Вы тут

Цікавосткі ХXІX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу


Калі ўваходзіш у выставачны цэнтр, дзе праходзіць ХXІX Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, крыху губляешся ад стракатага відовішча мноства павільёнаў беларускіх і замежных выдавецтваў: куды пайсці найперш? Складана не заўважыць галоўную сцэну, дзе адбываюцца прэзентацыі кніг і творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі. Стэнд галоўнай сцэны ўпрыгожаны надпісамі, якія нагадваюць аб сёлетніх знакавых для беларускай літаратуры датах — 100-годдзі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і 50-годдзі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Таксама тут размясцілі фотаздымкі і паштоўкі канца XІX — пачатку XX стагоддзя, якія расказваюць пра багаты архітэктурны скарб нашай краіны. Гэта гісторыя, якая ажыла. І выраз далёка не фігуральны: з фота можна ўзаемадзейнічаць у рэжыме дапоўненай рэальнасці. Усё, што трэба зрабіць, — навесці смартфон на здымак і падзівіцца таму, як ён ажывае праз экран. На стэндзе Міністэрства інфармацыі мне распавялі, што гэта праект гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Аўтар вырашыў захаваць наш культурны код адразу ў двух вымярэннях — папяровым і лічбавым. Набыць такую цікавую рэч можа кожны, на выстаўцы-кірмашы прадаюцца календары «Бацькаўшчына», адпаведна, з імі таксама можна гуляцца ў рэжыме дапоўненай рэальнасці.


Уладзімір Ліхадзедаў распавёў «Звяздзе» аб яшчэ адным цікавым выданні, якое выйшла сумесна з «ААБ Беларусбанк» і прымеркавана да яго 100-годдзя:

— У кнізе «Банкі Беларусі» сабрана больш за 330 старых фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць банкаўскую сістэму, што існавала на тэрыторыі Беларусі да 1917 года. Там распавядаецца аб ашчадных касах, якія знаходзіліся пры кожных чыгуначных касах і параходных прыстанях. Аб гэтым практычна ніхто не ведае. Гартаючы старонкі, ты пачынаеш разумець, што нашы землі былі не проста адсталай ускраінай, а сапраўды цэнтрам і культурнага, і фінансавага жыцця.

Падчас прэзентацыі выдання намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі адзначыў:

— Гэты праект — вынік сумеснай, найскладанейшай працы як уласных ініцыятыў, так і «АСБ Беларусбанк». Па-першае, неабходна было сабраць калекцыю ўнікальных здымкаў, па-другое, скласці цікавы расповед, абапіраючыся на дакументальныя хронікі. Гэтае выданне захоўвае культуру нашага народа.

Шмат на выстаўцы згадак і пра яшчэ дзве знакавыя даты — 140-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэтай падзеі прысвяцілі многае: ад факсімільных выданняў да квэстаў.

Працягваючы знаёміцца з экспазіцыяй выстаўкі-кірмашу, я заўважыла стэнд, дзе амаль няма кніг, але заўсёды шмат людзей. Гэта павільён Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка — установы адукацыі, якая падтрымлівае цікавасць дзяцей да навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Дзіцячы тэхнапарк нават праводзіць адукацыйныя змены: некалькі тыдняў навучэнцы школ праводзяць разам з выкладчыкамі вышэйшых устаноў, распрацоўваючы цікавы праект. Увагу наведвальнікаў прыцягнуў робат Роберт: каб зрабіць з ім фотаздымак, выстраілася чарга.

Не спынялася актыўнасць і на пляцоўцы Саюза пісьменнікаў Беларусі. Увесь час, што я знаходзілася ў «БелЭкспа», адтуль гучалі вершы і песні. Мікола Чарняўскі прэзентаваў кнігу «Вяселле ў Налібоках», а Кастусь Цыбульскі правёў музычна-паэтычную імпрэзу «Я застаюся тут». Для маленькіх наведвальнікаў Саюз пісьменнікаў Беларусі прапанаваў інтэрактыўную аўтограф-сесію Сяргея Клімковіча і яго кнігі «Приколы из школы».

Выдавецкі дом «Звязда» таксама быў у цэнтры ўвагі, з найбольш яскравага — прэзентацыі кніг дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Аўтарка ўмее распавядаць дзеткам так, каб яны слухалі, бо сама працуе настаўніцай. На сёлетняй выстаўцы-кірмашы Кацярына Хадасевіч-Лісавая пазнаёміла наведвальнікаў са сваёй новай казачнай кнігай «Сакрэты аднаго каралеўства».

На 27 сакавіка на нашым стэндзе запланавана сустрэча з Валянцінам Елізар'евым. Кніга «Феномен Валянціна Елізар'ева» ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» і па-новаму раскрывае асобу знакамітага на ўвесь свет беларускага харэографа. На старонках новага выдання — вялікая колькасць фатаграфій як самога Елізар'ева, так і сцэн з яго спектакляў, а таксама інтэрв'ю з самім харэографам і са знакамітымі артыстамі балета, кампазітарамі, балетмайстрамі. Кнігу можна будзе набыць і ўзяць аўтограф у яе галоўнага героя. Наперадзе нас чакае яшчэ шмат мерапрыемстваў. Цырымонія закрыцця адбудзецца ў нядзелю, 27 сакавіка, а 15.00.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.