота: pixabay.com

Каравай Гомельшчыны

Па выніках сёлетняга аграрнага сезона ў Гомельскай вобласці намалочана ў цэлым звыш дзевяцісот сямідзесяці трох тысяч тон збожжа (з улікам кукурузы). Намалочана амаль 182 тысячы тон кукурузнага збожжа.

— У гэтым сезоне з-за анамальнай спякоты і працяглай засухі не выдужала нават царыца палёў — ураджай ніжэйшы за леташні. Хоць вясной былі даволі добрыя прагнозы па гэтай культуры. Тым не менш, думаю, у кожнай гаспадарцы зроблена ўсё для таго, каб выйсці на добрыя паказчыкі, — адзначыла начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Алена Філіповіч. — На тэрыторыі Гомельскай вобласці знаходзіцца кукуруза-калібровачны завод у ДП «Крынічнае» Мазырскага раёна па вытворчасці гібрыднага насення кукурузы, і ў сямі раёнах вырошчваюцца насенныя пасевы. З агульнага ўраджаю кукурузнага збожжа звыш 15 з паловай тысячы тон зерня будзе выкарыстана як насенны матэрыял. Збожжа ачысцяць, дапрацуюць, і ў наступным годзе гібрыды першага пакалення будуць засяваць на палях рэгіёна і іншых абласцей. Дзяржзаказ па пачатках кукурузы выканалі ўсе гаспадаркі.

Царыца палёў і галоўная кармавая культура

Для аграрыяў Гомельшчыны адна з самых важных задач — забяспечыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы якаснымі кармамі на зіму.

— У гэтым годзе недаатрымалі збожжавых, але змаглі павялічыць запас 234,9 тоны — плюс 118 % да мінулагодняга паказчыка, сенажу — 1243 тысяч тон — плюс 130 % да ўзроўню мінулага года. Для патрэб грамадскага пагалоўя нарыхтавалі 266 тысяч тон канцэнтратаў (91,3 працэнта да мінулага года). План уборкі кукурузы на сілас і зялёны корм у рэгіёне выкананы на 100 %, — падкрэслівае начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства.

Сіласу нарыхтавана 3 мільёны 261 тысяча тон, на адну ўмоўную галаву — 28,77 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў. Сёлета таксама 121 тысяча тон сенажу нарыхтавана ў палімернай упакоўцы.

Другі хлеб

На Гомельшчыне складаным гэты аграрны сезон выдаўся і для бульбы. Другі хлеб быў пасаджаны на 3,2 тысячы гектара, атрымана 52,2 тысячы тон караняплодаў. Лепш за астатнія раёны вобласці ўрадзіла бульба ў Буда-Кашалёўскім і Калінкавіцкім раёнах. Сёлета больш за 7,7 тысячы тон гэтай культуры закладзена ў стабілізацыйны фонд плодаагародніннай прадукцыі рэгіёна.

Устойлівы рынак і сацыяльны аспект

Прынамсі, Гомельшчына — адна з абласцей, якая не знізіла аб'ёмы закладкі стратэгічнага харчовага запасу з прадукцыі айчыннай вытворчасці. Цяпер у рэгіёне працягваецца рэалізацыя сельгаспрацукцыі, у тым ліку ў папулярным фармаце выязнога гандлю. У адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама сёлета ў стабфонды акрамя бульбы закладваецца звыш 10 тысяч тон агародніны, больш як паўтары тысячы тон яблык.

— Кіраўніцтва рэгіёна паставіла задачу сфарміраваць плодаагароднінны запас у вобласці пад поўную патрэбнасць. Менавіта стабфонды гарантавана забяспечаць агароднінай і садавіной айчыннай вытворчасці ўсе сацыяльныя ўстановы — бальніцы, школы, дзіцячыя садкі, дамы састарэлых, — звярнула ўвагу начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама.

Тэхналагічная дысцыпліна

Між тым сёння перад усімі сельгаспрадпрыемствамі рэгіёна стаіць задача завяршыць восеньскія палявыя работы ў аптымальныя тэрміны і са строгім выкананнем тэхналагічных патрабаванняў.

— Для гомельскіх аграрыяў цяпер задача нумар адзін — унесці арганічныя ўгнаенні і якасна ўзняць зябліва, што неабходна зрабіць на плошчы 241 тысячы гектараў, — удакладніла Алена Філіповіч. — Восеньскае ўзворванне зямлі — важнае звяно тэхналагічнага працэсу. Гэта дазваляе вырашыць адразу некалькі задач — захаваць вільгаць у глебе, пазбавіцца пустазелля. Уздым зябліва таксама дае вялікую арганізацыйна-эканамічную перавагу: значна памяншае напружанасць веснавых палявых работ, забяспечвае больш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы, пасеў сельгаскультур у найлепшыя агратэхнічныя тэрміны.

На каго раўняцца

У Камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама ўпэўнены: усе раёны і сельгасвытворцы Гомельшчыны імкнуцца адказна выконваць пастаўленыя перад імі задачы. Асабліва вызначаецца работа працаўнікоў вёскі Мазыршчыны. Гэты раён — адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельгаспрадукцыі, на працягу доўгіх гадоў паказвае вынікі, якія перавышаюць сярэднеабласныя. Хочацца адзначыць саўгас-камбінат «Зара» на Мазыршчыне, «Знамя Радзімы» ў Гомельскім раёне, «Калінінскі» на Добрушчыне, «Палессе-Аграінвест» на Петрыкаўшчыне, рэчыцкага лідара «50 гадоў Кастрычніка», «Ціхінічы» на Рагачоўшчыне і многія іншыя. Выклікаюць гонар гаспадаркі, у якіх паспяхова кіруюць жанчыны: «Отар» і «Звязда» — у Чачэрскім раёне, «Завідаўскае» — у Добрушскім.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: І восеньскі дзень год корміць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.