Вы тут

Непрыемны сюрпрыз. Чаму не трэба легкадумна ставіцца да цвілі?


Некаторыя людзі не задумваючыся ядуць сыр з зусім не высакародным налётам або спрабуюць рэанімаваць варэнне, пакрытае цвіллю, і ўжываюць яго ў ежу, зняўшы верхні пласт. Чорныя ці шэрыя плямы, якія з'явіліся на столі, хвалююць нас толькі з эстэтычнага боку, а непрыемны пах наводзіць толькі на думку аб неабходнасці правесці чарговую генеральную прыборку. Чым насамрэч небяспечная цвіль для чалавека? І як пазбегнуць яе ўтварэння і распаўсюджвання ў жыллі? Пра гэта расказала ўрач-лабарант, загадчык мікрабіялагічнай лабараторыі лабараторнага аддзела Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Войцік.


Фота: pixabay.com

Першая прыкмета з'яўлення цвілі — сыры і затхлы пах. Потым з'яўляюцца плямы белаватага, шэрага або чорнага колеру. Упадабаныя цвіллю месцы — сырыя падвалы, вільготныя сцены хат, кандыцыянеры, пасудамыечныя машыны, смеццевыя бакі, кніжныя шафы, ванныя пакоі, кветкавыя вазоны.

Сырасць у памяшканні ўзнікае з розных прычын: напрыклад, пры недастатковай гідраізаляцыі ці яе поўнай адсутнасці глебавыя воды па капілярных сістэмах будаўнічых матэрыялаў пранікаюць з падмурка ў сцены будынкаў. Акрамя таго, прычынай павышанай вільготнасці ў хаце могуць стаць таксама недастатковая вентыляцыя, працёкі даху, дрэнная герметызацыя панэльных швоў. Бар'ерам на шляху звычайнай вентыляцыі служаць герметычныя пластыкавыя вокны, калі на іх не ўстаноўленыя прытокавыя клапаны, якія забяспечваюць паступленне паветра.

— Цвіль выпрацоўвае таксіны, якія наносяць шкоду здароўю чалавека. З паветрам плесневыя споры трапляюць у наш арганізм, асядаючы ў бронхах і лёгкіх. Цвіль здольная вельмі глыбока пранікаць у лёгачную тканку. Вынікам такога ўзаемадзеяння можа стаць з'яўленне астмы ці пнеўманіі. Працяглае ўздзеянне цвілі на чалавека можа прывесці да ўнутранага крывацёку, паражэння нырак, печані і лёгкіх, — тлумачыць урач.

Дык што ж рабіць, каб каб пазбегнуць негатыўнага ўплыву на здароўе? Як не дапусціць развіцця плесневых грыбоў у жыллі? Ёсць некалькі простых правілаў.

  • Абмежаваць сваё знаходжанне ў сырых памяшканнях, якія дрэнна праветрываюцца;
  • Рэгуляваць вільготнасць і тэмпературу паветра ў памяшканні з дапамогай кандыцыянера ў адпаведнасці з рэкамендаванымі санітарнымі нормамі. Тэмпература паветра мусіць быць 20-25 °C, адносная вільготнасць — 45-60 %;
  • Не зачыняць унутрыдмовыя вентыляцыйныя хады ў жылых памяшканнях;
  • Не дапускаць працякання сантэхнікі, што таксама спрыяе павышэнню вільготнасці;
  • Праветрываць памяшканне, рабіць скразняк;
  • Пазбаўляцца ад мэблі і рэчаў, пашкоджаных цвіллю;
  • Рэгулярна рабіць прыборку кватэры, прычым вільготную прыборку памяшкання або мэблі трэба заканчваць сухім праціраннем;
  • Па магчымасці дзверы ў ванны пакой трымайце прыадчыненымі, шторку пасля прыняцця душу выпроствайце і пакідайце ў такім становішчы да поўнага высыхання, часцей мыйце дыванок у пральнай машыне і добра адціскайце мачалку пасля выкарыстання;
  • Сачыце за пакаёвымі раслінамі, не залівайце іх вадой;
  • Своечасова пазбаўляйцеся ад сапсаваных прадуктаў;
  • Для аздаблення жылых памяшканняў выкарыстоўвайце натуральныя матэрыялы, якія «дыхаюць» — з добрай паветрапранікальнасцю, а палімерныя аконныя блокі ўстанаўлівайце з вентыляцыйным клапанам.

— Як паказвае практыка, эфект ад любога метаду апрацоўкі паверхняў супраць цвілі носіць часовы характар. Найперш неабходна прадухіліць прычыны з'яўлення плесневых грыбоў і не ствараць спрыяльных умоў для іх развіцця, — рэзюмуе Святлана Войцік.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.