Вы тут

Беларускі асілак Сяргей Мацкевіч устанавіў новы сусветны рэкорд


Шматразовы чэмпіён і рэкардсмен свету, Еўропы, пераможца чэмпіянатаў і першынстваў Беларусі па гіравым марафоне Сяргей Мацкевіч сёння ўстанавіў новы сусветны рэкорд у гіравым марафоне — на працягу 67 хвілін ён падняў 1100 разоў гіру вагой 24 кг.


Вядомы беларускі асілак прыняў удзел у раённым спартыўным свяце, прымеркаваным да Дня Незалежнасці Беларусі. Акцыя прайшла ў Фрунзенскім раёне Мінска на тэрыторыі СШ № 49 і аб’яднала каманды школ раёна. Для дзяцей была падрыхтавана насычаная забаўляльная праграма, якая ўключала праходжанне квэстаў на спрыт, моц, логіку.

Актыўным удзельнікам свята стала каманда сярэдняй школы № 59. Намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Кацярына ГРЫНЕВІЧ распавяла карэспандэнту «Звязды», што пытанням выхаваўчай работы, арганізацыі адпачынку і аздараўлення навучэнцаў у школе надаецца вялікая ўвага.

«Зараз перыяд школьных канікулаў. І дарослыя — педагогі, выхавальнікі, бацькі — павінны прысвяціць гэтыя дні дзецям. Навучыць іх чаму-небудзь новаму, даць ім адчуць падтрымку і ўдзел. Бо дзеці — наша будучыня. Выхоўваць падрастаючае пакаленне адным толькі словам немагчыма. Неабходна ствараць умовы, пачынаючы ад дзіцячага сада, школы, спартыўнага збудавання, спартыўнай залы і інш. Вось гэта наша задача. Таму, я ўпэўненая, што хлопчыкі і дзяўчынкі з каманды нашай школы, якія сёння паўдзельнічалі ў спартыўным свяце, набылі карысны вопыт каманднай работы, спартыўныя навыкі і, што самае галоўнае, добры настрой і пазітыўныя эмоцыі», — падкрэсліла намеснік дырэктара СШ № 59. 

Госці свята — беларуска-расійскі тандэм у складзе шматразовага чэмпіёна і рэкардсмена свету, Еўропы, пераможцы чэмпіянатаў і першынстваў Беларусі па гіравым марафоне Сяргея Мацкевіча і шматразовага чэмпіёна свету, Еўропы, Расіі, прызёра нацыянальных чэмпіянатаў Аляксея Канарэйкіна — натхнілі арганізатараў на правядзенне конкурсу па падняцці гір сярод навучэнцаў, якія прыйшлі на спартыўнае свята. Перамогу атрымаў вучань СШ № 59 Ягор Навумаў: ён падняў гіру 55 разоў.

Ксенія ДАБРАБЫТ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.