Вы тут

Залатое вяселле ў беларусаў Цюмені


Жаніхом і нявестаю, як і 50 гадоў таму ў Беларусі, былі сёлета Марыя і Мікалай Піскуны – на гэты раз у Сібіры, у цёплым коле шматлікіх сяброў, дзяцей ды ўнукаў і нават праўнукаў

З гэтымі прыгожымі, таленавітымі людзьмі са шматлікай беларускай дыяспары Цюмені пазнаёміліся мы восенню 2013-га: былі там у камандзіроўцы. І потым не раз у “Голасе Радзімы” друкаваліся тэксты, здымкі – аповеды пра беларусаў Цюмені ды вобласці, пра іхнія грамадскія справы. У тэксце “Ім засталася «Спадчына»” (ГР, 11.01.2014) мы пісалі, што сям’я Піскуноў на той час перабралася ў большы горад з Лангепаса. І, вядома ж, Марыя Іосіфаўна была там галоўнаю спявачкай ды арганізатаркай. Але ж “адразу прадставіла і мужа, Мікалая Аркадзевіча, і старэйшую дачку Надзею Падкарытаву ды яе дзетак: Аляксея, Ангеліну і меншую Марыйку. Згадала й пра малодшую дачку Веру, вядучую на канцэрце, і пра старэйшага сына Аляксандра ды яго падчарку Сафію. Усе спяваюць!”


Марыя і Мікалай Піскуны ў дзень залатога вяселля

Такі “радаводны расклад” прыводжу дзеля таго, каб зразумела было далей, пра што гаворка. І важныя дэталі таго, як спатрэбіліся Піскуны-Падкарытавы ў жыцці беларусаў Цюмені, пазначаны ў тэксце “Радавод з песнямі” (ГР, 29.03.2019). Згадаем падзагаловак: “Кіраўніца Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства «Аўтаномія Беларусь»” Марыя Піскун больш за 30 гадоў жыве ў Сібіры, зберагаючы моцныя духоўныя повязі з Бацькаўшчынай нават у родных песнях”. А ўслед за мамай праявіла сябе і дачка Надзея ды яе сям’я: пра тое мы пісалі ў вялікім, на дзве часткі артыкуле “...І шчасця ў жыцці сямейным” (ГР, 27.12.2019; 17.01.2020). Важны фрагмент з яго: “Ва Усерасійскім конкурсе намінацыя “Шматдзетныя сем’і” была самай шматлюднай: больш за 200 чалавек выйшлі на Крамлёўскую сцэну. І кожную сям’ю ўзнагародзілі дыпломам пераможцы Усерасійскага конкурсу “Сям’я года 2019”, уручалі кнігу – на яе старонках упісаны й нашы імёны. Мурашкі па скуры ад усведамлення таго, што й наша сям’я Падкарытавых трапіла ў кнігу!”

І вось у пошце – чарговае пісьмо ад Надзеі Падкарытавай, якая цяпер – выканаўчы дырэктар Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Нацыянальная культурная аўтаномія беларусаў Цюменьскай вобласці”. Менавіта яна збірала, даслала нам адрасы актывістаў дыяспары, якія “палічаць за гонар” атрымліваць газету “Голас Радзімы”. У спісе – 51 адрас! І некаторыя навіны пра сям’ю. Што сын Аляксей мае намер паступаць вучыцца далей. А сястра Надзеі, Верачка (спявачка, арганізатар, некаторы час і наша няштатная карэспандэнтка) выйшла замуж, і сыночку ў маі будзе 3 гады. Муж – вайсковец, закончыў вучобу ў Цюмені ды адбыў на месца службы, і Вера з дзіцем за ім: пакінула бацькоўскі дом. Ім далі трохпакаёвую кватэру, “Вера займаецца выхаваннем сына, хлопчык развіты і ўжо з двух гадоў спявае. Дзякуй Богу, ёсць слых: значыць, расце яшчэ адзін талент. Цяпер Вера з сынам Аляксандрам – у нас у гасцях, а прычыну даведаецеся ніжэй”.

І такое ж прыгожае яно, залатое вяселле!

Два гады эпідэміі, піша Надзея, крыху ўціхамірылі запал сям’і “спяваць усюды і спяваць заўсёды”. Пасля доўгага перапынку складана вяртацца ў строй. Але плануюцца новыя імпрэзы, і ў сям’і стараюцца спяваць “хаця б дома, для сябе, для дзяцей і ўнукаў і ўжо праўнукаў. Бо ў снежні 2021-га ў нашым родзе было папаўненне: мой хроснік-пляменнік Мікалай (сын старэйшага брата Аляксандра) з яго жонкаю падарылі ўсім вялікі падарунак: двайнят. Прычым гэта, як кажуць у народзе, каралеўская двайня: Канстанцін і Крысціна. Так што беларускі род Піскуноў мае працяг у Сібіры ўжо ў тры пакаленні”.

Што да бацькоў, прадаўжае Надзея, то ў іх сёлета шмат юбілейных дат. 19 лютага ў Марыі ды Мікалая Піскуноў быў 50-гадовы, залаты юбілей шлюбнага жыцця. У далёкім 1972-м не хадзілі яны ў ЗАГС, а пажаніліся, калі Мікалай яшчэ служыў: “Іх начальнік у аўтобусе выпадкова пакінуў свой чамадан. А як адправілі маладога салдата шукаць прапажу, то ён і да каханай заехаў ды зрабіў Марыі прапанову. Так і пажаніліся: распісаліся ў Брожы (Бабруйскі раён), у сельсавеце. З тае нагоды мая бабуля Надзея (у гонар яе й мяне назвалі) сабрала на тры сталы гасцей, купіла маме футра, гарнітур. Запрашалі й татавых бацькоў, ды яны не паверылі, што сын жаніцца надумаў, тым больш у войску. Прыехаў толькі Саша, малодшы брат жаніха”.

Паколькі 50 гадоў таму вяселле было “хуткацечнае”, то вырашылі дзеці зрабіць для бацькоў свята. І атрымалася, радуецца Надзея Падкарытава, цудоўнае вяселле. Нават работнікі ЗАГСа фатаграфаваліся з “залатымі” маладымі: “Гэта было сапраўднае беларускае вяселле праз 50 гадоў, але на Цюменьскай зямлі. Мы запрасілі ўсю радню з Беларусі. Змагла прыехаць дэлегацыя ў 6 чалавек: трое з боку маладой і трое – жаніха. Былі татавы родныя брат і сястра з зяцем, маміна пляменніца Аня з сынамі. Прыехала і малодшая, ужо сібірачка па нараджэнні дачка “залатых маладых” Верачка з сынам”.

Нявеста, Марыя Піскун, была ў сукенцы да падлогі ды ў кароне з вэлюмам. І нават усе госці ў стылізаваных народных касцюмах! “Прыехала тэлебачанне здымаць вяселле. Мы спявалі вядомую беларускую песню “Звіняць-звіняць звончыкі блізенька” ды ў прыпеве маміна імя ўставілі: “Ой, ды асыпаецца вішнёвы сад –/ Час табе, Марусенька, на пасад”. І як разляцелася-паднялася тая песня на ўсе паверхі – а ЗАГС у Цюмені трохпавярховы, ды з купалам! – то ажно мурашкі па скуры пабегалі ва ўсіх! У гардэробе, як спускаліся мы пасля цырымоніі, жанчына ў слязах: “Вы ж беларусы!.. У мяне бацькі з Гомельшчыны, а я тут нарадзілася. Ой, як вы прыгожа спявалі ды якія ж вы прыгожыя! А як вас можна знайсці?” Вось так і прыбыло “нашых” у вялікай беларускай сям’і Цюмені”.

У часе цырымоніі ў ЗАГСе былі выкананы ўсе правілы: абмен кольцамі, роспіс у Ганаровай кнізе юбіляраў, першы вальс залатой пары… Марыя і Мікалай Піскуны атрымалі памятны медаль, Падзячны ліст ад губернатара Цюменьскай вобласці. А ўвечары было застолле: з пачастункамі, шарамі, караваем, віншаваннямі. Сярод гасцей, дарэчы, былі таксама й артысты ансамбля беларускай песні “Лянок” – ён дарагі й любімы для ўсяго роду. Так што песні гучалі на залатым вяселлі ўвесь вечар.

Надзея Падкарытава паведамляе: “Сёлета 70-гадовыя юбілеі ў мамы ды таты, у мяне – 45-годдзе, і сыну 18 будзе, таму святы – амаль кожны дзень: як заўсёды ў нашай шматлюднай сям’і”. Спадзяемся, “залатыя маладажоны” з меншымі памочнікамі ўжо займаюцца сваім вялікім прысядзібным агародам. Да таго ж Мікалай Аркадзевіч вырашыў ажыццявіць мару дзяцінства: завесці пчол. Вялікі падрыхтоўчы этап, у тым ліку з інтэрнэт-курсамі, пойдзены. І разам з унукамі шчаслівы дзядуля майструе ўжо рамкі для вулляў ды настройвае ўсіх на салодкую будучыню.

Шмат ёсць меркаванняў пра тое, як лепш беларусам у замежжы пашыраць беларускую культуру. Відавочна, што ў супляменнікаў нашых з вялікага, дружнага роду Піскуноў-Падкарытавых з Цюмені ёсць чаму павучыцца. Бо яны спецыяльна тую культуру не пашыраюць – яны так заўсёды жывуць. У працы, з песнямі ды жаданнем прыўносіць у жыццё гармонію і прыгажосць.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.