Вы тут

Выступленне Прэзідэнта Беларусі на цырымоніі ўскладання вянкоў з нагоды 77-й гадавіны Вялікай Перамогі


Паважаныя ветэраны!

Дарагія суайчыннікі і госці Беларусі!


Чыста па-чалавечы хачу ў пачатку звярнуцца да вас і падзякаваць усім, хто прыйшоў на гэтую святую плошчу. Яны там павінны бачыць і ведаць, што мы не забыліся, што Беларусь памятае. І пакуль мы прыходзім сюды разам са сваімі дзецьмі — гэта сведчыць, што Беларусь будзе памятаць заўсёды.

Віншую вас з Днём Вялікай Перамогі. Перамогі, якая захавала беларускую нацыю і абумовіла шлях развіцця ўсіх пакаленняў беларусаў, стала неад’емнай часткай агульнай нацыянальнай ідэі.

І сёння ля свяшчэннага Вечнага агню мы схіляемся перад нашымі ветэранамі, аддаём даніну памяці тым, хто загінуў, абараняючы наша права жыць. Жыць свабодна на роднай зямлі і ў сваёй дзяржаве.

Мы памятаем усіх, хто да апошняга патрона стрымліваў ворага на мяжы і каля Брэсцкай крэпасці, пад Мінскам і Магілёвам, хто быў закатаваны ў засценках гестапа, хто згарэў у Хатыні, Дальве і Трасцянцы. Усіх, чыёй крывёю насычана кожная пядзя нашай беларускай зямлі.

Гора і смерць прынеслі свету гітлераўскія каты. Нас, беларусаў, рускіх, украінцаў, яны хацелі сцерці з твару зямлі, а заадно з намі яўрэяў, цыган, татараў і, на іх думку, іншых «недачалавекаў».

Мільёны жыхароў паклала на алтар Перамогі нашая вялікая агульная Радзіма — Савецкі Саюз.

І восемдзесят мінулых гадоў не заглушылі гэты боль.

Гонар і слава пераможцам!

Вечная слава загінуўшым!

Хвіліна маўчання.

(Хвіліна маўчання)

Дарагія сябры!

Мы, беларусы, брацкія нам народы, памятаем і разумеем значэнне сённяшняга дня Вялікай Перамогі не толькі ў сваім жыцці, але і ў лёсе свету. Мы шануем гэтую старонку гісторыі, захоўваем у сэрцы боль аб стратах і гонар за нашых слаўных пераможцаў.

Мы проста не маем права і не можам гэта забыцца. Таму, звяртаючыся да сучасных пакаленняў, я найперш адрасую сваё пасланне тым, хто жыве ў тумане хлусні і падману, хто пазбаўлены магчымасці вывучаць праўдзівую гісторыю Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны ў школах. Тым, на чыіх вуліцах усё гучней раздаюцца лозунгі ветэранаў СС і неафашыстаў, якія там маршыруюць. Я адрасую гэтае пасланне ад імя беларускага народа тым, хто Дзень Перамогі аб’явіў па-за законам, хто разбурае помнікі загінуўшым вызваліцелям і перш за ўсё савецкаму салдату.

Ведаючы і разумеючы месца Беларусі і сваё месца ў сістэме каардынат цяперашняй планеты, я тым не менш як прадстаўнік народа-пераможцы звяртаюся да народаў краін Захаду. Падкрэсліваю: мой сённяшні зварот да вас, людзей гэткіх самых, як і мы, краін Захаду. Вашыя палітыкі зрабілі вельмі шмат, каб вы забыліся, каму свет абавязаны вызваленнем ад фашызму.

Сёння не многія з людзей, якія жывуць за межамі Беларусі і Расіі, ведаюць, што Другую сусветную вайну выйграў савецкі салдат, Савецкі Саюз. Што другі фронт, пра які сёння шмат гавораць на Захадзе, адкрылі толькі летам 44 года мінулага стагоддзя, тады, калі перамога СССР стала відавочнай. Якім бы дзіўным гэта ні здавалася, але ў пераможным наступленні Чырвонай Арміі, якое прывяло да разгрому фашысцкай Германіі, цяперашнія ўладары свету тады ўбачылі пагрозу. Таму адразу быў узяты курс на ачарненне і дэманізацыю Савецкага Саюза і славянскага свету.

Хаця пасля пераможнага мая Савецкі Саюз, ЗША і іншыя пераможцы разам, аднагалосна вынеслі прысуд нацызму ў Нюрнбергу падчас трыбунала над ваеннымі злачынцамі. І ўсе былі ўпэўненыя, што бесчалавечная ідэалогія расавай перавагі раздушана і што яе чорны цень ніколі больш не ўзнікне над нашай планетай.

Але што бачна сёння? Сярэднявечная барацьба за тэрыторыі і рэсурсы працягваецца. Толькі на змену крыжовым паходам прыйшла экспансія замежных фондаў. Тую ж агрэсію назіраем зараз пад лозунгамі захавання правоў чалавека і нейкага ўстойлівага развіцця краін. Але насамрэч палітыкі Захаду не жадаюць прызнаваць тое, што мільярды людзей на Зямлі стагоддзямі жывуць па сваіх законах. А каб стварыць свет па сваёй выяве і падабенству, яны спрабуюць аслабіць тых, хто жыве і думае інакш.

Звяртаючыся сёння да народаў Захаду, хачу сказаць: ну вы ж не на столькі сляпыя, каб не разумець усе жахлівыя наступствы спроб сілавога пераўладкавання Лівіі, Ірака, Сірыі, Афганістана і іншых краін. Гэта ўсё было на нашай памяці. Пераўладкавалі? Дэмакратыя пад крылом натаўскіх самалётаў пакінула народам гэтых краін толькі боль і пакуты, ахвяры і разбурэнні, эканамічны хаос і ўсялякую адсутнасць перспектыў. І ніякі марыянеткавы ўрад, які вы прывялі там да ўлады, не здольны зрабіць квітнеючы аазіс. Я хачу, каб вы, народы Захаду, простыя людзі ў Парыжы і Берліне, Варшаве і Нью-Ёрку, Бруселі і Амстэрдаме, якія жывуць марамі аб зялёнай Сахары, планамі выратавання лясоў Амазоніі і накормленых дзецях Афрыкі, ведалі, што вашыя грошы, вельмі шмат вашых грошай траціцца на самы звычайны генацыд Ніякую Сахару вы не ратуеце, ніякія лясы вы не ратуеце і дзяцей вы не накармілі. Вас выкарыстоўвалі ўцёмную — у Югаславіі, Лівіі, Іраку, Афганістане, а зараз нашай Украіне.

Паслядоўнікі нацыстаў апантаныя ідэяй рэваншу. Але адкрыта ваяваць са спадкаемцамі савецкага народа не гатовыя. Добра засвоілі ўрокі, відаць, таму напампоўваюць Украіну зброяй, ваююць з мемарыяламі, сімваламі, ветэранамі, вязнямі канцлагераў і нават іх сем’ямі.

У самым страшным сне немагчыма было ўявіць, што там, у гэтай брацкай нам краіне, якая цудам выжыла пад ботам фашысцкіх акупантаў, нацызм зноў падніме галаву. І гэта вашыя заходнія эліты выгадавалі гэтага монстра, зрынулі законную ўладу, узброілі да зубоў наваспечаных паслугачоў Бандэры і Шухевіча, зрабілі нацызм дзяржаўнай ідэалогіяй, сутыкнулі братоў-украінцаў і расіян.

Шалёныя палітыкі Еўропы перш за ўсё не разумеюць, што, выкарыстоўваючы сёння фашызм, нацызм ва Украіне, яны заўтра будуць змагацца супраць яго, таму што ён не можа быць замкнуты межамі адной краіны. Ён заўтра захлісне ўсю Еўропу. Хацелася б, каб і ўкраінцы, якія паддаліся гэтаму, разумелі, што сёння яны героі, з іх робяць герояў, а заўтра іх будуць знішчаць, таму што нацызм Еўропе не патрэбен. У тых заходніх краінах жадаюць, каб нацызм быў у нас, каб мы раздзіраліся ў супярэчнасцях, каб мы пакутавалі.

Я думаю, Захаду трэба над гэтым пасылам падумаць, а Украіне трэба падумаць над тым, каб не прыйшлося звяртацца да нас, каб выратаваць цэласнасць і адзінства ўкраінскай дзяржавы. Там ужо падзялілі Украіну на часткі. Там ужо думаюць, які кавалак адарваць сабе. І вы іх ведаеце.

На шматпакутнай зямлі сёння грымяць выбухі і гінуць людзі. Так званыя нацбаты нішчаць свой народ па этнічнай прыкмеце. Але агрэсарам калектыўны Захад называе Маскву і Мінск. Таму і спрабуе выкрасліць з гісторыі нашу культуру, рускую культуру, мову і шматвяковыя традыцыі. Але ж гэта наша спадчына. І нядзіўна, што мы, беларусы, падзяляем разам з расіянамі цяжар незаконных санкцый і абмежаванняў, ад якіх вам, простым еўрапейцам і амерыканцам, будзе нанесены большы ўрон, чым нам. Вы ўжо гэта адчулі, але гэта толькі пачатак.

Там, за мяжой, нікога не хвалюе тое, што беларуская армія войска не ваюе. Ігнаруецца тое, што мы зрабілі для найхутчэйшага спынення баявых дзеянняў у свой час, ды і цяпер імкнемся паводзіць сябе такім чынам.

Мы — мірныя людзі, але нават не спрабуйце з намі размаўляць з пазіцыі сілы. Вашы мары загнаць славян у новае рабства, якое вы называеце глабалізмам, нязбытныя. Але на жаль, нічога не змянілася. Беларусь па-ранейшаму стаіць як нязломная Брэсцкая крэпасць на шляху любога ворага. Усе спробы задушыць робяць нас толькі мацнейшымі і натхняюць іншых. Бо на беларусаў, расіян, якія зноў вядуць барацьбу з гэтым злом сусветным, глядзяць мільярды людзей.

Кітай, Індыя, краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, арабскія дзяржавы. Ад амерыканскай пятлі стаміліся ўсе!

Упэўнены, што і вы, простыя грамадзяне, як і большасць насельніцтва планеты, выступаеце за новы, справядлівы свет без дыскрымінацыі і санкцый, у якім усе народы вольныя і раўнапраўныя, а пытанні і праблемы вырашаюцца шляхам дыялогу. Але вашы ўлады ніколі не скажуць вам праўду. Брытанскія, французскія, амерыканскія сродкі масавай інфармацыі працягваюць нацкоўваць сваю аўдыторыю на Расію і Беларусь. Фарміруюць у свядомасці лжывы вобраз агрэсара. Ім трэба разабрацца з нашым адзінствам, апошняй апорай нашай цывілізацыі.

Даходзіць да абсурду, калі вам забараняюць думаць, што першым чалавекам у космасе быў савецкі грамадзянін, забараняюць творы сусветна вядомых рускіх класікаў. Ці не час пачуць адзін аднаго і спыніцца? Ніхто ж з вас не хоча вайны. Але ж еўрапейскія сталіцы зрабілі ўсё, каб яна адбылася. Цяпер ужо ні для кога не сакрэт, што ўвесь заходні свет ваюе супраць Расіі ва Украіне. А нас папракаюць тым, што мы падтрымліваем Расію. Адумайцеся. Ні юрыдычна, ні маральнага права беларусы не маюць не падтрымліваць Расію. Мы заўсёды былі разам, мы заўсёды былі адзіныя. І што б вы ні рабілі, якія б стрэлы ні кідалі ў наш бок, у вас не атрымаецца нас разарваць на кавалкі і раз’яднаць.

Не патрэбныя ніякія рэзалюцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, каб зразумець, што раз ты пастаўляеш камусьці зброю, прадаеш ці проста дорыш, як цяпер ва Украіне, калі ты натоўпамі туды пастаўляеш наймітаў, падтрымліваеш яго ў гэтай гібрыднай інфармацыйнай вайне, то ты далёка не старонні назіральнік. І не трэба пераводзіць стрэлкі на нас. Каля 50 дзяржаў згуртаваліся сёння на Захадзе супраць адной Расіі. Таму нас папракаць не трэба, бо мы адны з Расіяй. Нас не 50.

Паглядзіце на сваю палітыку і падумайце, што будзе заўтра. Жадаю, каб усё мяне яшчэ раз на Захадзе пачулі. Беларусы не агрэсары, але застаючыся саюзнікам і стратэгічным партнёрам брацкай Расіі, мы будзем яе ўсяляк падтрымліваць. Нас аб’ядноўваюць і натхняюць прыклады герояў мінулага, адказнасць перад нашымі дзецьмі і Вялікая Перамога, якую мы ніколі нікому не аддамо. У сувязі з гэтым хачу сказаць: пакіньце нас у спакоі, не чапайце нашу святую зямлю, занадта глыбока яна насычана крывёй продкаў. І нашы магілы ў вашай зямлі не трывожце, не па-чалавечы гэта, не па-людску.

Я нешта не бачу ўсіх заходніх паслоў тут, якія прыходзілі ў Хатынь, Трасцянец, мяне прасілі, каб я іх там сустрэў, якія былі на гэтай плошчы. Дзе вы? Чаму не прыйшлі памаліцца і павініцца? Вось ваш твар, вось ваша нутро. Я ў Хатыні пра гэта казаў, я ведаў, што так будзе. Вы тады гулялі з намі, дагуляліся да таго, што давялі да фашызму, і зараз працягваеце сваю бязмозглую, дурную палітыку. Спыніцеся і адмоўцеся ад яе пакуль не позна. Прызнайце ўжо нарэшце права нам самім вызначаць, як сябраваць з нашай Расіяй, з нашай Украінай. Сябраваць не супраць вас. Ад такой дружбы не будзе бяды ні Польшчы, ні Літве, ні Латвіі, ні Германіі з Францыяй. Усім будзе толькі дабро ад гэтага сяброўства. Гэта датычыцца паставак сыравіны, энерганосьбітаў, транзіту тавараў, а іншых шляхоў больш кароткіх і надзейных няма, бо мы суседзі, якіх не выбіраюць, якія ад Бога. Таму задумайцеся: свет, дзе паважаюць інтарэсы ўсіх і кожнага, больш надзейны за імгненныя рашэнні аб уступленні ў НАТА або будаўніцтве пасярэдзіне Еўропы агароджы праз тысячагадовы лес Белавежскай пушчы.

І дзе ж вы абаронцы прыроды? Што ж вы заглухлі? Чаму вы не едзеце туды ратаваць жывёл, якія стагоддзямі жылі і не бачылі межаў? Дзе вы? Вы крывадушнікі і мярзотнікі. Вы баіцеся, вы баіцеся пусціць туды людзей, таму што яны ўбачаць дзясяткі, а можа, сотні магіл загінуўшых людзей, якія ішлі да вас па вашым клічы зусім нядаўна праз нашу мяжу. Вы іх хапалі, забівалі і закопвалі на тым месцы ў лесе. Задумайцеся! Задумайцеся і яшчэ раз падумайце: Беларусь прапануе вам стварыць такі свет разам, па-суседску, але для гэтага вы павінны перастаць як мінімум вучыць нас жыццю. Моцна паразважайце пра гэта. Падумайце аб тым, як звярнуць увагу сваіх кіраўнікоў на сапраўды важныя для будучыні планеты пытанні.
Вельмі хацеў бы, каб мае думкі былі пачутыя далёка за межамі Беларусі, там найперш на Захадзе. Думаю ў нашага Міністэрства замежных спраў дастаткова магчымасцяў зрабіць гэта.

І вяртаючыся да сённяшняй тэмы, мне асабліва прыемна бачыць на плошчы тысячы маладых, энергічных і таленавітых беларусаў. Гледзячы ў іх ясныя, разумныя вочы, я веру, што вялікі подзвіг народа і памяць аб ім будуць жыць у стагоддзях.

Дарагія сябры!

Выбачайце за гэты ізноў жа нефармат. Нібыта свята, але, пагадзіцеся вялікае, найвялікшае свята з прысмакам гора і смутку. Не хацелася б, каб гэта паўтарылася. Але ж вы павінны памятаць: гэта наша Перамога. Мы яе проста не можа нікому аддаць. Гэта наш найвялікшы здабытак, здабытак не толькі беларусаў, але ўсіх народаў Савецкага Саюза, рухі Супраціўлення на Захадзе, усіх людзей, у тым ліку амерыканцаў, англічан, немцаў, якія ваявалі супраць фашызму. Давайце гэта цаніць.

Віншую вас з адным з самых галоўных нашых святаў.

Жадаю героям-ветэранам здароўя і даўгалецця, а ўсім беларусам — міру, дабра і дабрабыту. Каб над намі заўсёды было такое светлае блакітнае неба і яркае святочнае сонца.

Няхай жыве і квітнее наша чыстая, светлая, цудоўная, мірная Белая Русь.
Няхай у стагоддзях захоўваецца памяць аб воінах-пераможцах.

З Днём Перамогі!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.