Вы тут

Чым запомніцца ў Магілёўскай вобласці двухдзённая Спартакіяда — 2022


Традыцыйную спартакіяду па зімовых відах спорту дэпутаты Магілёўскай вобласці падтрымалі як заўсёды дружна і масава. Удзел у ёй узяло больш за 250 чалавек. Упершыню ўдзельнічала каманда Маладзёжнага парламента пры Магілёўскім абласным Савеце дэпутатаў.


Спаборніцтвы праходзілі ў Магілёве, у новым шматфункцыянальным фізкультурна-аздараўленчым комплексе Н2О.

Удзельнікаў спаборніцтваў віталі прадстаўнікі абласной улады. Вельмі трапна пра важнасць такога роду мерапрыемстваў выказалася старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык: «Спартыўныя спаборніцтвы развіваюць лідарскія навыкі, якія дапамагаюць дамагацца перамог, не толькі на спартыўнай, але і на прафесійнай арэне».

«Спорт выхоўвае мэтанакіраванасць, рашучасць, уменне працаваць у камандзе. Не дзіва, што дэпутаты так шмат удзяляюць яму ўвагі», — казалі пра ўдзельнікаў спаборніцтваў тыя, хто прыйшоў іх падтрымаць. А гэта намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Алег Дзячэнка, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Масейкаў, Людміла Здорыкава, Вольга Петрашова, Наталля Тарасенка, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года па цяжкай атлетыцы, двухразовы чэмпіён свету, чэмпіён Еўропы 2006 года Андрэй Рыбакоў, сярэбраны прызёр XXІ зімовых Алімпійскіх гульняў 2010 года па біятлоне ў індывідуальнай гонцы, трохразовы чэмпіён зімовых Сусветных універсіяд, двухразовы чэмпіён Еўропы Сяргей Новікаў, сцяганосец зборнай каманды Рэспублікі Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Токіа (паўфіналіст турніру па стральбе з лука) Ганна Марусава і іншыя. Пры такім складзе балельшчыкаў нельга было выступаць абы-як. І дэпутаты выкладваліся на поўную.

Абсалютнымі пераможцамі ў камандным заліку сталі дэпутаты Горацкага раёна. Старшыня Горацкага райсавета Максім Патапенка сціпла адзначыў, што галоўнай была не перамога, а магчымасць мець зносіны з калегамі ў нефармальнай абстаноўцы.

— Падчас пасяджэнняў або семінараў тое немагчыма зрабіць, а тут усё гэтаму спрыяла, — прызнаўся ён. — Было болей часу спытацца пра нешта асабістае і шчыра пахвалявацца адзін за аднаго. Тым больш я старшыня новы, усяго два месяцы на гэтай пасадзе, таму мне было асабліва карысна тут пабываць.

Старшыня Чавускага райсавета Анатоль Мацюлін прызнаўся, што спартакіяда запомнілася яму насычанасцю і ўрачыстасцю. Ну і, вядома, тым, што чавуская каманда ў нялёгкай барацьбе заняла другое месца.

— Уразіла ўсё — вялікая колькасць дзяцей, разнастайнасць спартыўных секцый, — адзначае Анатоль Алегавіч. — Магчымасці новага спартыўнага збудавання неверагодныя. Там могуць праводзіцца зборы з пражываннем, гэта вельмі маштабны комплекс. Важна, што тое ўбачылі людзі, якія прыехалі з сельсаветаў, раённых саветаў, дзе такога наогул няма. Яны пра гэта раскажуць у сябе. Шмат у каго дзеці вучацца ў Магілёве, ім таксама вельмі карысна будзе даведацца пра гэты цэнтр. Прыемна, што ў нас будуюцца такія палацы. І гэта трэба цаніць.

— Галоўнае, што дзеці, якія займаліся ў гэтым комплексе ў суботу, убачылі, што такія дарослыя цёткі і дзядзькі, як мы, таксама шануюць спорт,— падкрэслівае Анатоль Мацюлін. — Усё гэта і ёсць тое самае ўзаемадзеянне, пра якое мы гаворым, і сувязь дэпутатаў з людзьмі, і прапаганда здаровага спосабу жыцця. Хай усе ведаюць, што народныя абраннікі, нягледзячы на свае прамыя прафесійныя абавязкі і грамадскую работу, знаходзяць час, каб падтрымліваць той кірунак, які прапісаны ў новай Канстытуцыі. Чалавек павінен займацца ўмацаваннем уласнага здароўя, а не чакаць, калі бальніца яго вылечыць. Знамянальна, што каля вытокаў гэтай спартакіяды стаяў цяперашні старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. На той момант ён быў старшынёй Магілёўскага аблсавета.

Ганаровае трэцяе месца ў спартакіядзе дасталася Бабруйскаму райсавету. Прычым першае месца па стральбе ў асабістым заліку прынёс камандзе старшыня райсавета Геворг Мелканян. Прызнаецца, што дапамагла практыка паляўнічага. У цэлым мерапрыемства ацаніў па вышэйшым разрадзе.

— Без спорту жыць нельга, — лічыць Геворг Мелканян. — І я заўважыў такую паслядоўнасць. Хто добра працуе, той добра ўмее адпачываць і паказвае добрыя вынікі ў спорце. Усё ў такім чалавеку гарманічна. Здароўе заўсёды было на першым месцы, а што, як не спорт, падтрымлівае арганізм у добрым працаздольным стане.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аблсавета дэпутатаў, а таксама з сайтаў gorkіv.by, «Веснік Магілёва»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.