Вы тут

Пётр Падгурскі: Не пакінем таго, чаму навучыліся за гэты час


Як захоўваюць гісторыка-культурную спадчыну ў Віцебскай вобласці? Як адзначаюць Год гістарычнай памяці ў рэгіёне? Што назіраецца апошнім часам у бібліятэчнай сферы? І куды варта завітаць тым, хто жадае даведацца як мага больш пра Віцебшчыну? Пра гэта расказвае начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Падгурскі.


— У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уваходзіць шмат аб’ектаў Віцебскай вобласці. Якія з іх у гэтым пераліку значацца нядаўна? Магчыма, штосьці плануюць уключыць у бліжэйшы час?

— У 2021 годзе ў Дзяржаўны спіс уключаны дзве нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці — «Беларускае мастацтва выцінанкі» (у цэлым па краіне) і «Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору» ў Лепельскім раёне, а таксама два матэрыяльныя аб’екты. Гэта комплекс былой сядзібы Цюндзявіцкіх у Галошаве Талачынскага раёна і помнік на месцы гібелі генерала Якава Кульнёва ў Полацкім раёне. Сёлета ўжо надалі статус нематэрыяльных каштоўнасцей стравам з бульбы Віцебскай вобласці. Плануецца дадаць туды і традыцыйнае інструментальнае выкананне на дыятанічных цымбалах (гэта Пастаўскі раён) і традыцыйны народны лялечны тэатр «Віцебскі жлоб».

— Раскажыце, калі ласка, пра планы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны на 2022 год.

— Знакавы аб’ект у гэтым плане — Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, дзе працягваюцца маштабныя работы па аднаўленні фрэсак ХІІ стагоддзя і рэканструкцыі самога храма. Акрамя гэтага, вядуцца работы на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку, уключаючы маштабныя археалагічныя даследаванні, якія не маюць аналагаў у краіне ў апошнія гады. Арганізавана праца і на будынку былога вінаачышчальнага склада ў Лепелі, які будзе прыстасаваны пад музей. Дарэчы, маюцца прыклады актывізацыі дзейнасці па рэстаўрацыі з боку прыватнага бізнесу. У першую чаргу гэта тычыцца будынкаў у буйных гарадах, хаця ёсць цікавасць і да былых сядзіб. Апошняй катэгорыі, у першую чаргу тым аб’ектам, якія на дадзены момант не выкарыстоўваюцца, надаецца асаблівая ўвага з боку урада, Міністэрства культуры і мясцовых улад. У прыватнасці, усе яны могуць быць рэалізаваны на льготных умовах ці выкарыстаны для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Спіс падобных месцаў і невялікі відэаролік пра іх можна паглядзець на сайце Віцебскага аблвыканкама.

— Пералічыце асноўныя конкурсы, акрамя, зразумела, тых, што адбываюцца ў рамках Славянскага базару, якія праходзяць у рэгіёне. Якія з іх, на вашу думку, заслугоўваюць асаблівай увагі?

— Віцебшчына, сапраўды, — не толькі Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар». У нас маецца 12 міжнародных і 4 рэспубліканскія фестывалі і святы, якія фінансуюцца з удзелам рэспубліканскіх і абласных сродкаў. А яшчэ шмат разнастайных рэгіянальных мерапрыемстваў. Напрыклад, у Сафійскім саборы ў Полацку штогод праходзяць Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі і Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». У тым жа Полацку вялікі поспех сярод блогераў і аматараў кіно мае рэспубліканскі адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча «Я здымаю кіно».

Фота БелТА

Заўседы з размахам праходзяць Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы», Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне», Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», Міжнароднае свята «Вішнёвы фестываль», Міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало» і іншыя знакавыя культурныя падзеі. Па сутнасці, кожны раён і горад вобласці мае што паказаць і куды запрасіць гасцей і ўдзельнікаў.

 

— А куды будуць запрашаць падчас правядзення мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці?

— Гэтая тэма будзе ісці своеасаблівым рэфрэнам ва ўсіх установах культуры. Але ёсць асобныя мерапрыемствы, на якія трэба звярнуць увагу. Напрыклад, круглы стол «Праблемы вывучэння гісторыі партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны на сучасным этапе», віртуальны праект «Кніга „Памяць“. Віцебская вобласць». Гаворка вядзецца пра прэзентацыю віртуальнай базы даных загінуўшых ураджэнцаў рэспублік СССР на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, распрацаванай Віцебскім абласным музеем імя Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова. Запланаваны імпрэзы, прысвечаныя больш далёкім стагоддзям. Напрыклад, выстаўка «Полацк Ганзейскі», дзе будуць прадстаўлены свінцовыя пломбы і пячаткі з калекцыі археалогіі музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

— Што апошнім часам адбываецца ў бібліятэчнай сферы? Чым спрабуюць зацікавіць сталых і юных чытачоў?

— Тут назіраюцца лагічныя вынікі інфарматызацыі. Новыя ўмовы, распаўсюджанне гаджэтаў і дамінаванне інтэрнэту прыводзіць да скарачэння колькасці чытачоў. Пры гэтым бібліятэчныя супрацоўнікі не сядзяць на месцы, а ідуць у нагу з часам. Яскравы прыклад — Віцебская абласная бібліятэка імя Леніна, якая здолела заняць сваю нішу ў інтэрнэт-прасторы за кошт размяшчэння электроннага каталога, алічбаваных дакументаў, сур’ёзных тэматычных баз даных і іншага цікавага і запатрабаванага кантэнту. У выніку толькі за 2021 год сайт бібліятэкі наведала звыш 1,8 мільёна чалавек. Гэта велізарныя лічбы для ўстаноў культуры. Але ж і саму абласную бібліятэку прыемна наведваць. Пры магчымасці рэкамендуем усім гэта зрабіць. Таму што цяпер там не проста чытальныя залы, але і ўтульны і крэатыўны інтэр’ер, які стварае сапраўдную творчую атмасферу і дае магчымасць атрымаць асалоду ад чытання. Тое ж самае можна сказаць пра дзіцячы аддзел, які больш нагадвае яркую гульнявую пляцоўку, ад якой дзяцей не адцягнуць. Яны самі могуць хадзіць сярод паліц і выбіраць цікавыя кніжкі. Усё гэта рэальна працуе.

— Як справы ў іншых кніжніцах?

— Зразумела, што звычайныя, тым больш рэгіянальныя бібліятэкі не могуць па гэтых паказчыках дасягнуць узроўню абласной, але і там ёсць чым ганарыцца. У паўночным рэгіёне Беларусі інфармацыйнае абслугованне ў сельскай мясцовасці ажыццяўляюць 318 бібліятэк. Для жыхароў населеных пунктаў, дзе адсутнічаюць стацыянарныя ўстановы культуры, даступнасць паслуг забяспечваецца мабільнымі бібліятэкамі, якія выязджаюць па графіках зацверджаных маршрутаў і наведваюць карыстальнікаў з 690 аддаленых і маланаселеных вёсак. На выклікі часу бібліятэкі адказваюць усё часцей праектнай дзейнасцю. Паспяхова рэалізоўваюцца праекты, скіраваныя на сацыяльную адаптацыю пажылых людзей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу: «Мы — разам» Вусценскай сельскай бібліятэкі (Аршанскі раён), «Шлях да кнігі» Відзаўскай гарпасялковай бібліятэкі (Браслаўскі раён). Этнаграфічны праект Руднянскай бібліятэкі-філіяла № 43 па стварэнні пакоя-музея «Вачыма продкаў» з прадметамі побыту канца XIX — пачатку XX стагоддзяў стаў настолькі папулярным сярод жыхароў вёскі, што пераўтварыўся ў мабільны і экспанаваўся ў 6 філіялах Полацкай бібліятэчнай сістэмы. Жыхары горада не толькі ацанілі цікавую экскурсійную праграму, але і прымалі актыўны ўдзел у арганізаваных фальклорных святах. Плённа працуюць бібліятэкі Лёзненскага раёна. Так, Кавалёўская сельская бібліятэка ажыццяўляе пошукавую работу па гісторыі народных гульняў, звычаяў, традыцый і самабытнай культуры. Запісаны і абагулены матэрыялы носьбітаў вуснай народнай творчасці, бытавых танцаў, у тым ліку аўтэнтычнай Лёзненскай кадрылі, характэрнай для канкрэтнай мясцовасці.

— Калі поспехі ў гэтым кірунку ў бібліятэк, што ўжо казаць пра музеі... На якія з іх варта звярнуць увагу аматарам гісторыі і мастацтва? Куды параіце чытачам завітаць?

— У ліку найбольш папулярных — Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Музей Марка Шагала ў Віцебску, Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Таксама цікавасць для турыстаў павінны ўяўляць Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку, Музей-сядзіба Ільі Рэпіна «Здраўнёва», Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў, Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей і яго філіял у Мосары, Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны...

— Што новага ў гэтай сферы?

— У вобласці актыўна вядзецца работа па стварэнні новых экспазіцый музеяў. Так, у пачатку мая была адкрыта абноўленая экспазіцыя ва Ушацкім музеі народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка. Арганізоўваюцца новыя экспазіцыі ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі, а таксама ў новым будынку Музея Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Важнай задачай для музеяў з’яўляецца правядзенне на высокім узроўні юбілейнага 5-га нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі», які пройдзе гэтай восенню ў Віцебску і ў якім павінны прыняць удзел усе музеі Віцебскай вобласці. Гэтае мерапрыемства змогуць наведаць усе ахвотныя.

— З якімі цяжкасцямі сутыкнулася ўпраўленне культуры апошнім часам? Як спрабуеце іх вырашыць?

— Доўгі час усе ўстановы культуры вобласці вымушаны былі працаваць ва ўмовах эпідэміялагічных абмежаванняў. Гэта адмоўна ўплывала на наведванне і колькасць мерапрыемстваў. У гэтым плане асабліва складаная сітуацыя была ў музеях. Напрыклад, 70 % ўсіх наведвальнікаў Музея Марка Шагала ў Віцебску ў перыяд да пандэміі складалі замежныя турысты. Увядзенне абмежаванняў на межах РФ і іншых краін вельмі балюча ўдарыла па гэтай і іншых установах культуры. Для вырашэння праблемы і прыцягнення наведвальнікаў музеі пайшлі ў інтэрнэт. У выніку, напрыклад, ролікі супрацоўніцы Віцебскага мастацкага музея Анастасіі Папроцкай пра асобныя знакавыя творы з фондаў установы за кароткі час набралі тысячы праглядаў у YouTube. На шчасце, сітуацыя змянілася ў станоўчы бок. Таму будзем спадзявацца, што многія нашы праблемы застануцца ў мінулым, але мы не пакінем таго, чаму навучыліся за гэты час.


Даведка

  • У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 966 аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі Віцебскай вобласці, у тым ліку помнікі горадабудаўніцтва (2), помнікі архітэктуры (299); помнікі археалогіі (370); помнікі гісторыі (264, абсалютная большасць з якіх — воінскія пахаванні); помнікі мастацтва (4); запаведныя месцы (2); рухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці (6); нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці (19).
  • У вобласці ў кожным раёне ёсць уласны музей. Агульная колькасць дзяржаўных музеяў сферы культуры складае 28. Сярод найбольш запатрабаваных — Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, якія маюць шмат філіялаў. У Год гістарычнай памяці вялікай папулярнасцю сярод студэнтаў і школьнікаў карыстаецца Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова. Турысты часцей за ўсё наведваюць Музей Марка Шагала ў Віцебску, Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, якія звязаны з імёнамі сусветна вядомых мастакоў.
  • Сёння раёны маюць свае адметныя культурныя праекты, якія адлюстроўваюць мясцовыя асаблівасці. Набіраюць папулярнасць свята аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст», якое праводзіцца на радзіме селекцыянера Івана Сікоры ў вёсцы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна, рэгіянальнае свята «Гарадоцкі Парнас» у гонар аўтара паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына, фестываль вулічнага мастацтва «Волаты Прыдзвіння» ў Віцебскім раёне, экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю» і шэраг іншых.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.