Вы тут

Памятка па вырошчванні расады дома


Штогод увесну для ўсіх садаводаў-агароднікаў галоўным словам становіцца «расада». І з такой жа рэгулярнасцю зноў і зноў узнікаюць пытанні, звязаныя з ёй: дзе купіць насенне, у які грунт пасадзіць, чым падкарміць, як паліваць, калі і як высаджваць...


Фота: pexels.com

Правіла 1

Купляйце насенне толькі ў праверанага вытворцы. Калі не выконваць гэтае правіла, у найлепшым выпадку атрымаеце насенне, якое не ўзышло, або расліну не таго сорту.

Як мінімум у прафілактычных мэтах замачыце падазроны пасяўны матэрыял у моцным растворы марганцоўкі, а затым прамыйце праточнай вадой.

Правіла 2

Большасць захворванняў агароднінных і кветкавых культур перадаецца з пасадачным матэрыялам. Таму нават дакладна якаснае насенне не палянуйцеся пасартаваць, пратруціць, замачыць і (ці) загартаваць перад пасадкай, каб пазбавіцца ад магчымых патагенаў, узбагаціць насенне мікраэлементамі, палепшыць яго ўсходжасць, забяспечыць удалае прарастанне. Метад і працягласць апрацоўкі залежаць ад культуры і ўзросту насення. У апрацоўцы не мае патрэбы толькі дражаваны і інкруставаны пасяўны матэрыял.

Правіла 3

Загадзя паклапаціцеся пра падрыхтоўку пажыўнага грунту для высеву насення. Грунт для расады можна набыць у краме, калі давяраеце вытворцу, альбо прыгатаваць самастойна ў хатніх умовах. У любым выпадку падрыхтаваны грунт прыйдзецца яшчэ прасеяць, а затым абеззаразіць тэрмічным або хімічным спосабам да пасеву насення.

Правіла 4

Правіла абсалютнай чысціні ў вырошчванні расады датычыцца не толькі грунту — па магчымасці дэзынфіцыраваць трэба ўсё. А менавіта: ёмістасці для вырошчвання расады з любога матэрыялу; інструменты, якія выкарыстоўваюцца для рыхлення, паліву, пікіроўкі і іншых маніпуляцый з расадай; «месца жыхарства» расады і змешчаныя побач паверхні (стол, падаконнік, сцяна, акно). Апошні пункт асабліва актуальны для памяшканняў, дзе вырошчваюць хатнія расліны, якія лёгка могуць стаць крыніцай заражэння маладых і неакрэплых усходаў.

Для дэзынфекцыі можна выкарыстоўваць самыя простыя сродкі, напрыклад, слабы раствор перманганату калію.

Правіла 5

Выконвайце тэрміны пасадкі насення на расаду, каб сеянцы добра развіваліся, не выцягваліся, не перарасталі, і да моманту высадкі былі ў найлепшай форме. Асабліва актуальны гэты пастулат для раслін, прызначаных для высадкі ў адкрыты грунт. Пры занадта раннім пасеве насення расаду першы час прыйдзецца дасвятляць. Ці гатовыя вы да гэтага тэхнічна? Гэтак жа важна не ператрымаць расаду. Чым старэйшыя будуць вашы расліны — тым горш яны перанясуць перасадку і даўжэй будуць прыжывацца на новым месцы.

Правіла 6

Пасеў насення таксама трэба правесці правільна: улічвайце, што насенне розных культур з-за розніцы ў памерах або асаблівасцяў развіцця могуць патрабаваць рознага спосабу, шчыльнасці і глыбіні пасеву.

Звычайна дробнае насенне проста выкладваюць на паверхню субстрату і апырскваюць вадой з пульверызатара. Да таго ж для зручнасці пасеву яго часта змешваюць з дробным сухім пяском. Насенне сярэдняга памеру сеюць у невялікія баразёнкі, велічыня якіх вызначаецца гэтым самым памерам (таўшчыня верхняга пласта павінна перавышаць памер насення не больш чым удвая), і злёгку прысыпаюць грунтам. Буйное насенне можна сеяць глыбей.

Правіла 7

Не забывайце пра тэмпературны рэжым расады. Гэта закладвае аснову ўстойлівасці культур да хвароб і неспрыяльных пагодных умоў.

Хоць адназначна, што празмерна высокая і нізкая тэмпературы аднолькава шкодныя расадзе, але да таго ж сеянцам розных культур для камфортнага развіцця далёка не заўсёды падыходзіць адзін і той жа тэмпературны рэжым.

Адны расліны (таматы, баклажаны, перац) цеплалюбівыя і патрабуюць дзённай тэмпературы ў межах 22—25 °С, а начной не менш за 18 °С. Іншыя (салата) умерана патрабавальныя да цяпла, ім дастаткова 14—18 °С днём і 12—14 °С ноччу. Трэція ж наогул холадаўстойлівыя (усе віды капусты) і пераносяць начныя тэмпературы нават у межах 6 °С, а днём ім хапае 13—16 °С.

Правіла 8

Забяспечце расадзе аптымальную працягласць светлавога дня (асвятленне), каб наблізіць умовы росту да натуральных. Бо, пасеяўшы насенне ў лютым, мы, строга кажучы, спрабуем абысці законы прыроды.

Калі тэрміны пасеву досыць познія, расада можа абысціся і натуральным сонечным святлом — трэба толькі даць ёй месца на светлым падаконніку. У выпадку ранняга пасеву прыйдзецца набываць спецыяльныя фіталямпы і дасвятляць расаду. Наогул, у нашым не самым сонечным клімаце хоць бы адну такую лямпу карысна мець «на ўсялякі выпадак» кожнаму агародніку, які жадае атрымліваць добрую расаду.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.