Вы тут

Чаму варта вакцынаваць падлеткаў?


Відавочна, што многія бацькі сумняваюцца ў неабходнасці вакцынацыі сваіх дзяцей супраць каранавіруса. Чаму неабходна прышчапляць падлеткаў? Якія адрозненні ў вакцын для падлеткаў і дарослых? Якія пабочныя рэакцыі могуць развіцца? Чаму дзяцей пачалі прышчапляць толькі цяпер і як гэта можа паўплываць на ход пандэміі? На такія і іншыя пытанні адказала намеснік галоўнага ўрача Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына МІЛАНОВІЧ.


Фота: pixabay.com

— У пачатку пандэміі, ды і цяпер, медыкі кажуць, што дзеці пераносяць інфекцыю значна лягчэй, чым дарослыя, часта нават бессімптомна, дык, можа, лепш няхай перахварэюць цяпер?

— Так, сапраўды, дзеці значна лягчэй, у адрозненне ад дарослых і пажылых людзей, пераносілі каранавірусную інфекцыю ў 2020-м і пачатку 2021 года. Аднак з прыходам дэльта-штама віруса падлеткі таксама сталі пераносіць інфекцыю цяжка — пачалі рэгістравацца сярэднецяжкія і цяжкія выпадкі з паражэннем лёгкіх. Адным з ускладненняў пры захворванні COVІD-19 з'яўляецца развіццё мультысістэмнага запаленчага сіндрому — стану, які патрабуе стацыянарнага лячэння, і прадбачыць яго развіццё ніхто не ў сілах. Не варта забываць, што дзеці, якія хай нават і ў лёгкай ці бессімптомнай форме хварэюць гэтай інфекцыяй, з'яўляюцца крыніцай заражэння для непрышчэпленых, што ў першую чаргу небяспечна для пажылых людзей, якія маюць пэўны «багаж» хранічных захворванняў. Таму, улічваючы непрадказальнасць ходу каранавіруснай інфекцыі, магчымыя ўскладненні, і той факт, што хворыя дзеці складаюць пагрозу для сваіх пажылых сваякоў, прыняць рашэнне аб вакцынацыі неабходна як мага хутчэй.

— Як дзеці пераносяць прышчэпку? Якія могуць быць ускладненні і непажаданыя рэакцыі?

— Вакцыны, якія выкарыстоўваюцца, не могуць выклікаць заражэнне інфекцыяй COVІD-19, іх задача — стымуляваць выпрацоўку антыцелаў супраць каранавіруса SARS-CoV-2 і прадухіліць захворванне. У месцы ўвядзення вакцыны могуць з'явіцца пачырваненне і нязначныя болевыя адчуванні — гэта мясцовая рэакцыя на імунабіялагічны прэпарат. З агульных рэакцый рэдка адзначаюць грыпападобны сіндром: павышэнне тэмпературы, агульную слабасць, боль у мышцах, якія праходзяць на працягу сутак. Гэта нармальная рэакцыя на прышчэпку.

— Ці ёсць проціпаказанні да правядзення вакцынацыі?

— Проціпаказанні для вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі, па вялікім рахунку, такія ж, як і для іншых імунабіялагічных прэпаратаў. Не рэкамендуецца ўводзіць прэпарат, калі арганізм знаходзіцца ў стане абвастрэння хранічных захворванняў ці ў перыяд ВРВІ. Сярод пастаянных супрацьпаказанняў — павышаная адчувальнасць або алергічная рэакцыя на кампаненты прэпарату. У любым выпадку, вакцынацыя робіцца толькі пасля агляду ўрачом з улікам стану здароўя дзіцяці.

— Што рабіць, калі прышчапіўся адной прышчэпкай і ў перапынку захварэў?

— Калі захварэў пасля першай прышчэпкі, то пажадана скончыць курс вакцынацыі пасля таго, як падлетак паправіцца.

— Цяпер многія дзеці хварэюць. Калі перахварэў, праз які час можна ісці на прышчэпку?

— Ёсць агульнае правіла — прышчапляцца на фоне поўнага здароўя і па-за абвастрэннем хранічных захворванняў. Пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі ў лёгкай ці бессімптомнай форме можна прышчапляцца пасля таго, як падлетак паправіўся.

— Ці адрозніваецца дзіцячая вакцына ад дарослай?

— Па складзе вакцына, якая выкарыстоўваецца для вакцынацыі падлеткаў, ідэнтычная той, што прымяняецца для дарослага насельніцтва. У Беларусі гэта вакцына вытворчасці КНР, Sіnopharm.

— Чаму вакцынацыю падлеткаў сталі прымяняць толькі цяпер?

— У адпаведнасці з патрабаваннямі міжнароднай практыкі прымянення імунабіялагічных лекавых сродкаў, да якіх адносяцца вакцыны, прэпарат павінен прайсці шэраг выпрабаванняў і пацвердзіць сваю эфектыўнасць і бяспеку. А да дзіцячых прэпаратаў гэтыя патрабаванні самыя жорсткія. Аднак паколькі ва ўмовах пандэміі мы жывём ужо два гады, за гэты час вучоным удалося распрацаваць вакцыны, прымяненне якіх магчымае з 3-гадовага ўзросту.

Дарэчы, лідарам у свеце па правядзенні вакцынацыі сярод дзяцей з'яўляецца Кітай, дзе вакцынавана некалькі дзясяткаў мільёнаў непаўналетніх, пачынаючы з 3-х гадовага ўзросту. У Ізраілі таксама актыўна імунізуюць дзіцячае насельніцтва ад 5 да 11 гадоў, а дзеці, старэйшыя за 12 гадоў, ужо прышчэпленыя.

— Як вакцынацыя падлеткаў можа паўплываць на ход пандэміі?

— Гэта садзейнічае павелічэнню імуннай праслойкі, што, у сваю чаргу, будзе спрыяць зніжэнню агульнай захваральнасці на COVІD-19. Нездарма каранавірусную інфекцыю ў самым пачатку пандэміі называлі «новай», бо чалавецтва з падобным варыянтам віруса сутыкнулася ўпершыню, і цалкам вытлумачальна, што асноўны вірусны «ўдар» прыпадае на ўспрымальныя пласты насельніцтва: непрышчэпленых або неперахварэлых. Асноўная мэта вакцынацыі — дапамагчы арганізму як мага хутчэй распазнаць вірус і абясшкодзіць яго, а гэта магчыма толькі ў выпадку наяўнасці ў імуннай сістэме так званых клетак памяці, якія і выпрацоўваюцца пры сустрэчы з вірусам падчас хваробы ці пасля вакцынацыі.

Вакцынацыя — справа добраахвотная, але кожны чалавек павінен адказна падыходзіць да свайго здароўя і здароўя блізкіх.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Хворыя дзеці — пагроза для сваякоў»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.