Вы тут

Турчын: Кожны павінен прыняць рашэнне розумам і сэрцам


Перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця Міншчыны, змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон краіны, удзел у рэспубліканскім рэферэндуме, які адбудзецца 27 лютага, абмеркавалі дэпутаты мясцовых саветаў Мінскай вобласці падчас сустрэчы, што адбылася ў Барысаве, з удзелам старшыні Мінаблвыканкама Аляксандрам Турчыным. Мадэратарам мерапрыемства выступіў старшыня праўлення Беларускага таварыства «Веды» Вадзім Гігін.


З пачатку апублікавання праекта Канстытуцыі ў Мінскай вобласці прайшло каля дзвюх тысяч дыялогавых пляцовак і сустрэч, у якіх прыняло ўдзел практычна 100 тысяч жыхароў. Грамадзяне змаглі задаць пытанні спецыялістам і атрымаць кампетэнтныя і вычарпальныя кансультацыі, прапанаваць свае папраўкі ў Асноўны Закон.

— Толькі першы тыдзень абмеркавання, у якім удзельнічалі прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў, паказаў, што ў першую чаргу іх цікавяць сацыяльныя пытанні. У тым ліку традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, захаванне гістарычнай памяці, гарантый у адукацыі, ахове здароўя, забеспячэнне рабочымі месцамі і жыллём. Мы тлумачым грамадзянам, што сацыяльныя гарантыі будуць захаваныя, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. —У Пасланні Прэзідэнта дакладна вызначана тактыка і стратэгія дзеянняў кіраўнікоў усіх узроўняў на гэты год, галоўнай падзеяй якога стане рэферэндум. Мне спадабалася фраза кіраўніка дзяржавы, што рэферэндум у любым выпадку — гэта крок наперад. Я абсалютна з гэтым згодны, можна па-рознаму ставіцца да артыкулаў Канстытуцыі, можна спрачацца, дыскутаваць, але, бясспрэчна, гэта крок наперад. Сёння кожнаму з нас, кожнаму грамадзяніну трэба шчыра адказаць на пытанне: ці хачу я шчаслівай будучыні для сябе, для сваіх дзяцей і ўнукаў? Ці патрэбная для нашчадкаў суверэнная і незалежная Беларусь? І, адказаўшы на гэтае пытанне, кожны павінен прыняць рашэнне розумам і сэрцам. Рашэнне кожнага з вас стане гістарычным, адкрые новы этап развіцця краіны і дзяржавы, дзе галоўнай каштоўнасцю быў і застаецца чалавек.

Аляксандр Турчын падкрэсліў, што сёння ў краіне магчымы эвалюцыйныя перамены без рэвалюцыі. А рэферэндум, бясспрэчна, — гэта эвалюцыйны крок наперад у развіцці. Мінская вобласць, як цэнтральны рэгіён, не можа заставацца ўбаку ад падзеі агульнадзяржаўнай значнасці. Акрамя змяненняў у Канстытуцыю, будуць унесены змяненні ў вялікую колькасць законаў, падзаконных актаў. Гэта датычыцца размеркавання паўнамоцтваў, зоны адказнасці, пашырэння правоў грамадзян. Аляксандр Турчын упэўнены, што многія пытанні варта пераносіць на ўзровень мясцовых Саветаў дэпутатаў. Менавіта дэпутаты — хто ж, як не яны ведаюць, вобразна кажучы, хто чым дыхае, абстаноўку ў раёне, могуць вырашаць пытанні маёмасных, зямельных адносін, каму працягнуць тэрмін рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, каму выдзеліць зямлю і многае іншае. Яны здольны прымаць найбольш узважаныя і правільныя рашэнні, якія адпавядаюць інтарэсам развіцця свайго рэгіёна.

Упэўнена — у будучыню

Спыніўся Аляксандр Турчын і на прыярытэтах развіцця Мінскай вобласці, на праблемах, якія назапашваліся гадамі, і патрабуюць першачарговага рашэння.

— Гэта тыя ж дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Асабліва актуальна для Мінскага раёна, які за дзесяць гадоў прырос на сто тысяч чалавек. Тут будуецца вялікая колькасць жылля. Толькі на працягу аднаго з папярэдніх гадоў было ўзведзена 740 тысяч квадратных метраў. У той жа час адставала сацыяльная інфраструктура. Недагляды трэба наганяць, — кажа кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

У 2022 годзе абласныя ўлады паставілі яшчэ адну задачу — якаснае водазабеспячэнне насельніцтва. Застарэлая праблема з вадой у Фаніпалі.

— Таму сёлета значныя сродкі прадугледзелі ў бюджэце для таго, каб закрыць праблему з пітной вадой горада-спадарожніка Мінска і паставіць кропку ў гэтым пытанні. Праблемы якаснага забеспячэння пітной вадой існуюць і ў іншых рэгіёнах вобласці. Мы бачым усе недахопы, хацелася б ліквідаваць іх максімальна хутка, але не заўсёды на гэта хапае сродкаў. Выбіраем прыярытэтнасць вырашэння тых ці іншых праблем. Мы ўсё бачым, разумеем і максімальна стараемся рабіць так, каб нашы людзі ў раёнах жылі камфортна, не горш, чым у сталіцы, — канстатаваў Аляксандр Турчын.

Яшчэ адным прыярытэтам з'яўляецца жыллё, будаўніцтву ўдзяляецца значная ўвага. За два апошнія гады ўзведзена 2,5 мільёна квадратных метраў, больш як 4220 шматдзетных сем'яў змаглі палепшыць жыллёвыя ўмовы. Сёлета на Міншчыне пабудуюць больш як мільён квадратаў жылля. Мяркуецца, што 2000 сем'яў пераедуць у новыя кватэры і індывідуальныя дамы. За два гады ў вобласці расчынілі дзверы 15 дзіцячых садоў, пяць новых школ — у Занарачы Мядзельскага раёна, Калодзішчах і Копішчы Мінскага раёна, Маладзечне і Стоўбцах. На будаўніцтва новых устаноў адукацыі і рамонт існуючых было накіравана 240 мільёнаў рублёў. У гэтым годзе будуюцца дзіцячыя сады ў Любані, Фаніпалі, школа ў Смалявічах.

Шмат змен адбылося і ў сістэме аховы здароўя. У Астрашыцкім Гарадку адрамантавана амбулаторыя, уведзены ў дзеянне новы дыягнастычна-лячэбны корпус Барысаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Штогод адкрываюцца фізкультурна-аздараўленчыя комплексы (ФАК), басейны, спартыўныя залы. За два гады такія комплексы адкрылі ў Мар'інай Горцы, Старых Дарогах, Міханавічах. Плануецца будаўніцтва спартыўных аб'ектаў і басейнаў у Фаніпалі, Уздзе, Дзяржынску, Крупках, Мядзелі, Слуцку і Нясвіжы.

У рэжыме праўды

Па меркаванні прысутных на сустрэчы, прыняцце абноўленай Канстытуцыі дасць далейшы штуршок для развіцця цэнтральнага рэгіёна, вырашэння этычна-маральных праблем. Напрыклад, замацаванне такога паняцця, як шлюб паміж мужчынам і жанчынай, паспрыяе ўмацаванню сям'і, выхаванню дзяцей. Шмат гаварылася і пра захаванне гістарычнай спадчыны, традыцый беларускага народа. Прадстаўнікі розных раёнаў Міншчыны падкрэслівалі, што праводзяць дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы з людзьмі розных узростаў і прафесій, у працоўных калектывах. Грамадзяне зацікаўлена абмяркоўваюць папраўкі ў Асноўны Закон краіны, выказваюць шмат прапаноў. І, як вынікае з іх адказаў, яны гатовы прыйсці на рэферэндум і прагаласаваць за абноўленую Канстытуцыю, а значыць, за мір, стабільнасць і згоду ў грамадстве, суверэнітэт і незалежнасць краіны.

— Мы ідзём насустрач пажаданням людзей. Гэта нам, спікерам і экспертам, здаецца, што ўсё растлумачылі, але на дыялогавых пляцоўках людзі працягваюць задаваць пытанні, якія датычацца не толькі змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Усенароднае абмеркаванне Асноўнага Закона ператварылася ў шырокую інфармацыйна-палітычную, асветніцкую кампанію. Наш праект «У рэжыме праўды» назвалі асветніцкім. Людзі хочуць пачуць адказ на пытанні, якія закладзены ў Канстытуцыі: дзе нашы гістарычныя карані, якое наша месца ў свеце, якая наша ідэалогія, што мы будзем рабіць далей. Людзям ужо не трэба тлумачыць значнасць рэферэндуму і чаму трэба на яго прыйсці. Яны хочуць пачуць адказ на пытанні, якія закладзены ў Канстытуцыі: што будзем рабіць далей. Гэта размова аб будучыні і пошук адказаў на пытанні, якія задаў Прэзідэнт у Пасланні, — сказаў напрыканцы сустрэчы Вадзім Гігін.

Таццяна ГЕОРГІЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.