Вы тут

Заробкі, абноўленая Канстытуцыя і інфармацыйная вайна


На гэтыя тэмы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка пагутарыў з калектывам 120-й зенітна-ракетнай брыгады ў Баранавічах.


Пра сацыяльную нагрузку дзяржавы

Яе, заявіў Ігар Сергеенка, дзяржава нясе ў поўным аб'ёме. Для гэтага ў Беларусі дакладна выбудавана сямейная палітыка, сацыяльная абарона, умацавана сацыяльная інфраструктура, наладжана падтрымка беспрацоўных, павышаюцца заработныя платы бюджэтнікам і розным катэгорыям насельніцтва. Але, адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, ва ўмовах санкцый складана знаходзіць новыя нестандартныя рашэнні, рынкі збыту, шляхі набыцця камплектуючых і прадукцыі.

«Беларусы ўваходзяць у пяцёрку сусветных лідараў па вытворчасці і рэалізацыі малочнай прадукцыі. Разам з тым экспарт сельгаспрадукцыі вырас за год на 1 мільярд долараў, — падкрэсліў Ігар Сергеенка. — Усе гэтыя прыклады сведчаць аб тым, што рух ёсць, рух будзе і ўсе праграмы будуць рэалізоўвацца. Так, нешта ва ўмовах сённяшняга дня будзе карэкціравацца, тым больш што ёсць непрадбачаныя сур'ёзныя выдаткі. Напрыклад, звязаныя ў тым ліку з барацьбой з каранавіруснай інфекцыяй, хаця яна пайшла на спад».

У ходзе сустрэчы таксама гаварылі на розныя тэмы: чым сёння жыве краіна, аб сацыяльна-эканамічным развіцці, паляпшэнні ўзроўню жыцця, рызыках і пагрозах, канстытуцыйным удасканаленні, сітуацыі ва Украіне.

Па словах Ігара Сергеенкі, ён часта сустракаецца з рознымі калектывамі. У тым ліку і ў вайсковых часцях, каб непасрэдна на месцах даведацца, чым жыве армія, як праходзіць вайсковая служба ў салдат і афіцэраў, які ў іх настрой, умовы баявой падрыхтоўкі і адпачынку.

«Тое, што я ўбачыў у Баранавіцкім гарнізоне, стварае добрае ўражанне. Афіцэры і салдаты настроены на баявую работу. Звярну ўвагу, што служыць шмат жанчын. Гэта таксама выдатна, значыць, прэстыж ваеннай прафесіі ў краіне ёсць, ён не падае», — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Маніфест беларускага народа

Такім чынам ахарактарызаваў Ігар Сергеенка ў размове з ваеннаслужачымі адноўленую Канстытуцыю краіны, па якой мы жывём ўжо некалькі дзён. «Карпатлівая работа над Асноўным Законам вялася на працягу года, адбылося сапраўды ўсенароднае абмеркаванне. Кожны чалавек меў права выказацца. Паступалі самыя розныя прапановы: па сутнасці, якія былі ўлічаны, у падтрымку, а таксама тыя, якія знойдуць адлюстраванне ў далейшай распрацоўцы заканадаўчай базы», — канстатаваў Ігар Сергеенка.

Ігар Сергеенка ў час наведвання Музея народнага адзінства ў СШ № 1  імя С. І. Грыцаўца ў Баранавічах.

Як ён падкрэсліў, у Канстытуцыі адлюстраваны асноўныя напрамкі і палажэнні, якія датычацца правоў, свабод, абавязкаў грамадзян, палітычнай сістэмы, судаўладкавання, укаранення Усебеларускага народнага сходу. «У цэлым гэта Канстытуцыя будучага, заўтрашняга дня», — сказаў Ігар Сергеенка.

У актыўнай фазе вайны інфармацыйнай

«Сёння дастаткова ў інфармацыйнай прасторы асвятляюцца падзеі на тэрыторыі Украіны. Усе нашы дзяржаўныя СМІ аб'ектыўна адлюстроўваюць тое, што адбываецца.

Аднак варта адзначыць, што ў гэтых хітраспляценнях складана разабрацца людзям, асабліва недасведчаным: маса фэйкаў, льецца патокам дэзынфармацыя з розных каналаў. Мы знаходзімся ў актыўнай фазе інфармацыйнай вайны і аказаліся ўцягнуты ў яе нехаця. Адпаведна падаюцца і інтэрпрэтуюцца розныя падзеі. Адзін і той жа факт могуць паднесці зусім пад іншым ракурсам», — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ігар Сергеенка абверг адзін з нядаўніх фэйкаў. Паводле яго слоў, на мінулым тыдні ва ўкраінскіх СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што расійскі самалёт, які нібыта стартаваў з беларускай тэрыторыі, скінуў некалькі снарадаў на тэрыторыі Украіны, а на зваротным шляху — некалькі снарадаў на тэрыторыі Беларусі. «Гэта інфармацыя з'явілася ва ўкраінскіх СМІ, — растлумачыў ён. — Мы разабраліся на працягу некалькіх гадзін. Тут жа ў сродках масавай інфармацыі размясцілі аб'ектыўныя звесткі аб тым, што гэтага проста не было».

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.