Вы тут

На якія сацыяльныя гарантыі могуць прэтэндаваць бацькі і дзеці?


Каля 80 % беларусаў маюць сем’і. У краіне пражываюць 1 мільён 403 тысячы сем’яў з дзецьмі да 18 гадоў. Адным з галоўных жыццёвых прыярытэтаў падчас сацыялагічнага апытання назвала сям’ю 98 % жыхароў нашай краіны (пры гэтым здароўе сярод найважнейшых каштоўнасцяў у 85 %, работа — 68 %). Сярэдні ўзрост беларускі пры нараджэнні дзіцяці — 30 гадоў, першынца — 26,8. Штогод у краіне рэгіструецца 60–64 тысячы шлюбаў.

Якія сацыяльныя гарантыі і падтрымку сёння мае сям’я — маладая, шматдзетная і тая, што выхоўвае 1-2 дзяцей, расказалі напярэдадні Міжнароднага дня сям’і парламентарыі — старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Канановіч і член гэтай жа камісіі Іна Крачак.


Фота: pexels.com

Кожнае чацвёртае дзіця атрымлівае дзяржаўную дапамогу

— Традыцыйна прыярытэтам сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы з'яўляецца сям'я. На працягу жыцця мы ўваходзім у розныя сацыяльныя групы, але, напэўна, сям'я — тая група, у якой мы застаёмся назаўсёды. Вельмі важна, што дзяржаўная падтрымка сям'і з дзецьмі — адно з ключавых напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў нашай краіне. Гэтыя пытанні знаходзяцца ў полі зроку і парламентарыяў, і дзяржаўных органаў, і грамадскіх аб'яднанняў, і ўсіх нашых грамадзян, — адзначыла Людміла Канановіч. — Кіраўнік дзяржавы неаднойчы звяртаў увагу, што ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва краіны — пажылыя грамадзяне, шматдзетныя і няпоўныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Асноўным звяном падтрымкі сем'яў з дзецьмі ў нашай краіне з'яўляецца выплата матэрыяльных дапамог. Іх у Беларусі 11 відаў. Колькасць дзяцей, на якіх атрымліваюць такія выплаты, — амаль 470 тысяч. Такім чынам, амаль кожнае чацвёртае дзяця атрымлівае тую ці іншую дапамогу. І такія выплаты да нараджэння дзіцяці і па яго дохлядзе на працягу трох гадоў не залежаць ад даходу бацькоў. Сумарныя расходы на падтрымку сем'яў складаюць 3,5 % ВУП у год.

Такія сацыяльныя гарантыі адрозніваюць нашу краіну ад многіх іншых. У Еўропе выплаты на дзяцей прадугледжаны толькі сем'ям з нізкім даходам. У Фінляндыі бонус з нагоды нараджэння дзіцяці ўяўляе пакет прадметаў па доглядзе нованароджаных. А ў Іспаніі, Грэцыі, Нідэрландах, Ірландыі дапамога ўвогуле не прадугледжана. Беларусь адрознівае яшчэ і тое, што выплата дапамогі прадугледжана да трох гадоў. У Казахстане яна выплачваецца дзіцяці да года, у Расіі — да 1,5 года. Акрамя таго, Беларусь уваходзіць у пяцёрку краін з самым працяглым адпачынкам па доглядзе дзіцяці.

На падтрымку сем'яў — 5 мільярдаў

Важным элементам падтрымкі сем'яў з'яўляецца праграма «Сямейны капітал». Яна працуе з 2015 года і падоўжана на наступныя пяць гадоў.

— Нашы выбаршчыкі, грамадскія аб'яднанні ўносілі прапановы, каб даць магчымасць сем'ям выкарыстоўваць сямейны капітал датэрмінова. Заканадаўча ўносіліся такія змены, якія прадугледжваюць яго датэрміновае выкарыстанне на адукацыю, пагашэнне крэдытаў на будаўніцтва жылля. Важна, што датэрмінова можна выкарыстоўваць сямнейны капітал для атрымання медыцынскіх вырабаў, якія прызначаны ў тым ліку для выканання высокатэхналагічных умяшанняў у артапедыі. Можна атрымаць сродкі рэабілітацыі для членаў сям'і, для платных медыцынскіх паслуг, — адзначыла Людміла Канановіч.

На сёння памер сямейнага капіталу складае 25 995 рублёў. Уклады адкрыла 111 961 сям'я. Пры датэрміновым выкарыстанні 86 % сем'яў трацяць сродкі на паляпшэнне жыллёвых умоў, 6 % — на атрыманне адукацыі і 8 % — на медыцынскія паслугі.

— Па выніках 2021 года на асноўныя напрамкі падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, было выдаткавана каля 5 мільярдаў рублёў. Гэта і дзяржаўныя дапамогі, сямейны капітал, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, падтрымка жыллёвага будаўніцтва, падтрымка ў сістэме адукацыі і аховы здароўя, дзіцячае аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне, — адзначыла старшыня парламенцкай камісіі.

Крэдыт на жыллё і пенсійныя прэферэнцыі

Для кожнай сям'і найперш важна мець уласнае жыллё. Прадугледжаны шэраг мер дзяржаўнай падтрымкі па яго будаўніцтве. Шматдзетным сем'ям даецца крэдыт на 40 гадоў пад 1 %. Для сям'і, якая выхоўвае траіх дзяцей, дзяржава пагашае 75 % ад агульнай сумы. Калі ў сям'і выхоўваецца чацвёра дзяцей, то 100 %.

— Нам важна паглядзець, што можна яшчэ зрабіць, каб шчаслівая шматдзетная сям'я стала брэндам нашай краіны, а таксама прааналізаваць, якія вынікі прынесла тое, што ўжо зроблена, — падкрэсліла Людміла Канановіч. — Канешне, навацыі заканадаўства двух апошніх гадоў — гэта павелічэнне з 9 да 12 гадоў перыяду догляду дзіцяці для жанчын, якія нарадзілі чатырох дзяцей. Раней залічвалася толькі дзевяць гадоў, цяпер, па прапановах выбаршчыкаў, гэта 12 гадоў. Таксама для жанчын з чатырма дзецьмі страхавы стаж зніжаны з 20 да 10 гадоў. Гэта важныя пенсійныя прэферэнцыі. Для малазабяспечаных шматдзетных сем'яў з 6 да 12 месяцаў павялічаны перыяд аказання штомесячнай сацыяльнай дапамогі. Павялічаны і крытэрый патрэбы — са 100 % бюджэту пражытачнага мінімуму да 115 %.

Разглядаюцца і новыя меры, якія могуць быць унесены ў Працоўны кодэкс і як мяркуецца, аблегчаць бацькам выхаванне дзяцей. Адна з іх — гнуткая форма занятасці, напрыклад, калі жанчына тры дні працуе ў офісе, два — дыстанцыйна. А адзін дадатковы выхадны дзень на тыдзень шматдзетныя бацькі могуць выкарыстаць і па-іншаму — скараціць на гадзіну кожны працоўны дзень.

Такая сацыяльная палітыка дае свае вынікі.

— Сёння ў краіне каля 117 тысяч шматдзетных сем'яў. На першае дзіця бацькі адважваюцца больш доўга, а вось нараджэнне ў сям'і другіх і трэціх дзяцей павялічваецца, — прывяла лічбы парламентарый.

Да паловы бясплатных спроб ЭКА заканчваецца цяжарнасцю

На планаванне сям'і і медыцынскія аспекты падтрымкі звярнула ўвагу Іна Крачак. Кабінеты планавання сям'і маюцца ў медустановах кожнага горада нашай краіны. Медыкі такім чынам дапамагаюць пазбегнуць рызык і наступстваў для будучай матулі і нованароджанага.

— У нашай краіне 100 % жанчын маюць доступ да дародавага і пасляродавага медыцынскага абследавання і назірання, — адзначыла парламентарый. — Кожная жанчына мусіць стаць на улік па цяжарнасці да 12 тыдняў, бо гэта той перыяд, калі можна выявіць грубыя парокі і прыняць рашэнне аб перарыванні цяжарнасці. Кожная жанчына можа прайсці неабходныя абследаванні і медыка-генетычнае кансультаванне.

Іна Крачак нагадала, што ў краіне маецца чатырохузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі жанчынам. На раённым узроўні нараджаюць здаровыя жанчыны. На міжраённы накіроўваюцца цяжарныя з пэўнымі паталогіямі, у прыватнасці, калі патрабуецца кесарава сячэнне. Таксама маюцца абласны і рэспубліканскі ўзроўні, апошні прадстаўлены РНПЦ «Маці і дзіця». Трапіць туды можа жанчына з любога, самага аддаленага пункта Беларусі, калі маюцца паказанні.

— Нашы радзільныя дамы — гэта не цалкам закрытая сістэма, як раней. Сёння гэта сумеснае знаходжанне маці і дзіцяці, дазволена наведванне татам і сваякам. У 2021 годзе, нягледзячы на каранавірусныя абмежаванні, былі дазволены партнёрскія роды, — расказала Іна Крачак.

У Беларусі прадугледжана і адна бясплатная спроба ЭКА. Звароты сем'яў разглядае спецыяльная камісія, і 87 % з іх атрымліваюць станоўчы адказ. Каля 50 % спроб заканчваецца цяжарнасцю, што з'яўляецца добрым вынікам. Такія паслугі аказваюць тры клінікі: РНПЦ «Маці і дзіця», сталічны клінічны радзільны дом № 2 і Гомельскі абласны дыягнастычны медыка-генетычны цэнтр з кансультацыяй «Шлюб і сям'я».

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.