Вы тут

У Гомелі абралі лепшы камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання


Актыўныя камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання сёння ўжо — «фішка» многіх раёнаў Гомеля. Ініцыятывы «гаспадароў» і ў доме, і ў двары, як вялікія сем’і растуць і развіваюцца. Самых яркіх з іх традыцыйна заахвочвае Гомельскі гарадскі Савет дэпутатаў. Хто па выніках мінулага года прэтэндуе на званне найлепшых, высветлілі падчас агляду двароў, добраўпарадкаваных сіламі гомельскіх актывістаў.


«Крыштальныя» гаспадары і ў хаце, і ў двары 

У «хіт-парадзе» дваровых ініцыятыў — традыцыйна камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Крышталь». Яго прапіска — мікрараён актыўнай жыллёвай забудовы «Хутар». Ініцыятыва аб’ядноўвае ў агульную каманду жыхароў шматпавярковікаў па вуліцы Беліцкай і курыруе дзейнасць па добраўпарадкаванні адразу некалькіх дваровых тэрыторый.

Калісьці ля новабудоўляў па вуліцы Беліцкай быў суцэльны пясок. Забудоўшчык свае абавязацельствы па добраўпарадкаванні выканаў па мінімуме. Жыхароў дамоў гэта не задаволіла. Яны талакой стварылі некалькі зручных зон адпачынку для жыхароў розных ўзросту і з самымі рознымі інтарэсамі.

Камітэт самакіравання «Крышталь», які ўзначальвае Аляксандр Сычоў, у конкурсах на лепшую арганізацыю работы ўжо займаў першае месца ў Гомелі і трэцяе ў вобласці. За мінулы год грамадскае фармаванне таксама без справы не сядзела.

— У нас у Viber ёсць свой чат, у якім абмяркоўваем, што можам сумесна зрабіць, каб згуртаваць жыхароў, — адзначыў Аляксандр Сычоў.

— Імкнёмся падтрымаць тых, хто патрапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. Не менш важная задача — заняць карыснай справай дзяцей, каб не праседжвалі гадзінамі ў гаджэтах, а фізічна развіваліся. Для гэтага рэстаўравалі ўстаноўленыя пры засяленні ў дамы арэлі і альтанкі, падрыхтавалі пляцоўку для заняткаў футболам, уладкавалі ў двары спартыўны гарадок.

Адна з самых буйных акцый, якая летась аб’яднала больш за сто актывістаў камітэта, — гэта паліў у спякотнае надвор’е маладых зялёных насаджэнняў у дварах. Літаральна кожнае дрэва з агульнай згоды кааператыву замацавана за кватэрамі. У выніку ў дварах КТГС «Крышталь» прыжылося больш за 90 працэнтаў пасаджаных маладых дрэў.

— Камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання павінен бесперапынна развівацца, — упэўнены кіраўнік КТГС «Крышталь». — І ў нас ёсць планы на бліжэйшы час. Першым чынам уладкаваць зону з трэнажорамі для падлеткаў, акультурыць тэрыторыю каля возера, што знаходзіцца побач з нашым мікрараёнам. У планах зрабіць домік для качачак, якія плаваюць тут. Усталюем лаўкі, каб ля вады маглі адпачываць жыхары мікрараёна. 

«Гарадок міньёнаў»

У дварах дамоў № 63, 65, 67 і 71 на Рэчыцкім праспекце Гомеля за «дваровымі парадкамі» сочаць... міньёны. Адметныя мультперсанажы зробленыя з падручных матэрыялаў. 

— Гэты двор уваходзіць у склад КТГС «Рэчыцкі». Падчас яго пераўтварэння актывісты натхніліся прыкладам суседняй дваровай тэрыторыі «Праспект цудаў». Таксама вырашылі ўключыць у яго афармленне казачныя элементы. У двары шмат архітэктурных формаў, лодка са сцягам, пляцоўка для самых маленькіх, — кажа намеснік дырэктара КЖРЭУП «Савецкае» Кірыл Валасач.

У дваровай зоне ўсталявалі гульнявое абсталяванне, балансіры, арэлі, горку, зрабілі валейбольную пляцоўку са штучным пакрыццём. Творча падышлі ў гэтым двары і да афармлення дрэў і зялёных насаджэнняў.

— Нашы ялінкі і клумбы таксама паглядзіце, — запрасілі падчас агляду актывісты старэйшага ўзросту. — Энтузіязм маладых захапіў і нас, пенсіянераў: мы самі хвойнікі высадзілі, клумбу зрабілі. Спадзяёмся, улетку такая прыгажосць для вачэй будзе. Нам бы вось яшчэ дрэў у двары больш. Будзе не горш, чым на «Праспекце цудаў».

«Губернатарская» баскетбольная пляцоўка 

У камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, створанага пры ЖЭУ № 1 КЖРЭУП «Сельмашаўскае», пакуль няма назвы. Але гэта не перашкаджае на гэтай тэрыторыі ўвасабляць у жыццё цікавыя праекты добраўпарадкавання дваровай зоны. Вылучаецца невялікі, але вельмі ўтульны двор на вуліцы 8-й Іншагародняй. Актывісты гэтага камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ўпэўненыя: для таго каб у доме і ў двары было камфортна, панавала хатняя атмасфера, павінны пастарацца самі жыхары. 

— Мы імкнёмся згуртаваць жыхароў, натхніць іх на добрыя справы, — падкрэсліў старшыня грамадскага аб’яднання Мікалай Колаш. — Але ніколі не бывае лішняй падтрымка органаў улады, дэпутацкага корпуса, жыллёва-камунальнай службы. І мы яе атрымліваем.

Дарэчы, новая сучасная баскетбольная пляцоўка ў гэтым двары з’явілася пры падтрымцы былога старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя. З устаноўкай арэляў дапамагла адміністрацыя Чыгуначнага раёна Гомеля, КЖРЭУП «Сельмашаўскае» пасадзейнічала ў абсталяванні пясочніцы для малых. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Данчанка дапамог з арганізацыяй асвятлення гульнявой зоны. Нядаўна ў двары дома з’явілася новая валейбольнае «поле». Важна, што гаспадары двара запрашаюць карыстацца ўсімі спартыўнымі пляцоўкамі жыхароў суседніх двароў.

— Усё ўбачанае падчас аб’езду дэпутатамі гарсавета, вядома, уражвае. энтузіясты падыходзяць крэатыўна да ўвасаблення сваіх праектаў: уносяць у афармленне дваровых тэрыторый элементы казкі, клапоцяцца гэтым аб сваіх дзецях, каб яны раслі ва ўтульнай атмасферы, — падзяліўся ўражаннямі старшыня Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай Кавалевіч. — Двор — гэта працяг дома, і мы бачым, што тэрыторый, дагледжаных рукамі жыхароў, у Гомелі становіцца ўсё больш.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.