Вы тут

На «Беларусь 3» пакажуць гістарычны серыял «Дзяржаўная граніца»


На наступным тыдні ў эфіры «Беларусь 3» пройдуць цікавыя кінапаказы для тых, хто любіць даследаваць гістарычнае мінулае і натхняцца біяграфіямі людзей, якія адкрываюць нам вядомых асоб з нечаканых ракурсаў. На канале ўбачым шматсерыйны гісторыка-прыгодніцкі серыял «Дзяржаўная граніца» і дакументальныя фільмы з цыкла «Імёны Беларусі».


Паказ гісторыка-прыгодніцкага серыяла «Дзяржаўная граніца» ад рэжысёра Барыса Сцяпанава, які здымалі на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1980—1988 гадах, стартуе ў аўторак. У першай серыі дзеянне адбываецца ў 1917 годзе, калі ў маладой рэспубліцы Саветаў прымаецца дэкрэт аб граніцы і пачынаецца стварэнне пагранічнай службы. Герой фільма, былы афіцэр Асобнага корпуса пагранічнай варты, прымае прапанову ўзначаліць мытную службу Савецкай дзяржавы. Даведаемся з фільма таксама пра тое, як змагаліся першыя савецкія пагранічнікі з незаконным вывазам каштоўнасцяў...

У вячэрнім эфіры аўдыторыю чакае дакументальны фільм «Імёны Беларусі. Максім Гарэцкі» Арыны Бокун (2021). Лёс аўтара першага беларускага хорару з'яўляецца не менш вострасюжэтным, чым яго кнігі. Беднасць, жахі вайны, арышты, расстрэл... А вось у прамежках паміж жыццёвымі катаклізмамі літаратар і вучоны паспяваў пісаць кнігі і праводзіць сур'ёзныя даследаванні беларускай мовы, фальклору, літаратуры. Работы Максіма Гарэцкага дазволілі яму ўваскрэснуць у памяці людзей праз гады забыцця...

Другі фільм «Мірнае лета 21-га года» серыяла «Дзяржаўная граніца» ўбачым у сераду. Цяпер разам з героямі кінастужкі гледачы апынуцца на ўчастку савецка-польскай граніцы, якая летам 1921 года пастаянна парушалася «агентамі міжнароднага капіталу». Па заданні польскай разведкі група злачынцаў пераапранаецца ў форму чырвонаармейцаў і нападае на прыгранічны савецкі гарадок. Пры гэтым гіне начальнік асобага аддзела Краўцоў, а яго жонка атрымлівае раненне. Аднак у планы ворагаў умешваецца чэкіст Гамаюн, і ўвесь ход аперацыі мяняецца...

А вось у чарговай серыі дакументальнага праекта «Імёны Беларусі» распавядуць пра Яна Чэрскага. Выпускнік Шляхецкага інстытута ва ўзросце 18 гадоў быў назаўсёды сасланы ў Сібір за ўдзел у паўстанні 1863 года. Але там юнака выратоўвае навука, і адтуль ён вяртаецца вядомым вучоным. А пасля адпраўляецца ў чарговую экспедыцыю, якая стане для яго апошняй.

Трэцюю серыю «Дзяржаўная граніца. Усходні рубеж» (1982) убачым у чацвер. Дзеянне гэтай кінастужкі пераносіць нас ужо ў 1929 год на савецка-кітайскую граніцу. Яе героі праяўляюць сябе і дэманструюць прафесіяналізм ва ўмовах змоў і правакацый. Чацвёрты фільм, «Чырвоны пясок», на экраны выйдзе ў пятніцу. Тут нас чакае аповед пра барацьбу савецкіх пагранічнікаў з фарміраваннем басмачоў на далёкіх паўднёвых граніцах Савецкага Саюза.

Яшчэ адна серыя дакументальнага цыкла «Імёны Беларусі» расказвае пра Андрэя Уласенку. У 1868 годзе малады аграном з Магілёўшчыны вынайшаў прататып сучаснага камбайна. Нават заходнія аналагі саступалі новай тэхніцы ў якасці. Аднак чаму навінка так і не трапіла ў масавую вытворчасць, а геніяльны вынаходнік памёр невядомым?

Прадставяць нашай увазе і дакументальны фільм пра Айзека Азімава. Мала хто ведае, што аўтар некалькіх соцень мастацкіх і навукова-папулярных твораў, сусветна вядомы фантаст родам з былога мястэчка Вялікага Княства Літоўскага... Свае родныя Пятровічы пісьменнік успамінаў усё жыццё, але так там і не пабываў. А прычынай стала тое, што аўтар раманаў пра міжгалактычныя пералёты не любіў вандраваць.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.