Вы тут

Аўтары «Звязды» прынялі ўдзел у фестывалі дзіцячай кнігі ў доме Коласа


На базе Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа 2 чэрвеня адбыўся фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды». На мерапрыемства былі запрошаны аўтары, кнігі якіх пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Кожны жадаючы мог набыць «звяздоўскія» навінкі — асаблівай папулярнасцю карысталіся выданні для дзяцей «Облака для Милы» Таццяны Дашкевіч і «Сакрэты аднаго каралеўства» Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Удзел у фестывалі прыняў і Саюз пісьменнікаў Беларусі: першы намеснік старшыні Алена Стэльмах, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Міхась Пазнякоў і яго намеснік, паэт Уладзімір Мазго, прывіталі ўсіх на ўрачыстым адкрыцці, падчас якога прагучалі вершы, песні і загадкі. 


Загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Вольга Наважылава распавяла «Звяздзе», што фестываль «Міхасёвы прыгоды» ладзіцца ўпершыню, але супрацоўнікі плануюць праводзіць мерапрыемства штогод: 

— Вельмі важна паказаць падрастаючаму пакаленню, што беларуская літаратура гэта цікава, а таксама распавесці аб аўтарах, якія пішуць менавіта для іх. Не трэба баяцца беларускіх кніжак і думаць, што яны не спадабаюцца. Трэба разглядаць кнігу, як сапраўднага сябра. Удзел ва ўрачыстым адкрыцці фестываля прынялі знакамітыя пісьменнікі — Міхась Пазнякоў, Алена Стэльмах, Уладзімір Мазго. На падставе сваіх кніжак пісьменніца Жанна Міус пагуляла з дзеткамі — загадала ім розныя загадкі. Разам з пісьменніцай Інай Фраловай прыехаў узорны хор «Вішанька» — маленькім наведвальнікам вельмі спадабалася, што яны адначасова паслухалі канцэрт і нават напісалі казку. Паэт і празаік Віктар Кажура таксама загадаў прыдуманыя ім загадкі. 

Для вучняў мінскага каледжа выступіла Людміла Рублеўская. Пісьменніца распавяла аб гісторыі стварэння авантурна-прыгодніцкага цыклу гісторый, прысвечаных шляхцюку Пранцішу Вырвічу. Аўтар не забылася і аб сваіх «маленькіх» героях — наведвальнікам Людміла Рублеўская распавяла аб мышцы Пік-Пік. Як прызналася сама пісьменніца, Пік-Пік стала для яе настолькі блізкай і роднай, што ўжо ўяўляецца сапраўднай і жывой асобай. А вось нарадзілася мышка дзякуючы таму, што пісьменніца хацела напісаць гісторыю для сваіх дзетак. Атрымалася, што Пік-Пік палюбілі ўсе. 

Таццяна Дашкевіч распавяла аб сваёй новай кніжцы «Облака для Милы»:

— Я пісала гэтую кнігу для сябе, і ніколі не думала, што яе выдадуць. І вось чамусьці мне захацелася даслаць яе ў Выдавецкі дом «Звязда» — мой рукапіс прынялі, а потым выдалі кнігу з цудоўнымі ілюстрацыямі Ірыны Князевай. «Облака для Милы» — гэта казачная аповесць, а вось ідэя яе напісання нарадзілася, калі я начавала ў майстэрні мастачкі-майстрыцы цацак. Ёй і прысвечана гэтая кніга. 

«Облака для Милы» распавядае аб фантазійных падарожжах гераіні па розных пакоях цудоўнага, поўнага сакрэтаў і шчылін, дому. Як адзначыла Таццяна Дашкевіч, у кнізе ёсць раздзел, прысвечаны сусвету, што існуе ўнутры звычайнай гітары. Пасля прэзентацыі пісьменніца парадавала маленькіх наведвальнікаў і іх бацькоў песнямі — аб коніку, мяккіх аблоках, хлопчыку, які разам з мамай купаецца ў моры, і дзяўчынцы, што любуецца небам. 

Фінальнай часткай фестываля стала выступленне і аўтограф-сесія Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Аўтар з’явілася ў касцюме шахматнай каралевы і распавяла дзеткам, што падарожнічае па кожнай са сваіх кніжак у розных вобразах. Пісьменніца пазнаёміла дзетак з казкай «Загадка прынцэсы Агнэсы», якая распавядае аб незвычайнай «шахматнай» гісторыі. Акрамя вядомых чытачам, аўтар прэзентавала новую казку, якая таксама выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». Кніга «Сакрэты аднаго каралеўства» прысвечана прыгодам жыхароў Грыбной дзяржавы, а яе галоўнымі героямі сталі Панеёлус Матыльковы і Бледная Паганка.

Нават дажджлівае надвор’е не стала перашкодай для правядзення фестываля — дзеці з захапленнем слухалі пісьменнікаў, а падчас музычных нумароў танцавалі. І нават незнаёмыя паміж сабой, напрыканцы свята сыходзілі разам, бо паспелі пасябраваць. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.