Вы тут

Тальяцінскія “Дажынкі”


Традыцыю Дажынак, адроджаную ў Беларусі з улікам сучасных рэалій, падхапілі беларусы Тальяці. Цяпер і ў горадзе над Волгай ладзяцца ўвосень прыгожыя тэатралізавана-музычныя імпрэзы з беларускім каларытам.


Людміла Дзёміна спявае песню "Барыня-­спадарыня"

Штогадовыя фестывалі-кірмашы працаўнікоў аграпрамысловага комплексу праводзяцца ў Беларусі з 1996 года. На тых Дажынках, якія з 2014-га ў краіне ладзяцца на раённым і абласным узроўнях, ушаноўваюць лепшых працаўнікоў, найперш тых, хто праявіў сябе на жніве. Святы абласныя пачынаюцца з шэсцяў ганаровых гасцей, дэлегацый ад раёнаў, творчых калектываў. Назва ж фэстаў – Дажынкі – даўняя: раней дажынкі ў вёсках адзначалі, як нівы дажалі.

На свой лад адаптавалі даўнюю традыцыю пад умовы горада сябры з тальяцінскай беларускай суполкі “Нёман”: штогод пякуць смачныя пірагі, ладзяць святочную імпрэзу з песнямі ды танцамі. Нумары, дарэчы, пераважна новыя: тыя, што з’явіліся-выспелі ў “творчым полі” суполкі ды яе партнёрскіх калектываў за апошні год. Вось і сёлета 24 кастрычніка ў Культурным цэнтры “Автоград” прайшло тэатралізаванае музычнае свята “Дажынкі” – паводле ўсіх антыкавідных правілаў. І ў зале былі гледачы строга з QR-кодамі.

Пачалася імпрэза са згадкі пра цану хлеба, ягоную вялікую каштоўнасць у блакадным Ленінградзе. Потым вядучыя Ксенія Соф’іна ды Ірына Булгакава расказалі пра старажытны, язычніцкі беларускі дажыначны абрад – Завіванне Барады. Некаторыя з яго элементаў былі таксама інсцэнаваныя, калі спявалі ўдзельніцы народнага ансамбля беларускай песні “Купалiнка”. На свяце гучалі новыя песні беларускіх паэтаў і кампазітараў: Мікалая Яцкова, Ірыны Раманоўскай і Міхаіла Скрундзя, Аляксандра Шыдлоўскага, Леаніда Захлеўнага і Леаніда Пранчака, Міхаіла Алешкі. А галоўнай фішкай стала песня “Барыня-спадарыня” – спявала нязменная кіраўніца ансамбля й суполкі “Нёман” Людміла Дзёміна, яе падтрымліваў гурт. Практычна ўсе песні былі паказаны ў сцэнічным руху, з “ілюстрацыямі” іх зместу. Прагучалі песні “Мілая вёска”, добра вядомая ў Беларусі “Колькі ў небе зор”, “Сінявокая” ды іншыя. У асноўным – вясёлыя, пазітыўныя, да таго ж артысткі выступалі ў трох камплектах прыгожых сцэнічных касцюмаў. Што, вядома ж, падвышае эстэтычную каштоўнасць сцэнічнай дзеі.

Сноп­-гаспадар – важны сімвал Дажынак

У святочным канцэрце “Дажынкі” таксама паўдзельнічалі ўзорны харэаграфічны ансамбль “Лицей” з Ліцэя мастацтваў (кіраўніцы Ганна Майсеева, Алена Мечава і Ганна Уланава), народны ансамбль танца “Ритм планеты” (кіраўніца Вольга Антонава), салістка ўкраінскага народнага хору “Дніпро” Таццяна Андрэева, сямейны чувашскі дуэт “Хелхем” (“Іскарка”) Зінаіда і Уладзімір Левуковы, з якімі разам выступала Анюта Пятых. Да таго ж вялася відэаздымка, і цяпер асноўны блок святочнага канцэрта можна паглядзець у інтэрнэце https://www.youtube.com/watch?v=yTXLNuMTRGM

Сяргей Шылкін, намеснік старшыні праўлення суполкі “Нёман” па працы з моладдзю і СМІ

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Тальяцінскія “Дажынкі”

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.