Вы тут

Лукашэнка: Эканоміка ў Расіі і Саюзнай дзяржаве нечакана інтэнсіўна ўмацоўваецца


Прэзідэнт Беларусі ўчора знаходзіўся з рабочым візітам у Расійскай Федэрацыі. На перагаворы з калегам Уладзімірам Пуціным у Сочы Аляксандр Лукашэнка адправіўся яшчэ ў пятніцу. Аб гэтай сустрэчы сам-насам яны дамовіліся на саміце АДКБ, які праходзіў 16 мая ў Маскве. На мінулым тыдні падчас візіту ў Палац Незалежнасці губернатара Ніжагародскай вобласці Глеба Нікіціна Аляксандр Лукашэнка расказаў, што адной з тэм размовы стане імпартазамяшчэнне — як праблема
нумар адзін для эканомік дзвюх краін ва ўмовах санкцый.


Беларускі лідар падкрэсліў, што эканоміка ў Саюзнай дзяржаве на фоне санкцыйнага ціску нечакана інтэнсіўна ўмацоўваецца.

«Вельмі важна (вы неяк гэта адзначалі), што эканоміка ў Расіі і наогул у нас у саюзе не проста ўмацоўваецца, а нечакана інтэнсіўна ўмацоўваецца. Вазьміце інфляцыю, вазьміце беспрацоўе. Яно аказалася меншым. Падае ўзровень беспрацоўя. Гэта добра. Ну, і рубель умацоўваецца шалёнымі тэмпамі. Каб мы тут не перабралі. Таму нечаканыя рэчы адбываюцца. Ну, гэта для іх нечаканыя. Мы вось чакалі, што гэта будзе. Гэта час магчымасцяў. І яны (Захад), самі не разумеючы таго, нас падштурхнулі займацца больш інтэнсіўна сваёй эканомікай», — перадае словы кіраўніка беларускай дзяржавы яго прэс-служба.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўрады Беларусі і Расіі па даручэнні кіраўнікоў дзяржаў вызначылі асноўныя напрамкі ў сферы імпартазамяшчэння і нават палічылі ў першым набліжэнні, у колькі гэта абыдзецца. «Грошы зусім невялікія. Я не хачу публічна зараз называць, таму што яны прыкладныя. Зусім смешныя грошы. Але мы выйдзем па асноўных момантах, дзе ў нас не хапае камплектуючых і іншага на добрае імпартазамяшчэнне, — упэўнены Прэзідэнт. — Я ўжо не гавару па лініі бяспекі. Мы ўжо добра працуем у сферы бяспекі па вытворчасці таго, што трэба нашай сумеснай арміі, якая тут дзейнічае».

Прэзідэнт працягнуў, што ў краін вялізны рынак, ёсць рэсурсы, тэхналогіі. «Ну, а што адбываецца там (на Захадзе. — «Зв.»), яны відавочна недаацанілі. Яны жылі, чытаючы свае СМІ, ну і атрымалі, і інфляцыю ў тым ліку... Праўда, Пуцін вінаваты. Там ва ўсім вінаваты Пуцін», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што адной з ключавых тэм перагавораў таксама з'яўляецца ўмацаванне прамысловай кааперацыі. «Зразумела, адно з ключавых пытанняў — гэта... Усе, напэўна, чакаюць, што я скажу: энергетыка — гэта важна, але перш за ўсё — прамысловая кааперацыя. Вы таксама неаднаразова ставілі пытанне аб тым, каб нам тут зрабіць дадатковыя крокі наперад», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго, у краін вельмі шмат кірункаў сумеснай работы. «Ёсць пра што пагаварыць. Я ўжо не кажу аб далейшых працэсах, звязаных з будаўніцтвам Саюзнай дзяржавы. Тут мы, як і дамаўляліся, робім усё спакойна, без усялякага спеху. Кожны крок вывяраем з тым, каб кожны гэты крок умацоўваў нас знутры, звонку, умацоўваў нашы палітычныя сістэмы. Ствараў бы ўмовы для іх развіцця», — дадаў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што і ў сферы бяспекі на сустрэчы ёсць аб чым паразмаўляць, асабліва ў сувязі з тым, што НАТА канцэнтруе войскі на заходніх рубяжах.

«Ёсць цікавыя нейкія рэчы нечакана ва Украіне. Вы гэта цудоўна ведаеце. Нас, ды і вас гэта павінна турбаваць, што яны (палітыкі) ужо робяць крокі да таго, каб раздзяліць Украіну. Нас турбуе тое, што яны гатовыя, — палякі, натаўцы — выйсці, «дапамагчы» такім чынам забраць, як да 1939 года, Заходнюю Украіну. Нас гэта насцярожвае не толькі з пункту гледжання сённяшняй бяспекі. Гэта іх стратэгія і па Заходняй Беларусі. Таму мы вуха востра трымаем. І, як я казаў, яшчэ ўкраінцам давядзецца нас прасіць, каб мы не дапусцілі адрыву гэтай заходняй часткі і іншых частак ад Украіны. Гэта мая такая пазіцыя, але вы гэта дакладна ведаеце, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тут у нас таксама праблем не менш, але ўжо не нашых праблем. Іх праблемы, якія нам давядзецца вырашаць. Учарашнія незразумелыя паводзіны ў Кіеве Прэзідэнта Дуды (Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. — «Зв».). Дарэчы, які практычна нічога не вырашае ў Польшчы. Займаецца гэтымі фэйкамі».

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь і Расія паспяхова вырашаць праблемы ў сферы бяспекі. «У бяспецы вы маеце рацыю, я вас падтрымліваю. Тут у нас праблем нямала. Але іх будзем рашаць. Мы нічога не баімся. Як у былыя часы гаварылі, наша справа справядлівая, і рана ці позна мы ўсё роўна пераможам», — падкрэсліў беларускі Прэзідэнт.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.