Вы тут

Скажонае асвятленне асобных з’яў!.: Аркадзь Савелічаў і іншыя ахвяры


Ад пісьменнікаў заўсёды чакаюць праўдзівага адлюстравання жыцця. І калі такіх твораў не хапае, калі яны зусім не з’яўляюцца, калі пісьменнік далёкі ад рэчаіснасці, тады вага, аўтарытэт мастацкага слова прыніжаюцца. А літаратура як частка агульнай мастацкай культуры мізарнее, адыходзіць на задні план зацікаўленняў грамадства. Таму зразумелымі становяцца памкненні пісьменнікаў выйсці за «межы дазволенага», сказаць тую праўду, якую ад іх чакаюць не на старонках штодзённай грамадска-палітычнай газеты, а ў рамане ці аповесці, якія чытач адкрывае сам-насам, у інтымных абставінах удумлівага знаёмства з творам і адпаведна шчырых разваг над прачытаным... 


А часопісы, выдавецтвы як частка агульнадзяржаўнага механізма палітычнага выхавання грамадства далёка не заўсёды гатовы надрукаваць усё тое, што выпакутаваў, тое, што перажываў за пісьмовым сталом літаратар. Хаця і ў часопісах, выдавецтвах працуюць таксама пісьменнікі, яны таксама бачаць сапраўднае жыццё і па логіцы павінны змагацца за адлюстраванне праўды гэтага жыцця... Ці заўсёды гэта ўдавалася, ці хапала смеласці пайсці следам за смелым мастацкім выкладаннем рэчаіснасці..?

Як фрагмент ранейшага літаратурнага і выдавецкага жыцця — выкладзенае ў адным з цікавых дакументаў, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Размова — пра даведку, якая была пададзена сакратару ЦК Кампартыі Беларусі таварышу Пілатовічу Станіславу Антонавічу 26 жніўня 1970 года. Пададзена начальнікам Галоўнага ўпраўлення па ахове дзяржаўных тайнаў у друку пры Савеце Міністраў БССР А. Маркевічам. Назва абагульненай даведкі для тых, хто памятае савецкія часіны, нават і не 1930-1940-я гг., а болей блізкія — напрыклад, 1960- 1970-я гг., гучыць пагрозліва: «Пра ідэйна-палітычны ўзровень некаторых твораў друку, прадстаўляемых на кантроль рэдакцыямі часопісаў «Неман» (тады, у 1970-м, — яшчэ не «Нёман» — А. К., В. С.), «Полымя», «Маладосць». 

Чытаем на пачатку даведкі: «Галоўнае ўпраўленне па ахове дзяржаўных тайн пры Савеце Міністраў БССР у кожным асобным выпадку інфамавала аддзел прапаганды і агітацыі ці аддзел культуры ЦК КП Беларусі пра ідэйна-палітычныя недахопы асобных твораў друку, падрыхтаваных для апублікавання рэдакцыямі нашых літаратурна-мастацкіх часопісаў...» 

Размова ў даведцы — пра публікацыі 1967 — 1970 гг. Хто ж тады такія смелыя кіравалі рэдакцыямі «тоўстых» часопісаў Беларусі, што адважна супраціўляліся патрабаванням такой суровай арганізацыі, якая стаяла на варце тайн, а на самой справе пільна вартавала, адсочвала спробы парушыць ідэйна-палітычныя, ідэалагаічныя бастыёны савецкай улады? У «Полымі» з 1967 па 1972 гг. галоўрэд — празаік, дзіцячы пісьменнік Павел Кавалёў. У «Немане» з 1966 па 1977 гг. галоўным рэдактарам працаваў вядомы драматург, аўтарытэтны і ў творчым асяроддзі і сярод партыйнага начальства Андрэй Макаёнак. Яго п’есы ішлі ў многіх і многіх тэатрах Савецкага Саюза. «Маладосць» у 1966 — 1972 гг. рэдагаваў празаік Алесь Асіпенка. Што ж прымусіла начальніка Галоўнага «цэнзарскага» упраўлення А. Маркевіча, нягледзячы на адладжаны механізм стасункаў з аддзеламі ЦК, пісаць аднаму з сакратароў рэспубліканскай партыйнай арганізацыі..? Праўда, дакладная, адрасаваная С. Пілатовічу, патрапіла на разгляд другому сакратару — Фёдару Анісімавічу Сурганаву. Вось яго рэзалюцыя, якую высокі партыйны чыноўнік наклаў 26 жніўня: «...Трэба рашучым чынам звярнуць увагу рэдакцыйных калегій часопісаў „Неман“, „Полымя“, „Маладосць“ на неабходнасць строга і няўхільна выконваць патрабаванні, выкладзеныя ў вядомай пастанове ЦК КПБ па гэтаму пытанню...» 

Даведка патлумачвае, якое рашэнне ЦК маецца на ўвазе: «Праналізаваўшы заўвагі, зробленыя за апошнія тры гады, лічым неабходным давесці пра іх у абагульненай даведцы з улікам патрабаванняў пастановы ЦК КП Беларусі «Аб павышэнні адказнасці кіраўнікоў органаў друку, радыё, тэлебачання, кінематографа, устаноў культуры і мастацтва за ідэйна-палітычны ўзровень друкуемых матэрыялаў і рэпертуара». І далей: «Аналіз заўваг, зробленых Галоўным упраўленнем па ўзгадненню з адпаведнымі аддзеламі ЦК КП Беларусі, паказвае, што рэдакцыі літаратурна-мастацкіх часопісаў „Неман“, „Полымя“, „Маладосць“ не заўсёды праяўляюць неабходную патрабавальнасць да ідэйна-палітычнага зместу твораў, якія мяркуюцца да друку. У выніку асобныя аповесці, апавяданні, артыкулы ці нарысы затрымліваліся і вярталіся рэдакцыям на дапрацоўку і выпраўленні, а некаторыя — зусім здымаліся». 

Якія ж заўвагі падаліся пільнаму кантрольнаму воку найболей важкімі і прынцыповымі?.. «...1. скажонае асвятленне асобных з’яў савецкай рэчаіснасці; 2. скажэнне праўды пра партызанскую барацьбу на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і прыніжэнне герояў гэтай барацьбы; 3. прадузятае, аднабаковае асвятленне асобных з’яў у жыцці калгаснай вёскі.»

І вось прыклады такога «скажэння»... «У NN 9, 10 часопіса „Неман“ за 1969 планаваўся да публікацыі раман Э. Скобелева „Крокі за тваёй сцяной“ („Шаги за твоей стеной“). Пасля прачытання папярэднім кантролем раман па ўзгадненню з аддзелам прапаганды і агітацыі ЦК КПБ быў вернуты рэдакцыі на перапрацоўку...» Размова — пра твор маладога, але ўжо пры пасадзе празаіка Эдуарда Скобелева, які быў на службе ў ЦК КПБ. Прызнацца, цяпер, азіраючыся на шматтом’е напісанага Эдуардам Мартынавічам Скобелевым (1935 — 2017), літаратарам у сваіх творах няроўным, часам надзвычай прамалінейна-грубаватым, і не паверыш, што да першага яго рамана былі такія заўвагі... Цэнзуру непакоіла, што «Сама ідэя рамана — савецкія людзі як быццам адгароджаны адзін ад другога нейкай непрагляднай сцяной, абыякавыя адзін да аднаго, жывуць у залежнасці ад выпадковых абставін, не маючы агульных мэтаў — з’яўляецца памылковай». «Як блізкія ў прасторы і як далёкія душэўна людзі — разважаў герой рамана, камуніст Сяргей Козараў. — Вось жа кожны ад нечага пакутуе, у кожнага ці многіх нешта баліць і ніхто нічога не ведае. І ніхто не працягне рукі. Кожны шукае паратунак толькі для сябе і таму ніхто не знаходзіць яго». І далей: «Раман быў населены вобразамі нейкіх ненармальных, душэўна хворых людзей, з’яўленне якіх у жыцці тлумачыцца абыякавасцю, раўнадушшам навакольнага асяроддзя.

Значнае месца ў рамане было адведзена савецкай моладзі. І яе прадстаўнікі (за рэдкім выключэннем) не бачаць яснай мэты ў жыцці, плывуць па цячэнню, большай часткай бавяць час у забавах, па-за сферамі працоўнай дзейнасці, паддаючыся спакусам лёгкага жыцця. 

З акцэнтам на ценявыя бакі ў рамане былі пададзены і вобразы камуністаў. 

Толькі пасля карэннай перапрацоўкі з улікам выказаных заўваг раман быў надрукаваны ў 11, 12 нумарах часопіса «Неман». 

Праз лічаныя месяцы раман Э. Скобелева пабачыў свет асобнай кнігай. У 1970 годзе аўтара прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Надалей пісьменнік звярнуўся да гістарычнай прозы, да дзіцячай літаратуры. Аповесць Эдуарда Скобелева «Прыгоды Гарбузіка і Бябешкі» набыла неверагодную папулярнасць. У 1998 годзе Э. Скобелеў за кнігі «Новыя неверагодныя прыгоды Арбузіка і Бябешкі» і «Дзіўныя прыгоды пана Дылі і яго сяброў Чосева і Ганзасека» стане лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Гісторыя з цэнзарскім замахам на адзін з першых твораў Эдуарда Мартынавіча стала ў некаторай ступені ўрокам для пісьменніка і яго творчую ініцыятыву не спыніла. Праз многія гады Скобелеў скажа, у нечым падсумоўваючы зробленае ім у літаратуры: «Калі б я быў выдадзены поўнасцю, гэта была б цэлая бібліятэка з сотні паўнавартасных тамоў. Але я выдадзены толькі на трэць, пры тым шэраг кніг выдадзены за мой кошт. Што гэта такое ў фінансавых адносінах, вам можа сказаць кожны, каго так і не падпусцілі да вялікай літаратуры. 

Да гэтага часу не выдадзены лепшыя мае працы. Так, „Слова пра лёс кожнага“ (дапаможнік для прэзідэнтаў і прэм’ераў, курс сусветнай гісторыі з прагнозамі і парадамі, што можна супрацьпаставіць пераваротам, якія ўзрушылі Расію і СССР) выдадзена ў прыватным выдавецтве ў колькасці 100 экзэмпляраў...»

Далей разглядаецца проза Аркадзя Савелічава (1933 — 2008). Імя ў кантэксце гісторыі беларускай літаратуры напаўзабытае. Таму крыху згадаем старонкі яго біяграфіі. Нарадзіўся пісьменнік на Валагодчыне, у Расіі. У вёсцы Ізбішына. Праз дзесяцігоддзі паселішча, якое сыйдзе на дно Рыбінскага мора, стане месцам дзеяння ў адным з раманаў А. Савелічава. Будаўнік Карэліі, прараб на беларускіх будоўлях, Аркадзь у 1965 годзе закончыць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Першая яго публіцыстычная кніга — «Дынастыя Мудрацовых» (1966)... З даведкі, адрасаванай у ЦК КПБ: «Скажэнне маральнага аблічча савецкага маладога чалавека ўтрымлівалася і ў апавяданнях на маральную тэму А. Савелічава „Ідуць цягнікі“ (ці „Шчаслівы“) і „Трататушкі“, прызначаныя да публікацыі ў N 9 за 1968 год і ў N 11 за 1969 год часоспіса „Неман“. 

Галоўны герой апавядання „Ідуць цягнікі“ чалавек з засмучанай псіхікай. І натуральна, што ён не можа рэальна ўспрымаць навакольную рэчаіснасць. Ён хворы. Па сцвярджэнню ж аўтара атрымліваецца, што толькі чалавек, які адхілены ад атуляючых яго абставін, з хворым уяўленнем, па-сапраўднаму шчаслівы. Усе ж астатнія персанажы апавядання, людзі і фізічна і разумова нармальныя, але яны, па перакананю аўтара, беспрынцыпныя, маральна распушчаны і разбэшчаны. 

Апавяданне „Трататушкі“ — пра камсамольскую будоўлю. У ім і гераіня апавядання, і кіраўніцтва, і перадавікі будоўлі паказаны, як маральна паўшыя людзі. Нічога светлага, вакол пошласць, бруд, п’янства, разбэшчанасць. Брыгада выведзена як калектыў, які аб’яднаны толькі „бутэлькай“. Кіраўнік будоўлі чалавек стомлены ад усяго і заклапочаны толькі тым, каб сыйсці адсюль хутчэй. І ўвогуле праца нікому не прыносіць радасці. 

Пасля заўваг абодва апавяданні рэдакцыяй былі знятыя з падрыхтаваных да друку нумароў». 

А можа быць, малады празаік хацеў заглыбіцца ў сваіх герояў..? Пісала ж у пачатку 1960-х гг. прыкметны і цікавы літаратурны крытык Юлія Канэ пра сучасную беларускую прозу: «Адна з жыццёва надзённых праблем нашай літаратуры — неабходнасць паглыблення яе псіхалагізму. Псіхалагізм — не толькі адзін з важнейшых сродкаў стварэння праўдзівых чалавечых характараў. Герой нашай літаратуры — радавы чалавек, чалавек з масы. Пранікненне ў яго псіхіку, у „таямнічую лабараторыю чалавечага сэрца“ (Бялінскі) дае глыбокую карціну духоўнага жыцця грамадства, паказвае ступень яго набліжэння да ідэалу...» Аркадзю Савелічаву, атрымліваецца, не далі магчымасці «паглыбіцца...»

І гэта, з пункту гледжання «цэнзуры», не ўсе пралікі часопіса, аўтарытэт якога ў другой палове 1970-х гг. прыўзняла і публікацыя рамана Габрыеля Гарсія Маркеса «Восень патрыярха» у перакладзе на рускую мову В. Тараса і К. Шэрмана. Настолькі, што тыраж Немана" пераўзыйшоў 100 тысяч экзэмпляраў. «... Зняла рэдакцыя завярстаны ў другі нумар часопіса „Неман“ за 1969 год нарыс А. Шумава „Ветэраны“. На наш погляд, у ім утрымлівалася няправільная трактоўка сутнасці мерапрыемстваў партыі і ўрада, накіраваных на паляпшэнне быту інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. З аўтарскіх разваг, разваг герояў нарыса выходзіла, што савецкі ўрад толькі на словах праяўляе клопат пра інвалідаў Айчыннай вайны, а аб пераўтварэнні ў жыццё прынятых законаў і пастаноў не думае. Таму гэтыя законы на месцах не выконваюцца. Мясцовыя ж органы савецкай улады ўсяляк імкнуцца ўшчаміць правы інвалідаў, а часам проста здзекуюцца над імі». 

Такія вось пралікі ў мастацкай прозе, якая рыхтавалася да друку ў «Немане» — «Нёмане», знайшлі пільныя кантралёры дзяржаўных тайн...

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.