Вы тут

Гомельшчына: Найлепшае з друкаванага слова, турыстычны каларыт і фестывальны дух...


Аб знакавых праектах Года гістарычнай памяці Гомельскага рэгіёна размаўляем з намеснікам старшыні абласнога выканаўчага камітэта Уладзімірам Прывалавым.


Фота «Гомельскай праўды».

— Дзень беларускага пісьменства 2022 абяцае стаць знакавай падзеяй не толькі для яго сёлетняй сталіцы — Добруша, але і ў цэлым для культурнай, турыстычнай прасторы Гомельшчыны. Як рэгіён рыхтуецца да свята літаратурных традыцый і духоўнасці беларускага народа?

— Сапраўды, сёлета Гомельскай вобласці выпаў гонар працягнуць святочную нацыянальную традыцыю, стаць пунктам прыцягнення пісьменнікаў, аматараў друкаванага слова, удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства.

Сёння будучая святочная сталіца Добруш актыўна рыхтуецца выступіць у новым для сябе статусе. Галоўнай пляцоўкай свята стане гарадская плошча. Тут размесціцца глядзельная зала амаль на тысячу месцаў, спартыўна-гульнявая пляцоўка памерам 60 на 40 метраў, зоны для актыўнага сямейнага адпачынку. Плануецца стварыць сапраўды цэнтр прыцягнення для людзей рознага ўзросту. Падарункам для жыхароў раёна, гасцей свята стане адкрыццё абноўленага спарткомплексу Добрушскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і стадыёна са штучным пакрыццём. Акрамя таго, новыя абліччы будуць падораны жылым дамам у цэнтральнай частцы горада: на іх фасадах з'явяцца муралы. Дарэчы, актыўны ўдзел ў добраўпарадкаванні Добруша да Дня беларускага пісьменства возьме моладзь Гомельшчыны. У прыватнасці, студатрады дапамогуць добраўпарадкаваць асабліва папулярную ў гараджан набярэжную і зону адпачынку «Востраў». Плануецца заахвоціць да гэтай працы моладзь не толькі з Добрушскага раёна, але і з іншых раёнаў вобласці і Гомеля.

Вядома, адной з галоўных падзей праграмы стане адкрыццё ў Добрушы помніка народнаму пісьменніку Івану Шамякіну. Удзельнікаў і гасцей свята чакаюць таксама фестываль кнігі і прэсы, рэгіянальная медыявыстава, «літаратурны дворык» і музейныя экспазіцыі пад адкрытым небам. Пройдуць узнагароджанне лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага і навукова-практычная канферэнцыя.

— Ці зможа выдатная агульнанацыянальная культурная падзея стаць дадатковым імпульсам для развіцця турыстычнага патэнцыялу Добрушскага краю і Гомельшчыны ў цэлым?

— Безумоўна, так! І гэта вельмі важна для рэгіёна. Падчас мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства, запланаваны рэкламна-інфармацыйны тур для прадстаўнікоў турыстычнай галіны краіны і сродкаў масавай інфармацыі. Падчас экскурсіі ўдзельнікі наведаюць Добрушскую папяровую фабрыку, Добрушскі раённы краязнаўчы музей, Свята-Іаана-Кармянскі манастыр і іншыя знакавыя аб'екты. Свае работы для ўдзельнікаў і гасцей свята змогуць таксама прадставіць майстры з розных раёнаў Гомельскай вобласці. Тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі падрыхтуюць адукацыйныя ўстановы горада і раёна. Усіх ахвотных таксама парадуюць крэатыўныя фотазоны і інсталяцыі, пляцоўкі спартыўнага турызму, гульнявыя праграмы і майстар-класы. Варта адзначыць, што ў Добрушскім раёне распрацаваны турыстычныя маршруты «Культавая спадчына зямлі Добрушскай», «Іаан Гашкевіч — святы зямлі беларускай», «Горад трынаццаці мастоў». Гэтыя маршруты таксама будуць прадстаўлены напрыканцы рэкламна-інфармацыйнага тура, на круглым стале.

— Уладзімір Аляксандравіч, вядома, Дзень беларускага пісьменства ў Добрушы ў тым ліку закліканы працягнуць шэраг значных мерапрыемстваў, прысвечаных асноўным ідэям Года гістарычнай памяці. Якімі падобнымі знакавымі праектамі можа сёння ганарыцца Гомельшчына?

— Самы буйны праект, які рэалізоўваецца ў рэгіёне ў Год гістарычнай памяці, — рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу «Партызанская крынічка». Ён быў адкрыты ў 1983 годзе пад Гомелем, на месцы першапачатковай дыслакацыі партызанскага атрада «Бальшавік». Як вядома, разам з байцамі Чырвонай Арміі партызаны атрада ўдзельнічалі ў аперацыі «Баграціён». Пры падтрымцы падпольшчыкаў Гомеля знішчылі больш за 10 тысяч гітлераўцаў, 15 складоў боепрыпасаў і рыштунку, 150 варожых эшалонаў, вызвалілі з нямецкіх лагераў смерці больш за 8 тысяч ваеннапалонных, выратавалі ад угону ў фашысцкае рабства каля 5 тысяч савецкіх грамадзян. Кіраўніцтвам Гомельскай вобласці было прынята рашэнне аб рэканструкцыі знакавага месца памяці. Праведзена маштабная работа па аднаўленні ваенна-гістарычнага комплексу ў гонар усіх партызанскіх злучэнняў нашага рэгіёна як памятнага месца пакланення гераізму і аднаго з цэнтраў ваенна-патрыятычнага выхавання. Комплекс часткова музеефікаваны, у «партызанскіх зямлянках» разгорнуцца лакальныя экспазіцыі аб побыце байцоў атрада. Наведвальнікаў чакаюць экскурсіі з інфармацыяй аб баявых дзеяннях партызанскіх фарміраванняў Гомельшчыны. Адкрыццё гэтага грандыёзнага, не толькі для Гомельшчыны, але і для ўсёй Беларусі, аб'екта плануецца прымеркаваць да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Варта адзначыць, што сёлета ў рэгіёне ў рамках Года гістарычнай памяці таксама арганізаваны шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных памятным і юбілейным датам населеных пунктаў, прадпрыемстваў і арганізацый Гомельшчыны. Адзначаюцца прысваенні імёнаў герояў Вялікай Айчыннай вайны, Герояў Савецкага Саюза, знакамітых землякоў навучальным установам, студэнцкім і піянерскім атрадам, вуліцам і плошчам населеных пунктаў, распрацоўваюцца інфармацыйныя стэнды ў гонар заслужаных суайчыннікаў. Значная работа праведзена па арганізацыі выстаў архіўных дакументаў, кніжных і фотавыстаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне і Году гістарычнай памяці. Прынамсі, пры ўдзеле Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі быў прадстаўлены ўнікальны выставачны праект «Бывайце, людзі...», які дапамагае праліць святло на палітыку нямецкіх акупацыйных уладаў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Гомелі па генацыдзе беларускага народа. Адзін з самых каштоўных матэрыялаў выставы — арыгінальная нямецкая фатаграфія часоў акупацыі расстрэлу мірных жыхароў Гомеля. Большасць экспанатаў прадстаўлены ўпершыню. Гэта ў тым ліку і рэчы, знойдзеныя падчас пошукавых работ 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Беларусі ў лесе Чонкаўскага лясніцтва Гомельскага раёна. Нагадаю, што пошукавыя работы на месцы масавага знішчэння мірнага насельніцтва падчас нямецкай акупацыі арганізаваныя ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Беларусі. Між тым выставачны праект «Бывайце, людзі...» мабільны і цяпер экспануецца ў рэгіёнах вобласці. Усяго за некалькі месяцаў толькі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі гэтую выставу наведала амаль 30 тысяч чалавек.

Рэчы ахвяр фашыстаў, знойдзеныя падчас пошукавых работ у Чонкаўскім лесе пад Гомелем,  сталі экспанатамі ўнікальнай выставы «Бывайце, людзі…»

— У Год гістарычнай памяці якія цікавыя падыходы вылучаюцца ў рабоце ўстаноў культуры рэгіёна?

— Асноўныя акцэнты, безумоўна, — на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне гістарычнай праўды, духоўна-маральных і культурных традыцый беларускага народа. Так, творчым калектывам, майстрам і рамеснікам Гомельшчыны пашчасціла прадстаўляць рэгіён у мерапрыемствах другога сезона культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокі. Ступень на Алімп» у Рэчыцы і XІІІ Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх промыслаў «Вясновы букет» у Мінску, у праграме VІІІ Рэспубліканскага свята майстроў і рамеснікаў «Гомельская вясна» XXІІІ Міжнароднай выставы «Вясна ў Гомелі». Хары і салісты Гомельскай вобласці дастойна прадставілі рэгіён у праграме XVІ Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Ветэраны душой не старэюць» у Мінску. Таксама творчыя сем'і Гомельскай вобласці прынялі ўдзел у VІ Рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці «Жыць у радасць» у Слоніме. Творчыя калектывы і выканаўцы, майстры народных промыслаў і прадстаўнікі розных нацыянальных дыяспар Гомельшчыны прадставілі наш рэгіён на мерапрыемствах XІІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне.

Варта адзначыць, што для павышэння культуры чытання, папулярызацыі культурна-асветніцкай дзейнасці бібліятэк у Гомелі адбыўся кніжны фестываль #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ. Яго наведвальнікі змаглі прыняць удзел у сустрэчах з пісьменнікамі і паэтамі, наведаць кніжны кірмаш, прэзентацыі новых кніг, літаратурныя і гульнявыя пляцоўкі для дзяцей, конкурсы, квэсты, фотазоны і творчыя майстэрні, канцэртную праграму.

— Рэперныя кропкі сацыяльнай сферы рэгіёна...

— Як неаднаразова адзначаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, павышэнне эфектыўнасці эканомікі — гэта толькі інструмент для ператварэння Беларусі ў дзяржаву для народа. Таму найважнейшым прыярытэтам для Гомельшчыны, як і для ўсёй краіны, з'яўляецца рэалізацыя сацыяльнай палітыкі. Адным з асноўных для нас напрамкаў застаецца развіццё сістэмы адукацыі рэгіёна, якая ўключае каля тысячы двухсот устаноў, у тым ліку восем ВНУ, і прэстыж навучальных устаноў рэгіёна толькі расце.

Дарэчы, летась па выніках цэнтралізаванага тэсціравання выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомельшчыны занялі першае месца ў краіне. Па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды бягучага года навучэнцы рэгіёна атрымалі 114 дыпломаў. Гэта дазволіла заняць ІІ каманднае месца сярод абласцей.

Між тым рэгіён забяспечвае выкананне ўсіх дзяржаўных сацыяльных стандартаў у такім важным кірунку, як ахова здароўя. Інтэнсіўна развіваюцца перадавыя напрамкі медыцыны — транспланталогія, кардыялогія і кардыяхірургія, анкалогія, траўматалогія і артапедыя, нейрахірургія, афтальмалогія... Практычна ўвесь спектр аператыўных умяшанняў на сэрцы

сёння выконваецца кардыяхірургамі вобласці. Разам з тым, вядома, здароўе — гэта не толькі адсутнасць хвароб, але і гарманічны духоўны, фізічны, сацыяльны дабрабыт людзей. На Гомельшчыне перакананы, здароўе — гэта спорт! Прынамсі, работа сеткі адукацыйных і спартыўных устаноў вобласці дае магчымасць развіваць 50 відаў спорту, 30 з якіх уключаны ў алімпійскую праграму. Сярод найбуйнейшых спартыўных збудаванняў міжнароднага ўзроўню ў рэгіёне — лядовы Палац спорту, цэнтральны стадыён, Палац лёгкай атлетыкі, коннаспартыўны манеж у Гомелі і спартыўна-аздараўленчы гарналыжны комплекс у Мазыры. Невыпадкова Гомельшчына — адзін з лідараў у краіне ў спорце найвышэйшых дасягненняў.

Міжнародны фестываль «Кліч Палесся» – адна з візітовак Гомельшчыны. Фота: БелТА

— Як, на вашу думку, міжрэгіянальныя сувязі сёння спрыяюць развіццю адукацыі, навукі і спорту, узбагачаюць культурную прастору паўднёва-ўсходняга беларускага рэгіёна?

— Гомельскія вучоныя, выкладчыкі і іх калегі з суседніх рэгіёнаў рэгулярна абменьваюцца вопытам, удзельнічаюць у семінарах і канферэнцыях. Традыцыйныя міжнародныя сустрэчы педагагічнай супольнасці, якія праходзяць у форме адкрытага дыялогу аб дасягненнях і эфектыўных шляхах вырашэння новых прафесійных задач, што стаяць перад сістэмамі адукацыі розных краін. Нашы турысты і краязнаўцы з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі штогадовых міжрэспубліканскіх злётаў турысцка-патрыятычных клубаў «Мы славяне!», а таксама адкрытых спаборніцтваў «Школа бяспекі», якія праводзяцца ў Навазыбкаве. На іх адпрацоўваюцца практычныя навыкі і ўменні паводзін у экстрэмальных умовах. Пры гэтым спаборніцтвы садзейнічаюць фарміраванню гатоўнасці падрастаючага пакалення да абароны Айчыны, выхоўваюць любоў і павагу да Радзімы. Апроч адукацыйных праграм, актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў сферы турызму, спорту і фізічнай культуры. Вялікую цікавасць у замежных гасцей выклікаюць нашы санаторыі «Прыдняпроўскі», «Чонкі», «Залатыя пяскі», «Сярэбраныя ключы», Жлобінскі аквапарк, Мазырскі гарналыжны комплекс і іншыя аздараўленча-спартыўныя аб'екты. Спартсмены з замежных краін заўсёды запрашаюцца для правядзення міжнародных турніраў і адкрытых рэгіянальных спаборніцтваў. Так, напрыклад, у рамках падпісанага 21 красавіка бягучага года пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне фізічнай культуры і спорту паміж упраўленнем спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама і ўпраўленнем фізічнай культуры і спорту Бранскай вобласці ў верасні запланаваны фестываль футбола з удзелам каманд гарадоў Унеча, Клінцы і Бранск.

Нагадаю таксама, што Гомельшчыну па праве называюць унікальным рэгіёнам не толькі з-за маляўнічай прыроды беларускага Палесся, але і з-за багатай гістарычнай і культурнай спадчыны. Штогод мы праводзім значную колькасць мерапрыемстваў, многія з якіх сталі сапраўднымі брэндамі рэгіёна. Фестывалі рознага ўзроўню збіраюць на Гомельшчыне гасцей не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Сярод адметных міжнародныя фэсты — фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» (сёлета прымеркаваны да 880-годдзя, пройдзе ў Гомелі з 9 да 11 верасня і збярэ каманды гарадоў-пабрацімаў) і «Славянскія тэатральныя сустрэчы», рэспубліканскія фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня» і народнага гумару «Аўцюкі». Сёлета ў мэтах падтрымкі самадзейных цыркавых калектываў, захавання пераемнасці прафесійнага цыркавога мастацтва і самадзейных цыркавых калектываў, развіцця і прапаганды найлепшых дасягненняў цыркавога мастацтва ў Гомелі быў праведзены І Міжнародны фестываль самадзейнага цыркавога мастацтва. У ім прынялі ўдзел цыркавыя калектывы Беларусі і Расіі. У аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна 20 жніўня сёмы раз пройдзе Міжнародны фестываль «Кліч Палесся». У праграму фестывалю будуць уключаны тэматычныя мерапрыемствы, якія таксама падтрымаюць асноўныя нацыянальныя пасылы Года гістарычнай памяці.

Гутарыла Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.