Вы тут

У чым адметнасць белага мёду і чаму ён не горшы за натуральны


Некаторыя беларусы, галоўным чынам людзі сталага веку, не прызнаюць гэтага прадукту. Ён здаецца ім ненатуральным, таму нават спрабаваць не хочуць.


Фота аўтара.

Мёд насычана белага колеру з’явіўся ў нашай краіне параўнальна нядаўна — з пачаткам культывавання рапсу, які сталі высейваць у нас 30-35 гадоў таму.

Мёд — мерка працы... агранома?

У 2019 годзе пасевы рапсу занялі ў Беларусі, паводле даных Белстата, 363 тысяч гектараў. Кожная тона атрыманага насення ацэньваецца сёння ў 900-1200 рублёў. З гэтага насення робяць алей да нашага стала і для прамысловых патрэб, а расліну выкарыстоўваюць для вытворчасці аўтамабільнага паліва і корму для жывёлы.

Апыленне рапсу лічыцца неабавязковым. Але пчолы, ахвотна збіраючы яго нектар і пылок, мімаволі дапамагаюць раслінам абменьвацца пылковымі зярнятамі. І тады ўраджайнасць культуры павялічваецца прыкладна на 30 %, што чарговы раз пацвердзіў эксперымент на землях Ждановіцкага агракамбіната. Гэты факт павінен, здавалася б, паўсюдна зблізіць аграрнікаў і пчаляроў: адны, не ўкладаючы дадатковых сіл і сродкаў, атрымліваюць адчувальны дадатак да ўраджаю, іншыя — тоны мёду. Але, відаць, нехта пра гэта не ведае або не рады такой перспектыве. Да таго ж у пчаляроў, якія атрымалі мёд з рапсавых палёў, узнікаюць пэўныя цяжкасці з яго рэалізацыяй.

Ці патрэбны нам рапсавы мёд?

З дадатковым ураджаем рапсу ўсё зразумела: ён патрэбны. А як з рапсавым мёдам? Некаторыя лічаць, што без яго можна абысціся. Гэты прадукт, на іх думку, нясмачны, бедны па складзе, можа ўтрымліваць небяспечныя рэчывы пасля апрацоўкі палёў ад пустазелляў і вусняў-шкоднікаў. Апошні аргумент хэйтараў будзе збольшага справядлівым, калі працаўнікі гаспадарак ігнаруюць санітарныя нормы і інструкцыі па працы з хімікатамі. Тады гінуць пчолы. Мёд ад такіх сем’яў узяць не атрымаецца.

med-honey.by

У шмат якіх краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы рапсавы мёд ужо адносяць да традыцыйных відаў. Яго добра ведаюць, а некаторыя пакупнікі спецыяльна шукаюць. Цана гэтага пчальніковага прадукту можа быць часам нават вышэй за іншыя відаў кветкавага мёду.

Рапсавы мёд хутка крышталізуецца, часам на працягу двух тыдняў ператвараецца ў надзвычай цвёрдую масу. Але з амаль скамянелага прадукту навучыліся рабіць крэм-мёд. У адмысловай прыладзе маса павольна, з паўзамі змешваецца і робіцца далікатнай, паветранай. Паступова рапсавы мёд пакахалі і ў такім, і ў першародным выглядзе.

pbs.twimg.com

Але першыя спажыўцы ў Беларусі былі засмучаны: з трохлітровых слоікаў яго давялося даслоўна выкалупваць. Неўзабаве гурманы ацанілі асаблівы прыемны водар прадукту ў вадкім стане. А зацвярдзелы мёд пры раскладцы ў дробную тару сталі размінаць. У цяпле ён доўга застаецца мяккім і пластычным. Крышталі ў ім практычна адсутнічаюць. Структура амаль маслападобная. Такі мёд лёгка намазаць на батон як пасту. І яго спецыфічны густ з ледзь заўважнай гаркаватасцю шмат каму падабаецца! Не ўсім, зразумела. Але быў выпадак, калі кампанія паспрабавала яго, не ўяўляючы, што гэта зусім за прадукт. Дэгустатары здзівіліся, даведаўшыся, што прыйшоўся ім па смаку той самы нялюбы рапсавы мёд! Цяпер яны яго заказваюць і купляюць.

Рапс і мёд: меркаванні спецыялістаў

Нектар рапсу ўтрымлівае 2,1 % цукрозы, 43,3 % фруктозы, 54,6 % глюкозы. То-бок простыя цукры спрадвечна ёсць у сыравіне для мёду ў вялікай колькасці. Адзін гектар рапсу дае выдатнае сілкаванне чатыром сем’ям пчол. Для эфектыўнага апылення трэба ад 2 да 5 сем’яў на гектар.

beeswiki.com

Вадкі рапсавы мёд звычайна празрысты, саламянага адцення; «той, які сеў» (зацвярдзелы) можа быць зусім белым, злёгку жаўтлявым ці крэмавым. З-за высокай шчыльнасці (масавая доля вады ў спелым прадукце не перавышае звычайна 16 %), а таксама з-за вялікай колькасці пылковых зярнят ён раствараецца ў вадзе горш, чым іншыя мяды.

Расійскія даследчыкі, у прыватнасці, канд. біял. навук Л. А. Бурмістрава і яе калегі, адзначаюць высокую каштоўнасць рапсавага мёду дзякуючы станоўчаму ўплыву яго складнікаў на арганізм чалавека. А па версіі ўкраінскага выдання «Пасiчнiк» (3 (96), сакавік 2012 г.), ён уваходзіць у топ-5 самых карысных відаў. Не будзем спрачацца адносна карысці розных відаў мёду для ўсіх. Але наступная інфармацыя заслугоўвае ўвагі: «...у рапсавым мёдзе ўтрымліваецца бор, які спрыяе аднаўленню касцявой тканкі і нармалізацыі працы шчытавіднай залозы, за кошт чаго гэты гатунак мёду асабліва паказаны жанчынам у клімактэрычны перыяд. Таксама бор карысны для крывяноснай сістэмы і селязёнкі. Унікальны рапсавы мёд і тым, што здольны выводзіць з арганізма злучэнні цяжкіх металаў і прамысловыя яды, таму незаменны ў рацыёне жыхароў мегаполісаў. Ён аказвае гаючы ўплыў на печань і жоўцевыводныя шляхі, лёгкі спазмалітычны эфект выкарыстоўваецца пры лячэнні кашлю. Аднак галоўная каштоўнасць гэтага прадукту — яго рэгенерацыйныя ўласцівасці. Рапсавы мёд спрыяе хуткаму аднаўленню клетак і выкарыстоўваецца для гаення ран і язваў, а таксама для амаладжэння». Вядома, такія карысныя ўласцівасці ў рознай ступені ўласцівыя і іншым відам мёду. Аднак магчымасці рапсавага ў названых выпадках, на думку спецыялістаў, застаюцца неперасягальнымі.

Як распазнаць рапсавы мёд?

Гэты мёд не атрымаў пакуль у нас усеагульнай слыннасці. Несумленным прадаўцам гэта на руку. Неяк на кірмашы мне прапанавалі «сунічны» мёд. Белы, з тыповай для рапсавага мёду кансістэнцыяй, ён адрозніваўся моцным водарам, нават мацнейшай за сунічны, чаго звычайна не бывае. А адной пакупніцы прадукт з кірмашу так спадабаўся, што шукала, дзе набыць яшчэ. Памятала: ён быў белага колеру, з яркім пахам крапівы і не выклікаў алергіі. Можна выказаць здагадку, што гэтым «крапіўным» стаў рапсавы мёд з араматызатарам. Дадатак гэтым разам шкоды не прынёс. Але веды пчальніковых прадуктаў і купля іх наўпрост у пчаляра дапамогуць засцерагчыся ад зману.

Фота Веранікі Коласавай

У Беларусі можна сустрэць таксама іншыя віды мёду белага ці блізкіх адценняў. Падобным будзе, напрыклад, той мёд, «які сеў», з нектару пераважна маліны. Яго тонкі водар, прыемны смак і дробнакрышталічная структура падабаюцца прыхільнікам. І ўсё ж рапсавы мёд дзякуючы далікатнай кансістэнцыі, адсутнасці «зярняткаў», адмысловаму густу ў знаўцаў на асаблівым рахунку.

Калі вы яшчэ не спрабавалі гэтага прадукту, прыміце параду пчаляра ацаніць яго. Не выключана, што рапсавы мёд вам спадабаецца. І не забудзьцеся прапанаваць яго дзецям. Ён цалкам можа замяніць некаторыя прысмакі. І прынясе больш карысці.

Сяргей МЫЦЬКО, старшыня грамадскага з’яднання «Беларускія пчаляры»


P. S. Рыхтуецца новая рэдакцыя ДАСТа 31766-2012 «Мёд монафлорны. Тэхнічныя ўмовы». Грэчкавы, ліпавы і сланечнікавы дапоўняцца ў ёй яшчэ акацыевым і каштанавым. Рапсавы мёд таксама заслужыў стандартызацыі. Прапанова РГА «Беларускія пчаляры» пра ўключэнне яго ў абноўлены ДАСТ накіравана працоўнай групе.

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.