Вы тут

Выступленне Наталлі Качанавай на закрыцці шостай сесіі Савета Рэспублікі


Выступлення Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н. І. Качанавай на закрыцці шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.


Сітуацыя, якая разгортваецца вакол нашай краіны, вельмі няпростая — антыбеларуская рыторыка ЗША і калектыўнага Захаду ўзмацняе жорсткасць, каля заходніх граніц нарошчваецца ваенная прысутнасць.

Вонкавыя сілы па-ранейшаму строяць планы па знішчэнні беларускай дзяржаўнасці. Дасягненні незалежнай Беларусі — мір і бяспека, народнае адзінства і традыцыйныя каштоўнасці, сацыяльна арыентаваная эканоміка і міралюбівая знешняя палітыка — іх галоўныя мішэні.

Сёння беларусаў імкнуцца падзяліць з любой нагоды — няхай гэта будзе паглыбленне інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, абнаўленне Канстытуцыі, міграцыйнае пытанне ці ўсё той жа каранавірус. Заходнія паліттэхнолагі не грэбуюць маніпуляваць нават пачуццямі вернікаў.

Перспектывы якога-небудзь канструктыўнага ўзаемадзеяння практычна адсутнічаюць. Беларускаму боку ствараюць перашкоды для давядзення аб'ектыўнай пазіцыі на міжнародных пляцоўках. Нашы шматлікія звароты і заявы наўмысна не чуюць. А самі заходнія палітыкі і праплачаныя журналісты падаюць інфармацыю пра Беларусь так, як ім гэта выгадна.

Відавочна: нас не пакінуць у спакоі. Ва ўмовах маштабнай і інтэнсіўнай гібрыднай вайны, якая развязана супраць нашай краіны, мы павінны быць гатовыя да рэагавання на самыя непрадказальныя выклікі.

Чарговым такім выклікам для нас стала міграцыйная сітуацыя на беларуска-польскай граніцы. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы на Савет Рэспублікі ўскладзена агульнае каардынаванне гуманітарнай місіі. Асаблівая ўвага — дзецям і цяжарным жанчынам.

Наша краіна робіць усё магчымае для стварэння бежанцам максімальна прымальных і бяспечных умоў знаходжання. Беларускі вопыт рэагавання на гэты выклік — аператыўна, зладжана, сістэмна і па-добраму да людзей — можа выкарыстоўвацца сусветнай супольнасцю.

Міграцыйная сітуацыя чарговы раз паказала, наколькі важныя нармальныя адносіны з суседзямі, цывілізаванае ўзаемадзеянне паміж краінамі і народамі, даступнасць міжнародных пляцовак для давядзення пазіцыі любой дзяржавы і гатоўнасць пачуць праўду, нават калі яна не ўпісваецца ў нечую геапалітычную стратэгію.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі і запрошаныя!

Сёння надзвычай актуальным з'яўляецца прынцыповае і рашучае адстойванне нацыянальных інтарэсаў, данясенне свету праўды пра Беларусь.

Для гэтага трэба максімальна выкарыстоўваць магчымасці міжпарламенцкіх пляцовак, міжнародных арганізацый, форумаў і канферэнцый, сустрэч з замежнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі.

Так, з высокай трыбуны трэцяга Еўразійскага жаночага форуму намі была даведзена аб'ектыўная інфармацыя аб сітуацыі ў Беларусі да прадстаўніц больш як 110 дзяржаў. Падчас форуму адбылася сустрэча з намеснікам старшыні Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Піа Каума, арганізаваная па яе просьбе. Падчас гутаркі еўрачыноўніку дадзены вычарпальныя тлумачэнні па ўсіх пытаннях.

Падрабязна аб тым, што адбываецца ў нашай краіне, уключаючы падзеі на беларуска-польскай граніцы, мы інфармавалі дэлегацыю Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя на чале з дырэктарам Хансам Клюге. Прадстаўнікі СААЗ высока ацанілі работу беларускай сістэмы аховы здароўя і выказалі падзяку ў адрас кіраўніцтва Беларусі.

У рамках мерапрыемстваў Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў парламентарыі выклалі нашу пазіцыю па сітуацыі на беларуска-польскай граніцы. Міграцыйны крызіс быў асветлены і ў дакладзе на міжнароднай канферэнцыі «Усеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя і мэты ў галіне ўстойлівага развіцця».

Савет Рэспублікі узяў удзел у абмеркаванні міжнароднай, ваенна-палітычнай сітуацыі і іншых важных пытанняў сумеснага ўзаемадзеяння падчас Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. На пасяджэнні, прымеркаваным да яе 15-годдзя, сенатары паслядоўна трансліравалі пазіцыю па пытаннях абароны і бяспекі.

Члены Савета Рэспублікі былі задзейнічаны ў назіранні за сумеснымі вучэннямі з Міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае брацтва — 2021».

Нам неабходна нарошчваць супрацоўніцтва з саюзнікамі, стратэгічнымі партнёрамі і іншымі краінамі, якія гатовы канструктыўна працаваць з нашай краінай.

Прыярытэтам з'яўляецца паглыбленне інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. 4 лістапада лідары нашых краін — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін — падпісалі Дэкрэт Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы № 6 «Аб асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021—2023 гады».

Нашы краіны выйшлі на абсалютна новы этап у развіцці адносін па ўсіх напрамках.

І цяпер задача саюзных парламентарыяў — актыўна ўключыцца ў маштабную работу па працягу ўніфікацыі, гарманізацыі і збліжэння нацыянальных заканадаўстваў. Са Старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянцінай Іванаўнай Матвіенка мы дасягнулі дамоўленасці аб'яднаць нашы намаганні ў гэтай рабоце і ўзяць яе на жорсткі парламенцкі кантроль.

Відавочна, што парламенцкае ўзаемадзеянне не павінна абмяжоўвацца рамкамі заканатворчасці. Трэба разам прапрацоўваць запатрабаваныя напрамкі супрацоўніцтва, вызначаць пункты дадатку сумесных намаганняў на перспектыву і выкарыстоўваць для гэтага розныя фарматы.

У гэтым плане вельмі плённа прайшлі сустрэчы ў Савеце Рэспублікі з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Фёдаравічам Мезенцавым, Старшынёй Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Вячаславам Віктаравічам Валодзіным, намеснікамі Старшыні Савета Федэрацыі Юрыем Леанідавічам Вараб'ёвым і Канстанцінам Іосіфавічам Касачовым.

Па выніках гэтых сустрэч абмеркаваны актуальныя пытанні супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, эфектыўнасць функцыянавання парламенцкіх структур і выпрацаваны канкрэтныя прапановы па арганізацыі сумеснай дзейнасці, захаванні гістарычнай памяці, правядзенні чарговага форуму рэгіёнаў.

Дзявяты форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі будзе садзейнічаць паглыбленню ўзаемадзеяння нашых краін. Да яго падрыхтоўкі ўжо прыступілі ў Савеце Рэспублікі і Савеце Федэрацыі. Прымаць форум будзе Гродзенская вобласць.

Парламентарыі Беларусі і Расіі павінны выступаць адзіным фронтам і на міжнароднай арэне. Як, напрыклад, гэта было падчас 143-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза, калі сумеснымі намаганнямі ўдалося не дапусціць уключэння ў парадак дня антыбеларускай рэзалюцыі. Нягледзячы на мэтанакіраваныя спробы блакіраваць удзел члена Прэзідыума Савета Рэспублікі Сяргея Анатольевіча Рачкова ў пасяджэнні асамблеі, наш сенатар абраны ў склад Кансультатыўнай групы высокага ўзроўню па супрацьдзеянні тэрарызму і гвалтоўнаму экстрэмізму.

У цяперашніх рэаліях дружалюбныя краіны павінны падтрымліваць адна адну.

Сустрэча кіраўнікоў палат парламента са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу Народных прадстаўнікоў Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Чжаньшу дазволіла абмеркаваць шырокі спектр пытанняў: далейшае супрацоўніцтва па процідзеянні каранавіруснай інфекцыі, вытворчасці вакцын, правядзенне шэрагу мерапрыемстваў па тэматыцы развіцця жаночага міжнароднага руху.

Члены Савета Рэспублікі бралі ўдзел у назіранні за выбарамі Прэзідэнта Узбекістана. Назіральнікі высока ацанілі выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій, а таксама меры па эпідэміялагічнай бяспецы ўдзельнікаў выбарчага працэсу.

Адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў працоўных груп Нацыянальнага збору па супрацоўніцтве з парламентамі Узбекістана і Амана. Такія кантакты спрыяюць умацаванню сяброўства паміж народамі і пашырэнню міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.

Для нас вельмі важна захаваць прысутнасць на розных міжнародных пляцоўках. У мэтах давядзення беларускай пазіцыі, прасоўвання сумесных праектаў можна выкарыстоўваць не толькі парламенцкую дыпламатыю. Такія магчымасці ў членаў Савета Рэспублікі ёсць і ў рамках прафесійнай дзейнасці: гэта тэматычныя выстаўкі, кірмашы, рабочыя сустрэчы з замежнымі партнёрамі і іншыя мерапрыемствы.

Будзьце актыўнымі, уносіце свае прапановы — ад нас шмат у чым залежыць вырашэнне праблем рэгіянальнага і глабальнага ўзроўню.

Паважаныя калегі!

У сесійны перыяд члены Савета Рэспублікі актыўна ўдзельнічалі ў выкананні задач, якія стаяць перад дзяржавай і грамадствам. Галоўная мэта заканадаўчых навацый — захаванне суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальных інтарэсаў, забеспячэнне бяспекі нашых грамадзян і іх права самім вызначаць сваю будучыню.

Асноўным дакументам, над якім мы працуем зараз, з'яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Як вы ведаеце, у Канстытуцыйную камісію і рабочую групу па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі ўваходзяць і члены Савета Рэспублікі.

Адзіным стала меркаванне аб неабходнасці захавання ў нашай краіне моцнай прэзідэнцкай улады, што дазволіць абараніць асновы дзяржаўнасці, зберагчы і замацаваць пераемнасць гістарычнага досведу.

Выпрацаваныя змены ў Асноўны Закон накіраваны на значнае ўмацаванне інстытута народаўладдзя. Менавіта ў гэтых мэтах і прапанавана канстытуцыйнае замацаванне статусу Усебеларускага народнага сходу, надзяленне яго стратэгічна важнымі для стабільнасці краіны паўнамоцтвамі.

Трэба адзначыць, што многія палажэнні, якія ўключаны ў працоўны праект Канстытуцыі, зыходзілі ад Савета Рэспублікі. Гэта адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў, работа ў фармаце адной сесіі ў год, асобны «маладзёжны» артыкул, які стымулюе маладых людзей да адказнасці за будучыню краіны і з'яўляецца сведчаннем высокага даверу дзяржавы да іх.

Канстытуцыйныя навацыі накладаюць на Савет Рэспублікі вялікую адказнасць, паколькі мяркуецца, што члены Савета Рэспублікі ўвойдуць у склад Усебеларускага народнага сходу. Акрамя таго, роля Савета Рэспублікі як дзяржаўнага інстытута можа быць істотна ўзмоцнена, у тым ліку за кошт пашырэння паўнамоцтваў у кадравай сферы.

Абнаўленне Асноўнага Закона запатрабуе сур'ёзнай заканадаўчай работы. Мы павінны быць гатовыя да прыняцця новых і карэкціроўкі значнай колькасці дзеючых нарматыўных прававых актаў.

Як толькі афіцыйны праект змен у Канстытуцыю будзе абнародаваны, нам трэба будзе маштабная работа па данясенні да грамадзян значэння прапанаваных навацый. Трэба выкарыстоўваць для гэтага самыя розныя фарматы: сустрэчы з працоўнымі калектывамі, насельніцтвам па месцы жыхарства, на пляцоўках грамадскіх аб'яднанняў, выступленні ў сродках масавай інфармацыі.

Мы павінны тлумачыць людзям, што на рэферэндуме яны будуць галасаваць за будучыню сваёй краіны і будучыню сваіх дзяцей. І тым больш важна, каб у момант прыняцця рашэння ў грамадзян было праўдзівае ўяўленне аб канстытуцыйных навацыях, а не тое, якое ім спрабуюць навязваць дэструктыўныя сілы, прычым у большасці сваім — з-за мяжы.

Рэспубліканскі рэферэндум па прыняцці змяненняў у Асноўны Закон стане лёсавызначальнай падзеяй у жыцці нашай краіны. Гэта адказны перыяд для ўсіх органаў улады — і нам неабходна ўзяць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні такой важнай палітычнай кампаніі. Рэферэндум павінен прайсці на высокім арганізацыйным узроўні, у поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй і дзеючым выбарчым заканадаўствам.

У ходзе сесіі мы прынялі да ведама 5 дэкрэтаў Прэзідэнта, разгледзелі 31 законапраект, у тым ліку 11 аб выказванні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнародных дагавораў.

Жорсткім адказам на недружалюбныя дзеянні Еўрапейскага саюза ў адносінах да Беларусі і адыёзным актывістам, якія ім патураюць, з ліку грамадзян нашай краіны стала адабрэнне Саветам Рэспублікі законапраекта «Аб прыпыненні дзеяння Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу» і законапраекта «Аб змене Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», якім уведзена крымінальная адказнасць за заклікі да санкцый.

Саветам Рэспублікі падтрымана ініцыятыва аб увядзенні крымінальнай адказнасці за незаконную арганізацыю дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх арганізацый і адміністрацыйнай адказнасці за збор сродкаў або маёмасці з мэтай кампенсаваць расходы асоб, прыцягнутых да адказнасці за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы.

З улікам бягучай геапалітычнай сітуацыі асаблівае значэнне мае законапраект «Аб генацыдзе беларускага народа», які закліканы замацаваць гістарычную памяць і праўду аб злачынствах фашыстаў і іх памагатых на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Увядзенне крымінальнай адказнасці за публічнае адмаўленне генацыду — гэта своечасовая заслона ад спроб скажэння і фальсіфікацыі гісторыі.

Мы і надалей будзем супрацьдзейнічаць любым спробам падрыву палітычнай і сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў нашай краіне.

Замежныя агрэсары-санкцыянеры і іх памагатыя адкрыта здзіўляюцца: як у гэтых няпростых умовах беларуская эканоміка не толькі захоўвае ўстойлівасць, але і дэманструе рост.

Валавы ўнутраны прадукт за 11 месяцаў бягучага года павялічыўся на 2,3 працэнта. Тэмп росту прамысловасці склаў 106,7 працэнта, а экспарт тавараў і паслуг за 10 месяцаў — 132 працэнты.

У поўным аб'ёме забяспечваюцца выплаты па знешнім доўгу. Пры гэтым вырас узровень міжнародных рэзервовых актываў, і на 1 снежня нашы золатавалютныя рэзервы склалі 8,5 мільярда долараў.

Выконваюцца ўсе сацыяльныя абавязацельствы і гарантыі дзяржавы. Захоўваецца колькасць занятых у эканоміцы, павялічваюцца рэальныя даходы насельніцтва і рэальная заработная плата, прычым выключна за кошт росту прадукцыйнасці працы. Суадносіны заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы да сярэдняй па краіне — вышэй за 80 працэнтаў.

Як сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, паважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка: «Мы павінны не проста выстаяць. Мы павінны развівацца як след, рухацца наперад, паказваючы ім, што мы і без іх абыдземся. Для гэтага ў нас ёсць усё».

Таму і бюджэтныя законапраекты накіраваны на далейшае развіццё галін і сектараў эканомікі, рэгіёнаў нашай краіны. Сфарміраваны яны такім чынам, каб грамадзяне не адчулі на сабе ніякіх негатыўных наступстваў санкцый.

Ключавыя задачы бюджэтнай палітыкі ў 2022 годзе — гэта забеспячэнне збалансаванасці і ўстойлівасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, падтрыманне пазыковай устойлівасці на бяспечным узроўні, сацыяльная абароненасць насельніцтва і павышэнне на гэтай аснове дабрабыту нашых грамадзян.

Прыярытэтнымі напрамкамі бюджэтных расходаў у наступным годзе стануць рост заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы, выхад на параметры росту, прадугледжаныя Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады, аказанне дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, маладым і шматдзетным сем'ям, падтрымка грамадзян, якія маюць у гэтым патрэбу, у будаўніцтве жылля, развіццё жылой і энергетычнай інфраструктуры.

У найбліжэйшы час парламентарыям трэба выпрацаваць комплекс мер па падтрымцы развіцця ўнутранага патэнцыялу, пашырэнні вытворчасці запатрабаваных тавараў і паслуг.

Гаворка ідзе нават не аб выдзяленні фінансаў або выдзяленні асаблівых ільгот — неабходна ліквідаваць «застарэлыя» бар'еры і залішнія ўзгадненні. Трэба стварыць прававыя механізмы для максімальнага садзейнічання айчынным вытворцам, якія гатовы заняць нішы ўнутранага рынку,якія вызваліліся ад замежных канкурэнтаў. Нам трэба на сваім узроўні аказваць дапамогу такім ініцыятывам.

Змяненні ў законы аб інвестыцыях, па пытаннях гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў дапамогуць стварыць прававыя ўмовы для павышэння інвестыцыйнай прывабнасці нашай краіны і ўмацавання даверу да банкаў, якія выступаюць неабходным каналам «доўгіх грошай» для запуску новага інвестыцыйнага цыкла ў эканоміцы.

У заканадаўстве аб геадэзічнай і картаграфічнай дзейнасці закладзены прававыя асновы стварэння і функцыянавання Нацыянальнага геапартала. Афіцыйныя даныя, якія размяшчаюцца на гэтай інфармацыйна-камунікацыйнай платформе, неабходны для ўстойлівай работы ўсіх галін эканомікі.

Абапіраючыся на пытанні, якія хвалююць насельніцтва, парламентарыямі разгледжаны новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, законапраекты, накіраваныя на забеспячэнне бяспекі і эфектыўнасці арганізацыі дарожнага руху, якасці і даступнасці натарыяльных паслуг, адказнасці тураператараў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы міжнароднага выязнога турызму.

Актыўна працягнулася работа над законапраектамі па ратыфікацыі міжнародных дагавораў, якія ў тым ліку забяспечваюць выкананне мерапрыемстваў па гарманізацыі падатковага заканадаўства і супрацоўніцтве ў мытнай сферы, выраўноўванне ўмоў спагнання падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе на тэрыторыю свабоднай эканамічнай зоны тавараў Еўразійскага эканамічнага саюза і трэціх краін, узаемадзеянне ў галіне транспартнай бяспекі.

Для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага развіцця і нарошчвання беларускага экспарту важную ролю выканае Закон аб ратыфікацыі Пагаднення з Расійскай Федэрацыяй аб выкарыстанні расійскіх партоў для перавозкі і перавалкі нафтапрадуктаў у мэтах іх пастаўкі ў трэція краіны.

Працягваецца работа над сацыяльна значнымі законапраектамі, накіраванымі на развіццё культуры, спорту, забеспячэнне сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю, аказанне псіхалагічнай дапамогі.

Мы актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку законапраекта «Аб грамадзянскай супольнасці», які стане прававой асновай для развіцця канструктыўных грамадскіх арганізацый і рухаў, якія выступаюць за захаванне суверэннай Беларусі.

На зацвярджэнні знаходзіцца праект плана падрыхтоўкі заканадаўчых актаў на 2022 год. У ім прадугледжваецца распрацоўка сапраўды актуальных дакументаў, якія ідуць «ад жыцця» і заснаваныя на рэальных патрэбах людзей.

Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы пры Савеце Рэспублікі створаны экспертны савет, які дзейнічае ўжо больш за паўгода. Усяго саветам разгледжана 66 праектаў. Да яго работы мы прыцягваем кампетэнтных экспертаў з ліку кіраўнікоў рэгіёнаў і буйных прадпрыемстваў, практыкаў, вучоных, што дазваляе істотна павысіць якасць і эфектыўнасць заканадаўчых мер, што прымаюцца.

Многія важныя пытанні па ўдасканаленні заканадаўства ўдалося вырашыць дзякуючы канструктыўнаму і зладжанаму ўзаемадзеянню з Урадам, рэспубліканскімі і мясцовымі органамі ўлады.

Мы і ў далейшым павінны своечасова прымаць неабходныя нарматыўныя прававыя акты, дзейнічаць аператыўна і на апярэджанне, а таксама лімітава адказна ставіцца да выканання паўнамоцтваў, якія сёння нам прадастаўлены заканадаўствам.

Савет Рэспублікі — гэта палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, і па кожным нашым кроку нават у самым аддаленым населеным пункце фарміруецца агульнае меркаванне людзей як аб дзяржаўнай уладзе, так і аб палітычным курсе, які ёю праводзіцца.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Як працуюць прынятыя парламентарыямі законы, як рэалізоўваюцца нацыянальныя праекты, стратэгіі і праграмы развіцця краіны, як гэта ўсё ўспрымаецца людзьмі — можна пазнаць толькі з непасрэднай і адкрытай гутаркі з імі. Менавіта таму прыярытэтам Савета Рэспублікі з'яўляецца работа з насельніцтвам. У нашай краіне яна праводзіцца на сістэмнай аснове — кожны чалавек павінен разумець, што ён будзе пачуты. Як гаворыць наш Прэзідэнт, мы павінны ўмець слухаць і, самае галоўнае, чуць людзей.

Для гэтага мы задзейнічаем самыя розныя формы: асабістыя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, насельніцтвам па месцы жыхарства, дыялогавыя пляцоўкі, адзіныя дні інфармавання, выступленні ў сродках масавай інфармацыі.

У 2021 годзе Саветам Рэспублікі разгледжана больш за 7 тысяч зваротаў. Палова з іх прыпадае на Мінск і Мінскую вобласць, на астатнія рэгіёны — ад сямі да дванаццаці працэнтаў.

Аналіз зваротаў паказаў, што нашы грамадзяне жывуць не толькі асабістымі праблемамі. Многія звяртаюцца з прапановамі і ініцыятывамі, у тым ліку тымі, якія датычацца ўдасканалення заканадаўства. Мы павінны быць зацікаўлены ў такім узаемадзеянні і выкарыстоўваць кожную ідэю зыходзячы з яе карыснасці канкрэтнаму рэгіёну і краіне ў цэлым.

З чэрвеня бягучага года намі праведзены адзіныя дні прыёму грамадзян у Мінскім раёне, Віцебскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і горадзе Мінску.

Такая форма работы дазваляе прыняць усяго за адзін дзень сотні грамадзян, выявіць найбольш актуальныя праблемы, якія ёсць у канкрэтным рэгіёне, а затым абмеркаваць іх на пашыраных пасяджэннях Прэзідыума Савета Рэспублікі з удзелам дэпутацкага корпуса, кіраўніцтва мясцовых органаў улады.

Многія пытанні пры правядзенні асабістых прыёмаў грамадзян вырашаюцца маментальна. Таму трэба больш адказна працаваць з насельніцтвам на мясцовым узроўні.

Праца кожнага сенатара павінна быць бачна і зразумела насельніцтву. Выкарыстоўвайце для гэтага не толькі рэгіянальныя, але і рэспубліканскія рэсурсы. Павінны быць задзейнічаны і вашы асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках. Да вырашэння праблем на месцах трэба падключаць рэсурс грамадскіх арганізацый і саміх грамадзян, асабліва калі гэта датычыцца бытавых пытанняў — напрыклад, прыборкі і азелянення прыдамовых тэрыторый, добраўпарадкавання дзіцячых пляцовак. Вялікія магчымасці для гэтага ў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

У рабоце з людзьмі важна быць шчыра зацікаўленымі, не заставацца абыякавымі: фармалізм людзі адчуваюць адразу. Кожнае пытанне трэба імкнуцца даводзіць да лагічнага завяршэння, дзейнічаючы сістэмна: няважных праблем не бывае.

Жадаю выказаць удзячнасць усім сенатарам за работу па гэтым вельмі няпростым, але такім важным кірунку. Шматлікія падзячныя пісьмы грамадзян у адрас Савета Рэспублікі з'яўляюцца найлепшай ацэнкай нашай дзейнасці.

Савету Рэспублікі трэба працаваць з усімі катэгорыямі насельніцтва, пачынаючы з моладзі, з яе патрыятычнага выхавання. Маладое пакаленне павінна не толькі ведаць, у якой краіне жыве, але і шанаваць дасягненні тых, хто сваёй працай ствараў нашу краіну, ганарыцца і любіць Беларусь, імкнуцца рабіць усё, каб яна станавілася яшчэ лепшай і прыгажэйшай.

Таму многія нашы мерапрыемствы, у тым ліку выязныя пасяджэнні прэзідыума па пытаннях фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму ў студэнцтва, грамадска-дзяржаўнага партнёрства ў вырашэнні праблем п'янства і алкагалізму, круглыя сталы «Чысціня слова — чысціня душы», «Фарміраванне і рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» арыентаваны ў першую чаргу на моладзь.

На пастаяннай аснове членамі Савета Рэспублікі праводзяцца сустрэчы са школьнікамі і студэнтамі. Многія ідэі, пытанні і прапановы, якія агучвае моладзь, сапраўды актуальныя, закранаюць інтарэсы ўсяго беларускага грамадства і, самае галоўнае, дапамагаюць нам вызначацца пры планаванні заканатворчай дзейнасці.

У наступным годзе далейшае развіццё атрымае грантавая сістэма падтрымкі маладзёжных ініцыятыў, што дасць магчымасць лепш убачыць найбольш перспектыўных дзяцей з рэгіёнаў, раскрыць іх патэнцыял.

Мы мусім быць разам з моладдзю. Адкрыта і сумленна размаўляйце з маладымі людзьмі на хвалюючыя іх тэмы, удзельнічайце ў прапанаваных імі праектах і падтрымлівайце іх.

У гэтай рабоце трэба аб'ядноўваць намаганні ўсіх зацікаўленых і дзейнічаць разам. Значны патэнцыял узаемадзеяння Савета Рэспублікі з Беларускай праваслаўнай царквой па пытаннях духоўна-маральнага выхавання, з Міністэрствам унутраных спраў — па ваенна-патрыятычных ініцыятывах. Прыцягвайце грамадскія арганізацыі, а таксама створаны пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі савета старэйшын да ўдзелу ў нашых мерапрыемствах і праектах па развіцці грамадзянскасці, сямейных каштоўнасцяў, захаванні гістарычнай памяці і культурнай спадчыны.

Нашымі праваднікамі ў рабоце з моладдзю павінны быць сябры Маладзёжнага парламента. У 2022 годзе будзе абраны новы састаў, у які ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак нашай краіны. Гэта павінны быць найбольш актыўныя, сумленныя, справядлівыя і прыстойныя хлопцы, з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, якія падтрымліваюць палітычны курс, які праводзіцца ў краіне.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Не менш важным напрамкам у нашай рабоце з'яўляецца грамадская дзейнасць. Сваім прыкладам мы павінны паказваць людзям канструктыўную грамадзянскую пазіцыю, вучыць іх наладжваць нармальныя чалавечыя адносіны і весці культурны дыялог.

У Савеце Рэспублікі створаны пярвічныя ячэйкі Беларускага саюза жанчын і прафсаюзнай арганізацыі, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці краіны. У першыя дні ўзнікнення міграцыйнай сітуацыі нашы жанчыны ініцыіравалі правядзенне круглага стала з удзелам прадстаўніц арганізацыі з усёй краіны. Быў прыняты зварот да сусветнай супольнасці з заклікам спыніць неправамернае выкарыстанне бежанцаў у палітычных мэтах і ўрэгуляваць праблему ў канструктыўным рэчышчы. На працягу ўсяго часу нашы пярвічкі ўдзельнічаюць у аказанні гуманітарнай дапамогі бежанцам.

Напярэдадні навагодніх свят па ўсёй краіне стартавала дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Дзякую членам Савета Рэспублікі за неабыякавасць і актыўны ўдзел у дадзеных мерапрыемствах. Гэта важна не толькі для дзяцей — гэта важна і для нас.

Заклікаю вас працягнуць удзел у акцыі — наведвайце дзіцячыя дамы, прытулкі, бальніцы, прыёмныя і шматдзетныя сем'і. Мы павіншуем маленькіх пацыентаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, з якім у нас склаліся добрыя адносіны супрацоўніцтва.

Савет Рэспублікі вядзе культурна-асветніцкую дзейнасць. Другі год функцыянуе музейная экспазіцыя, якая карыстаецца папулярнасцю ў гасцей з замежжа і нашай краіны. Савет Рэспублікі стаў пляцоўкай, якая цікавая моладзі з усіх рэгіёнаў, бо гэта дазваляе лепш даведацца аб дзейнасці верхняй палаты беларускага парламента.

Адной з апошніх навел для нашага музея сталі часовыя выставы. Цяпер прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, у якой сабраны гістарычныя рэліквіі і ўнікальныя асабістыя рэчы свяціцеля. Нядаўна прайшла фотавыстава «Беларусь — Радзіма», прымеркаваная да старшынства Рэспублікі Беларусь у Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Года народнага адзінства. Традыцыйнымі сталі выставы аб рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў пярвічнага ўзроўню.

Вядома, нам трэба яшчэ многае зрабіць у гэтым напрамку. Мы павінны імкнуцца да таго, каб Савет Рэспублікі стаў адным з ключавых цэнтраў прыцягнення грамадска карысных ініцыятыў і праектаў. Гэта і супрацьдзеянне распаўсюджванню ковід-інфекцыі, і аздараўленне дзяцей, і аказанне дапамогі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай станцыі, людзям з інваліднасцю — адным словам, любыя канкрэтныя справы на карысць нашай Радзімы.

Пры гэтым важна, каб грамадская дзейнасць ішла ад душы, каб усе мы былі рэальна ў ёй зацікаўлены, не шкадавалі свайго часу і сіл.

І гэта трэба рабіць: жыццё паказвае, што ў па-сапраўднаму цяжкай сітуацыі можна разлічваць на добрыя адносіны і дапамогу менавіта тых, хто нас акружае.

Паважаныя калегі!

На цяперашнім этапе перад Саветам Рэспублікі стаяць сур'ёзныя задачы, вырашэнне якіх запатрабуе максімальнай самааддачы, мабілізацыі ўсіх нашых ведаў і прафесіяналізму, маналітнасці і спраўнасці.

Нас чакае напружаная работа па выкананні мэтавых установак Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, далейшай рэалізацыі рашэнняў VІ Усебеларускага народнага сходу, Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны:

  • у галіне міжнароднага супрацоўніцтва — максімальнае выкарыстанне кропак спалучэння, форм узаемадзеяння для давядзення праўдзівай інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі і палітычным курсе, які праводзіцца кіраўніцтвам нашай краіны;
  • у заканадаўчай дзейнасці — стварэнне прававых механізмаў укаранення канстытуцыйных навацый, працяг уніфікацыі, гарманізацыі і збліжэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь і заканадаўства Расійскай Федэрацыі, а таксама ўдасканаленне нацыянальнага заканадаўства з улікам выклікаў і патрабаванняў часу;
  • у рамках дзейнасці па абнаўленні Канстытуцыі — удзел у грамадскіх абмеркаваннях праекта і ў рабоце па растлумачэнні грамадству канстытуцыйных навацый, у падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму;
  • у рабоце з насельніцтвам — правядзенне сустрэч з працоўнымі калектывамі, уважлівае стаўленне да кожнага звароту, эфектыўнае ўзаемадзеянне з моладдзю і грамадскімі структурамі, актыўная работа са сродкамі масавай інфармацыі.

Наш абавязак — у поўнай меры апраўдаць чаканні беларускага народа, які даверыў нам права выступаць ад яго імя і адстойваць нацыянальныя інтарэсы.

Як сказаў наш Прэзідэнт: «Трымайце краіну. Гэта ваша краіна. Мы з вамі яе выкрышталізавалі і нікому не павінны аддаць!».

Упэўнена, што мы зробім усё магчымае для развіцця і працвітання нашай Айчыны.

Я шчыра дзякую вам усім за сумесную работу, за вашы ініцыятывы і падтрымку.

Віншую з надыходзячымі Раством Хрыстовым і Новым годам. Жадаю вам здароўя, шчасця і дабрабыту. Міру і працвітання нашай любімай Беларусі.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.