Вы тут

«Porechіe VІP Band» — хэдлайнер фестывалю нацыянальных культур у Гродне


Так склалася, што духавы аркестр Парэцкай дзіцячай музычнай школы вядзе за сабой фестывальную калону. Сёлета аркестр падрыхтаваў праграму, якую прадставіць на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур на Аўгустоўскм канале. А зусім нядаўна калектыў стаў пераможцам ІV Міжнароднага фестывалю духавой музыкі «Беларускія фанфары», які прайшоў у Баранавічах. Аб узроўні музыкантаў сведчыць і такі факт: палова ўдзельнікаў — а гэта 25 чалавек — з'яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.


Сустрэцца з калектывам давялося напярэдадні фестывалю нацыянальных культур. Літаральна за некалькі дзён да свята, тут, на малой радзіме, у аграгарадку Парэчча, аркестр прымаў віншаванні з 30-гадовым юбілеем. Сабраўся амаль увесь пасёлак. І не дзіва. Аграгарадок сапраўды музычны.

Як расказаў кіраўнік аркестра Валерый Сак, кожны трэці школьнік у аграгарадку — яшчэ і вучань музычнай школы. Праўда, не ўсе яны ўдзельнікі аркестра, але за гады яго існавання праз аркестр прайшлі дзесяткі мясцовых школьнікаў. Ды і як не ганарыцца калектывам, які лічыцца адным з найлепшых аркестраў краіны. Пётр Мазюк, выкладчык музыкі і другі кіраўнік аркестра, чуў, як у высокіх музычных кулуарах падрыхтоўку музыкантаў у аграгарадку называюць «парэцкай кансерваторыяй».

А пачалася гісторыя аркестра з прыезду сюды двух сяброў-музыкантаў.

— Мы з Валерыем Сакам разам вучыліся ў музычным каледжы ў Гродне, пасля ён прыехаў па размеркаванні сюды, у Парэчча, а я пайшоў у армію, — распавядае Пётр Мазюк. — Паколькі я сам родам з Парэчча, Валерый запрасіў мяне на працу сюды ў школу, хаця я не імкнуўся быць педагогам. Мяне вабіла работа ў ваенным аркестры. Але Валерый змог пераканаць. І мы вырашылі «замуціць» тут аркестр. Напачатку было складана. Мала хто хацеў займацца на духавых інструментах, ледзьве набралі 10 чалавек на пачатку вучэбнага года. У 1992-м адбыўся наш дэбют.

Значны імпульс дала першая паездка на міжнародны фестываль у Польшчу ў 1995 годзе. Валерый Сак успамінае, што тады ў калектыве не было дастаткова музычных інструментаў і некаторыя прыйшлося шукаць па розных дамах культуры. На фоне аркестраў з Галандыі, Італіі і Польшчы музыканты з беларускай глыбінкі выглядалі, мякка кажучы, не вельмі прэзентабельна. Але пасля выступлення стаўленне да аркестра змяніліся. Дзеці гралі з такім натхненнем, што нават члены журы не сумняваліся ў далейшых поспехах калектыву.

— Так і здарылася. Зараз польскія аркестры праяўляюць да нас большы інтарэс, чым мы да іх. У нас выдатныя інструменты, дастойная праграма, дэфіле, настрой ствараюць дзяўчаты — мажарэткі, якія таксама ўваходзяць у склад аркестра, — расказвае Валерый Сак.

Той далёкі фестываль вельмі значна паўплываў на станаўленне аркестра. Музыканты змаглі ацаніць сябе ў параўнанні з іншымі, убачыць лепшыя і горшыя бакі. Дзеці адчулі, што могуць спаборнічаць і перамагаць. Яны сталі больш старанна займацца. А ў 1996 годзе, на першым фестывалі нацыянальных культур, аркестр выступаў ужо ў званні «ўзорнага».

— Мы часта ездзім на конкурсы салістаў, многія аркестры нават не выстаўляюць сваіх, бо ведаюць, што шанцаў няма. У нас трубачы даволі моцныя, яны пастаянна перамагаюць на рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах, — дапаўняе свайго калегу Пётр Мазюк.

Але самае яскравае відовішча — гэта, вядома, марш і дэфіле. Менавіта аркестр задае тон руху ўсёй калонны падчас урачыстага шэсця. Таму тут у першую чаргу звяртаюць увагу на зладжанасць. Трэніроўкі даволі жорсткія. «Страявой» падрыхтоўкай аркестр займаецца пастаянна на школьным стадыёне. Усе рухі адпрацоўваюцца да аўтаматызму.

Сярод шматлікіх дыпломаў і ўзнагарод ёсць некалькі з фестывалю нацыянальных культур. Напрыклад, на мінулым ХІІ форуме калектыў атрымаў дыплом «за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні заключных мерапрыемстваў». Выступае аркестр і з асобнай праграмай. Па словах Пятра Мазюка, музычныя творы розныя, але аддаецца перавага беларускім кампазітарам. Ёсць у рэпертуары цікавае папуры на тэмы песень «Песняроў» пад назвай «Беларускія кружалі» ў аранжыроўцы Леаніда Брагінскага. Дарэчы, ён вучыўся разам з кіраўнікамі парэцкага аркестра.

Напрыканцы размовы цікаўлюся, чаму ў назве аркестра ёсць слова VІP. Няўжо прызначаны толькі для спецыяльнай аўдыторыі? Аказалася, гэты першыя літары імёнаў кіраўнікоў — Валерый і Пётр. А што датычыць публікі, яна самая розная. Выступленні духавога аркестра можна ўбачыць на буйных святах рэгіёна. Часта выступаюць у сваім аграгарадку Парэчча. Калектыў выязджае з канцэртамі і ў малыя вёскі. А на фестывалі нацыянальных культур выступіць з новай праграмай на Аўгустоўскім канале ў нядзелю, заключны дзень ХІІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.