Вы тут

Якія мерапрыемствы падрыхтаваў музей Купалы да 140-годдзя класіка


На летнія месяцы прыпадае шмат «купалаўскіх» дат — дзень нараджэння і дзень смерці паэта, купальская ноч. Сёлета святкуецца 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. «Звязда» сустрэлася з Ганнай Галінскай, дырэктарам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, каб даведацца аб усіх мерапрыемствах, якія чакаюць нас наперадзе.


Фота: planetabelarus.by

Сустрэча з Ганнай Васільеўнай адбылася 1 чэрвеня, у міжнародны Дзень аховы дзяцей. Буды нак музея быў запоўнены вучнямі малодшых класаў. Падчас адмысловых музейных заняткаў «Адпачні ЯК» маленькім наведвальнікам распавялі аб тым, як праводзіў вольны час Янка Купала. Паэт быў заўзятым шахматыстам, любіў выбрацца з вудамі на рэчку ці ў лес у грыбы. Супрацоўнікі музея пазнаёмілі з вершамі класіка, адрасаванымі дзецям, і дазволілі адчуць сябе героямі самага знакамітага з іх — «Хлопчык і лётчык», — прымераўшы сапраўдны парашут.

— Янка Купала — гасцінны гаспадар, — каментуе адзін з дзяцей.

— Так, ты правільна ўсё запомніў, — усміхаецца экскурсавод.

Дырэктар музея распавяла, што менавіта такія заняткі падрыхтаваны музеем для дзіцячай і сямейнай аўдыторыі ў летні час:

— Акрамя класічнай агляднай экскурсіі па стацыянарнай экспазіцыі, заўсёды хочацца паказаць наведвальнікам нешта новае, — адзначыла Ганна Галінская.

Мерапрыемствы ў сталіцы

— Дзейнасць Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў 2022 годзе скіравана на арганізацыю і правядзенне юбілейных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 140-годдзя з дня нараджэння класіка, а таксама тых памятных дат, якія звязаны з ягон жыццём і творчасцю. Найперш са 100-годдзем выхаду чацвёртага паэтычнага зборніка «Спадчына», 110-годдзем першай сустрэчы Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Мы плануем правесці шэраг мерапрыемстваў пад агульнай назвай «Купалаўскія дні». У Год гістарычнай памяці актуальна, што 24 чэрвеня іх праграму распачне адкрыццё сумеснага выставачнага праекта ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Было вырашана, што мы зробім выставу пад назвай «Шчаслівых перамог, свабодны мой народзе!». Палымянае публіцыстычнае слова станавілася ў гэтыя трывожныя дні асноўным жанрам, у якім пісаў Янка Купала. Як прыклад — артыкулы «Не будзе беларус рабом нямецкіх баронаў!», «Германскі фашызм — люты вораг беларускага народа», якія выкрываюць сапраўдную сутнасць гітлераўскай палітыкі, скіраванай на вынішчэнне славянскіх народаў. Вершы класіка, напісаныя ў першыя месяцы вайны, незавершаная балада «Дзевяць асінавых колляў» — гэта ўсё будзе дапаўняцца матэрыяламі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, візуальна пацвярджаючы тое, аб чым Янка Купала пісаў.

А ўвечары ў Купалавым доме адбудзецца Купальская ноч — мерапрыемства з інтэрактыўнай праграмай і элементамі рэканструкцыі традыцыйнага свята. Ладзім мы яго сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў.

У гэтым годзе мы згадваем і трагічную дату — 80 гадоў з дня смерці Янкі Купалы. «Жальбіны» ў памяць паэта пройдуць 28 чэрвеня на Вайсковых могілках.

У філіялах музея

— Не застануцца ўбаку і нашы філіялы — 2 ліпеня ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Ляўкі» адбудзецца свята паэзіі «Купала заўсёды ў сэрцы маім». А 9 ліпеня ў Вязынцы пройдзе рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі», куды будуць запрошаны паэты, спевакі і народныя мастацкія калектывы.

Напрыканцы ліпеня плануем правесці сяброўскую сустрэчу ў Смольні, каб адзначыць 110-годдзе з дня знаёмства Янкі Купалы і Якуба Коласа. Праект з нашым удзелам рыхтуе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Сачыце, калі ласка, за навінамі музея — мы абавязкова абвесцім аб правядзенні свята.

Сумесныя праекты

— Трэба дадаць, што ўвесь юбілейны 2022 год багаты на розныя сумесныя выставачныя і культурна-адукацыйныя праекты. Якраз у маі адбылося адкрыццё выставы «Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў». Праект быў зладжаны сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Вельмі цікавая выстаўка, бо ўпершыню была паказана адметная рыса характараў народных паэтаў — іх стаўленне да гумару і сатыры як у творчасці, так і ў жыцці. Таму запрашаем наведвальнікаў: выставачны праект «Досціпы ад класікаў» будзе працаваць да 30 ліпеня.

Хацелася б адзначыць культурна-адукацыйны праект «Купала. 12 адкрыццяў», які штомесяц ладзяць навуковыя супрацоўнікі музея, кожны з якіх прадстаўляе гасцям музея свайго Купалу, знаёмячы з малавядомымі старонкамі жыцця паэта, у новым святле паказваючы яго асобу і творчасць. Таксама мы арганізоўваем праект «Слухаем класіка», які ў рамках акцыі «Чытаем Купалу разам» ладзіцца сумесна з каналам «Культура» Беларускага радыё. Супрацоўнікі музея рыхтуюць літаратурную даведку пра абраны для чытання твор, а агучваюць яго вядомыя акцёры вядучых драматычных тэатраў краіны.

Мы імкнёмся захоўваць добрыя традыцыі, закладзеныя папярэднікамі, але адгукаемся на змены, якія нясе час. Таму мы павінны не толькі забяспечыць высокі ўзровень адукацыйных і інфармацыйных паслуг, але і актыўна далучаць моладзь і сямейную аўдыторыю да нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны праз прызму жыцця і творчасці Янкі Купалы.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.