Вы тут

«SOS — Дзіцячая вёска Мар’іна Горка» прымала падарункі ад Міністэрства інфармацыі і Выдавецкага дома «Звязда»


У самы пярэдадзень Новага года па традыцыі Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір ПЯРЦОЎ наведаў «SOS — Дзіцячая вёска Мар’іна Горка». Салодкія падарункі і кнігі ад дзяржаўных выдавецтваў краіны былі ўручаны дзецям, якія жывуць ў некалькіх сямейных дамах. 


— Мы даўно пасябравалі з міністэрствам інфармацыі, — расказвае дырэктар установы Дзмітрый КАЛТОВІЧ. — Ведаем, што да нас на святочную ёлку заўсёды прыязджае кіраўнік ведамства, супрацоўнікі міністэрства. Ды і не толькі ў пярэдадзень Новага года мы сустракаемся, памятаю, што з міністрам дзеці і ў футбол гулялі. 

Сёлета пандэмія наклала сваю пячатку на сам характар, арганізацыю мерапрыемства. Нягледзячы на марознае надвор’е, хаця і мінусавая тэмператаура не такая ўжо і вялікая была, удзельнікі свята сабраліся каля ўпрыгожанай ёлкі на вуліцы. Тут і падарункі былі ўручаны, і выступленні гасцей прайшлі, і свята па сцэнарыю ішло на свежым паветры. Выступаючы з прывітальным словам, Уладзімір Пярцоў пажадаў шчасця, удачы, поспехаў насельнкіам «SOS — Дзіцячая вёска Мар’іна Горка». Пажадаў усім маладым людзям ісці па жыцці цвёрда і таксама не забывацца на добрую кнігу, на тыя бязмежныя веды, якія яна ў сабе ўтрымлівае і перадае іх працаздольным, руплівым, усім тым, хто настойліва цягнецца да асветы, адукацыі, з малых гадоў шукае сваю прафесію, робіць свой грамадзянскі выбар, жыве з любоўю да сваёй Айчыны.

На свяце выступіла і генеральны дырэктар праекта «SOS — дзіцячыя вёскі Беларусі» Таццяна БУРАВА. Дарэчы, падобныя мар’інагорскаму паселішчы з домікамі сямейнага тыпу ёсць і яшчэ ў двух адрасах краіны. Сваё віншаванне ўдзельнікам навагодняга свята ў «мар’інагорскай дзіцячай вёсцы» агучыла і начальнік ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Пухавіцкага райвыканкама Ала СКОРАЯ (нагадаем: Мар’іна Горка — раённы цэнтр Пухавіччыны). 

А намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Уладзімір МОСІН уручыў хлопчыкам і дзяўчынкам вялікую бібліятэку кніг для малодшых школьнікаў і падлеткаў. Яе набыццё прафінансавала Беларуская ўніверсальная гандлёвая біржа. Дарэчы, гэтая вядомая ў краіне структура падтрымала і набыццё кніг для іншых падобных дзіцячых устаноў краіны. «Звяздоўцы» раней уручылі бібліятэчкі з творамі беларускіх пісьменнікаў ў Гродна, у Івянцы на Міншчыне, а яшчэ і на Магілёўшчыне. 

— Мы і надалей будзем ладзіць падобныя праекты, стараючыся распаўсюдзіць кнігі Выдавецкага дома «Звязда» як мага шырэй, — пракаменціраваў падзею ў Мар’інай Горцы. — У 2022 годзе светачам у гэтай працы стануць юбілеі нашых класікаў — 140-годдзе з дня нараджэння народных песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

Сяргей ШЫЧКО

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.