Вы тут

Падарункі ад кіраўніцтва Магілёўскай вобласці атрымаў шпіталь ветэранаў


А дакладней — непасрэдныя відавочцы і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. З надыходзячым святам Перамогі іх павіншавалі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, старшыня аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык, прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх арганізацый. 


У якасці падарункаў бальніцы былі перададзены сертыфікаты на розныя сумы (ад аблвыканкама, у прыватнасці, на 20 тысяч рублёў), а ветэранам — кветкі і прадуктовыя пакеты. Для ветэранаў такія сустрэчы асабліва важныя. Пра гэта можна было меркаваць, назіраючы, як яны сустракалі гасцей — прыгожа апранутыя, з узнагародамі на пінжаках, усмешкамі на вуснах.

Васіль Трафімавіч Саладкоў 28 красавіка адзначыў сваё 95-годдзе. На жаль, здароўе падводзіць, але ў душы ён усё той жа юнак, які зусім яшчэ падлеткам трапіў на вайну. Каб заставацца ў страі, жартуе ён, прыходзіцца штогод праходзіць лячэнне ў сценах медустановы. 

Ветэран расказвае, што ў сілу свайго ўзросту паваяваць яму прыйшлося толькі напрыканцы вайны. Тыя падзеі і зараз у яго перад вачамі. Асабліва першы бой, калі яны трапілі пад абстрэл ворага. На вачах юнака загінулі адразу ж тры яго таварышы, а яму збіла куляй пілотку і прабіла кацялок у рэчмяшку.

Яшчэ адна пацыентка шпіталя Елізавета Пятроўна Хомчанка перажыла жах ленінградскай блакады. Пасля вайны працавала на карысць радзімы. Кажа, што за ўсё сваё працоўнае жыццё не мела ніводнага не тое што пісьмовага папярэджання, але нават і славеснага. Яе жыццё было не лёгкім, але, галоўнае, што ёсць у жыцці чалавека, лічыць яна, гэта мір і стабільнасць. Усе астатнія цяжкасці можна перажыць. Яна і зараз нясе гэтую сваю жыццёвую мудрасць моладзі. Прызнаецца, што ўжо дала згоду прыйсці на сустрэчу з навучэнцамі 27-й школы Магілёва.

— Сёння мы віншуем не толькі ветэранаў, але і ўсіх людзей сталага веку, якія памятаюць тыя падзеі і служаць сувяззю паміж пакаленнямі, — падкрэсліў Леанід Мартынюк. — Мы аддаём ім нашу павагу і ўдзячнасць. Сёння словы патрыёт і Радзіма атрымалі яшчэ большую вастрыню, а хто як не нашы ветэраны ведаюць ім цану. Нашы ветэраны — гэта жывая эпоха, прыклад таго, як трэба адносіцца да радзімы.

Па традыцыі прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці ўсклалі кветкі да мемарыялу памяці пацыентаў і персаналу Магілёўскай рэспубліканскай псіхіятрычнай бальніцы. У будынку, каля сцяны якой месціцца гэты помнік, у 1941-42-м гадах была зроблена першая ў маштабах Савецкага Саюза газавая камера, дзе смерць прыняла болей 800 пацыентаў і супрацоўнікаў бальніцы. Яшчэ 500 чалавек былі расстраляныя.

— Напярэдадні Дня Перамогі дэпутаты разам з прадстаўнікамі выканаўчай улады і грамадскіх арганізацый наведваюць такія месцы, каб аддаць даніну павагі тым, хто перажыў страшныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. — Мы таксама схіляем галовы перад тымі, хто не дажыў да Дня Перамогі, смуткуем па чалавечым жыццям, якія абарвала бязлітасная карніцкая рука. Нацысты не шкадавалі ні дзяцей, ні старыкоў, ні безнадзейна хворых. Памяць пра гэта жыве ў нашых сэрцах. Не страціць яе, гэта значыць захаваць праўду пра тую вайну. 

Для пацыентаў шпіталя ветэранаў адбыўся святочны канцэрт, для іх мелодыі ваенных гадоў сыграў духавы аркестр.

Дарэчы, на сённяшні дзень у Магілёўскай вобласці засталося ўсяго 128 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.