Вы тут

Беларускія гімнасты — на п'едэстале


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем спартыўныя навіны.


Фота: БелТА

Героі тыдня. Беларускія гімнасты заваявалі чатыры медалі на першым этапе Кубка свету па спартыўнай гімнастыцы, які праходзіў у нямецкім Котбусе з 24 да 27 лютага. Ягор Шарамкоў перамог у вольных практыкаваннях, яго выступленне суддзі ацанілі на 13,933 бала. Тры медалі заваявала Настасся Сманцэр: «серабро» ў вольных практыкаваннях, «бронзу» па выніках выступленнях на бервяне і рознавысокіх брусах. Другі этап Кубка свету па спартыўнай гімнастыцы сезона 2022 года пройдзе з 2 да 5 сакавіка ў Катары.

Цытата тыдня. «Па выніках выступленняў на этапах Кубка свету ліцэнзіі атрымалі 10 чалавек, пазней нам дадалі яшчэ два дадатковыя пропускі на Гульні. На гэтыя месцы мы вырашылі ўзяць маладых хлопцаў, якім няма яшчэ і дваццаці, каб яны загадзя адчулі, што такое Паралімпіяда. У адносінах да сусветных лідараў у нас невялікая каманда, але, калі ўсё складзецца добра, мы рэальна можам прэтэндаваць на 5—7 медалёў. Вядома, узнагароды — гэта вельмі добра. Але для мяне яшчэ большым поспехам будзе, калі нашы паралімпійцы дзякуючы сваім вынікам матывуюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі займацца спортам і ў цэлым весці больш актыўны лад жыцця», — сказаў старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Алег Шэпель на ўрачыстых провадах беларускай каманды на Паралімпійскія гульні ў Пекін.

Аб'ява тыдня. Беларуская федэрацыя біятлона заявіла, што нацыянальная каманда Рэспублікі Беларусь не прыме далейшы ўдзел у чарговых этапах Кубка свету па біятлоне сезона 2021—2022 гадоў. Дагэтуль Міжнародны саюз біятланістаў прыняў рашэнне, што беларускія і расійскія біятланісты будуць выступаць на этапах Кубка свету і Кубка ІBU ў нейтральным статусе. У ІBU пастанавілі, што на спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднага саюза біятланістаў не будуць гучаць гімны Беларусі і Расіі, не будуць вывешвацца флагі краін, акрамя таго, нацыянальных сімвалаў не павінна быць і на экіпіроўцы страляючых лыжнікаў. Таксама расійскія і беларускія біятланісты не змогуць атрымліваць ачкі ў залікі Кубка нацый і эстафет.

Няўдача тыдня. Беларускія лыжнікі засталіся без узнагарод чэмпіянату свету па лыжных гонках сярод юніёраў і моладзі. Краіну на гэтым форуме прадстаўлялі Валерыя Давыдзенка, Ульяна Хоміч, Ягор Шпунтаў.

Пазіцыя тыдня. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ў абноўленым рэйтынгу Жаночай асацыцыі тэніса заняла 3-ю пазіцыю, апусціўшыся з другога радка. У яе актыве 4853 балы. На мінулым тыдні Арына Сабаленка дайшла да чвэрцьфіналу буйнога турніру ў Катары, дзе ўступіла польскай тэнісістцы Ізе Свёнтэк, якая ў выніку выйграла гэтыя спаборніцтвы. Былы лідар сусветнага рэйтынгу Вікторыя Азаранка засталася на 16-м месцы (2272 ачкі). Аляксандра Сасновіч займае 60-ю пазіцыю (1028), у Вольгі Гаварцовай 150-е месца (423), Юлія Гатоўка на 180-м радку (368).

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў упершыню на першы радок падняўся расіянін Данііл Мядзведзеў. Ён абышоў серба Новака Джокавіча, які займаў гэтае месца з лютага 2020 года. Найлепшы з беларускіх тэнісістаў Ілья Івашка займае 43-е месца (1179 балаў), у Ягора Герасімава 152-я пазіцыя (422 балы).

Страта тыдня. Ва ўзросце 46 гадоў памёр беларускі барэц грэка-рымскага стылю Дзмітрый Дзябелка, прызёр Алімпійскіх гульняў 2000 года ў Сіднэе. Алімпійскі п'едэстал гонару Дзмітрый Дзябелка падзяліў з такімі славутымі барцамі, як расіянін Аляксандр Карэлін і амерыканец Рулон Гарднер. У 2003 годзе ў Дзмітрыя дыягнаставана цяжкае захворванне нырак, у 2006 годзе яму была зроблена аперацыя.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.