Вы тут

Сахута: Традыцыйнай мастацкай культурай можам ганарыцца перад усім светам


Тое, што нацыянальную аўтэнтыку можна ператварыць у паспяховы брэнд, вытворцы ўсвядомілі прыкладна дзесяць гадоў таму. Раптоўна ў крамах з'явіліся стыльныя рэчы — магніты з маляванымі зубранятамі, паштоўкі з рэцэптамі беларускіх страў, майкі, упрыгожаныя традыцыйным беларускім арнаментам. Да сёння гэты трэнд не спадае, змяняюцца толькі рэчы — калі раней набывалі шкарпэткі, то сёлета набываюць экаторбы. Выходзіць, народны «хэнд-мэйд» заўсёды знойдзе сваё месца? Пра гэта і не толькі мы размаўляем з даследчыкам, доктарам мастацтвазнаўства, старшынёй Саюза майстроў народнай творчасці Яўгенам САХУТАМ.


У тэму народнага традыцыйнага мастацтва Яўген Міхайлавіч паглыбіўся яшчэ ў юнацтве — у час, калі гэтая з'ява лічылася адсталай, непатрэбнай. Як прызнаўся сам герой інтэрв'ю, за сваё жыццё ён зведаў некалькі этапаў: ад заняпаду народнага майстэрства да яго адраджэння і росквіту.

Яўген Сахута напісаў мноства манаграфій і кніг, з'яўляецца аўтарам артыкулаў і адказным за рэдагаванне фундаментальнай энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» і шасцітомнай энцыклапедыі «Культура Беларусі». Пра тое, як жыве традыцыйнае народнае мастацтва сёння, — чытайце ў нашым матэрыяле.

— Вы скончылі мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, потым паступілі ў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Адкуль з'явілася цікавасць да этнаграфіі і народнай творчасці? Мабыць, гэта яшчэ з дзяцінства?

— Калі мне задаюць такое пытанне, я і сам думаю: сапраўды, адкуль? Многія дзеячы са сферы традыцыйнай мастацкай культуры звычайна кажуць: «Вось, у мяне ўся вёска спявала, танцавала і малявала». У мяне такога не было. Адкуль узяўся інтарэс — не ведаю і сам, але ў старшых класах я пачаў цікавіцца мастацтвам. Прытым чамусьці мяне больш гарнула да традыцыйнай народнай творчасці, меў шмат шыкоўных выданняў па рускай народнай культуры. Трапляліся кнігі па ўкраінскай, літоўскай, польскай. Гартаеш і радуешся за людзей, зайздросціш, думаеш, чаму нарадзіўся тут, а не там. У нас як быццам нічога і няма. Бо ў мяне не было ніводнага выдання аб беларускай культуры.

Потым, пасля школы, пачала тачыць думка: «Што гэта такое робіцца? Вакол суседзі мелі і маюць багатую традыцыйную народную мастацкую культуру. А чаму ў нас нейкая пустка? Не можа такога быць». Пачаў цікавіцца, заўважаць — там у хаце на іконе вісіць вышываны ручнік, недзе — тканая посцілка. У той час гэта выходзіла з моды, людзі хавалі такія рэчы, ткачыхі закідвалі свае кросны, але самі ж работы яшчэ трапляліся на вочы. Я зразумеў: вось жа яно, тое, чым нашы суседзі ганарацца і хваляцца! А мы не звяртаем увагі ці, як заўсёды, не цэнім сваё. Вось гэта мяне і падштурхнула сур'ёзна заняцца такой неўзаранай нівай.

Пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта адразу пашчасціла трапіць у аспірантуру і ўжо на навуковым узроўні даследаваць дадзены пласт нашай культуры. У прыватнасці, тыя ж самыя рамёствы, якія занепадалі — гэта ўвогуле з'ява аб'ектыўная. Заходняя Еўропа даўно страціла народную мастацкую творчасць. У нас да гэтага кацілася, але яшчэ жылі рэшткі — ткацтва, многія віды ганчарства, разьбярства, пляценне. Гэта ўсё існавала, але было прадстаўлена майстрамі-адзінкамі. І я, каб паспець ухапіць, засведчыць і апублікаваць хоць нешта, у 1980-х пачаў патроху выдавацца. Былі часы перабудовы, і ў грамадства пачалі адкрывацца вочы — з'явілася разуменне, што рамёствы трэба ратаваць, пакуль не позна. Гэта стала праяўляцца вельмі актыўна, калі Беларусь набыла незалежнасць і калі заявілі, што мы — самастойная еўрапейская нацыя, трэба было абазначыць нашы адметнасці. Наша традыцыйная мастацкая культура — гэта тое, чым мы можам ганарыцца перад усім светам. У нас яна яшчэ жывая, не горшая і не лепшая, чым у суседзяў — яна проста свая, наш нацыянальны самаідэнтыфікатар.

Вось тут і разгарнулася наша навука — фалькларыстыка і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Пачалі з'яўляцца публікацыі, а таксама прыйшлі маладыя людзі, якія не мелі комплексу непаўнавартасці — маўляў, у суседзяў ёсць, а ў нас няма.

— У вашым адказе прагучала фраза «не цэнім сваё». На вашу думку, адкуль пайшла такая праблема?

— Што датычыцца традыцыйнай народнай культуры — даволі доўгі час лічылася, што народная культура нібыта належыць учарашняму дню і месца ў сучаснасці для яе няма. Нам настолькі ўбівалі гэта ў галаву, што самі майстры засцілалі мэблю шасцірублёвымі капамі. Калі я ў іх пытаўся, дзе іх работы, яны адказвалі: «Дык яны ў шафе ляжаць, не буду ж я імі засцілаць, каб з мяне людзі смяяліся — маўляў, ты што, не можаш набыць у краме?»

Лічылася, што мануфактура задаволіць усе нашы патрэбы, у тым ліку і мастацкія. Аказалася, што не. Прамысловы паток не можа замяніць унікальную ручную вытворчасць, прытым тую, якая непасрэдна звязаная з нашымі традыцыямі.

— Ваша доктарская дысертацыя была прысвечана асаблівасцям і адметнасцям народнага мастацтва Беларусі. У 2013 годзе ў вас выйшла кніга «Сучаснае народнае мастацтва Беларусі». Распавядзіце, калі ласка, дзякуючы чаму вылучаецца айчыннае традыцыйнае мастацтва?

— Калі гаварыць аб народным мастацтве, трэба ўлічваць, што яно заўсёды было звязана з наяўнасцю той ці іншай сыравіны, а таксама з менталітэтам народа. У нас хапала дрэва, гліны, саломы, лазы, ільну — вось у нас і развіліся рамёствы, якія былі заснаваны на гэтай сыравіне.

У кожнага народа — свае традыцыі ды менталітэт, гэта таксама адбіваецца на характары народнага мастацтва. Беларускі народ — стрыманы, спакойны. І народнае мастацтва ў нас стрыманае, спакойнае, на першым плане ўтылітарны бок. Напрыклад, у нас жыллё было драўляным, яго не размалюеш. Таму гэты пласт у нас развіты слабей.

— Яўген Міхайлавіч, распавядзіце аб дзейнасці Саюза майстроў народнай творчасці.

— У 1992-м я ініцыіраваў стварэнне новага Саюза, які зрабіў адну з найважнейшых спраў. Ён засведчыў раўнапраўнасць народнага мастацтва сярод іншых відаў нацыянальнай культуры. Самае галоўнае — народныя майстры сталі на адзін узровень з іншымі творцамі.

З таго часу я кірую творчым саюзам, які на сённяшні дзень налічвае звыш 600 майстроў з розных куткоў Беларусі. Не буду ганарыцца і хваліцца, але менавіта дзякуючы саюзу працэс заняпаду прыпыніўся. Былі адроджаны самыя розныя віды: і выцінанка, і гліняная цацка, і розныя віды ганчарства, і традыцыйная вышыўка.

Пазбегнуць працэсу заняпаду дапамагло і тое, што ў канцы 1980-х на дзяржаўным узроўні пачалі актыўна стварацца Дамы рамёстваў. Гэта была новая форма папулярызацыі і адраджэння розных відаў рамёстваў. Дзякуючы іхняй дзейнасці, на месцах пачалася работа па вывучэнні і фіксацыі — усё збіралася па крупінках. У савецкія часы лічылася, што на Віцебшчыне нічога не засталося з традыцыйнай культуры. Па-першае, туды хутка прыйшла цывілізацыя, па-другое, як казалі самі жыхары, усе рэшткі, што засталіся, знішчыла вайна. На сённяшні дзень на Віцебшчыне кожны з 25 раённых Дамоў рамёстваў адрадзіў мясцовы традыцыйны касцюм. Фактычна з нічога.

У нашым саюзе шмат актыўнай і зацікаўленай моладзі. Ёсць майстры і старэйшага пакалення, якія ў свой час і не чакалі, што вернецца цікавасць да іх работ. Яны проста былі ўражаны, калі ў 1990-х гадоў іх прасілі вярнуцца да ганчарнага круга ці кроснаў. Яны не разумелі, навошта гэта трэба, дзівіліся. Сёння яны актыўна перадаюць традыцыі моладзі, якая іх ахвотна пераймае.

— Вы ўжо закранулі тэму моладзі. Калі недахопу сярод маладых майстроў не адчуваецца, то як ідуць справы з навукоўцамі і даследчыкамі?

— Тут праблема даволі складаная. Увогуле ў навуцы, не толькі ў нашай сферы, ажыятажу сярод моладзі не назіраецца. Таму што, будзем казаць шчыра, — фінансавы бок мог бы быць лепшым. Калі навуковец — кандыдат ці доктар навук, тады яшчэ больш-менш. Але калі ты толькі пачатковец і атрымліваеш зусім невялікія грошы — разумееце, у гэтым выпадку трэба быць вельмі гарачым энтузіястам ці мець дадатковы прыбытак.

Пустым месца не бывае — знаходзяцца людзі, у тым ліку і маладыя, якія прыходзяць на змену нам. Эстафета перадаецца і, мяркую, будзе перадавацца далей.

— Як вы лічыце, ці пашырае свае межы фестывальны рух Беларусі?

— Якімі б ні былі фінансавыя ўмовы, дзяржаўнае кіраўніцтва разумее, што традыцыйная культура — гэта наш брэнд. Пачалася актыўная папулярызатарская і фестывальная дзейнасць. Сёлета ў канцы мая наш саюз ужо трынаццаты раз правёў рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў «Вясновы букет». І на рэгіянальным узроўні ладзяцца рознага кшталту мерапрыемствы — гэта незвычайнае відовішча. З'язджаецца каля паўтысячы майстроў. Раскідваюць павільёнчыкі з выстаўкамі, хтосьці садзіцца за ганчарны круг, тут жа побач ткачыхі. І калі замежныя госці трапляюць на нашы фестывалі, у іх вочы робяцца вялікімі. Такога не прывыклі бачыць. У шведаў, напрыклад, калі гаспадыня ўмее варыць варэнне ці гаспадар вяжа венікі — дзяржава над імі трасецца, як над сапраўднымі народнымі майстрамі. А ў нас жа такіх майстроў тысячы, па самых розных відах мастацтва.

Зразумела, што сёння не ўсё проста ў фінансавым плане. Тыя ж самыя Дамы рамёстваў уключаюцца ў агульнадзяржаўны фінансавы механізм — яны павінны выконваць план па платных паслугах. З самага пачатку іх мэтай было адраджэнне і развіццё мясцовых рамёстваў — святая задача, што яны і пачалі паспяхова рабіць. А сёння даецца план. Далёка не заўсёды магчыма яго выканаць на традыцыйных вырабах. Так, гэта наш нацыянальны набытак, але ён не абавязкова мае практычнае прымяненне. Іх трэба захоўваць у выглядзе нематэрыяльнай каштоўнасці. Каб выканаць план, часам даводзіцца пераходзіць на «маскультуру». Звычайна гэта антымастацкія рэчы. Самі ведаеце, што сярод публікі на такое можа быць попыт. Народныя майстры часам мне скардзяцца: «Я плачу, у мяне рукі не працуюць, а я павінна рабіць сувенір па кітайскім узоры, каб выканаць план»...

— Яўген Міхайлавіч, наколькі важна, каб у сучаснасці працягваліся традыцыі народнага мастацтва?

— Усведамленне таго, што, з аднаго боку, нам трэба захаваць традыцыйныя віды і формы вырабаў, а з другога — прыстасаваць іх да сучасных культурных працэсаў — гэта аб'ектыўная з'ява. І тут апошнім часам, я гляджу, зладжана неблагая сістэма. Ёсць такія віды мастацтва, якія, паколькі мы не можам дапусціць, каб яны цалкам адышлі ў нябыт, мы ўключаем у дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў як наш нацыянальны набытак. Яны бяруцца на ўлік і па меры магчымасцяў падтрымліваюцца. Паралельна вядзецца і работа па іх адаптацыі да сучасных культурных працэсаў. Гэта таксама вялікі раздзел, над якім працуюць спецыялісты. Возьмем такую ўнікальную з'яву, як гродзенскія дываны — засталося некалькі майстрых, якія ўмеюць іх вырабляць і перадаюць свае веды моладзі. Яны ткуць дарагія, прыгожыя ды ўнікальныя дываны, але закупіць іх можа хіба што музей. Ды і месца ў сучасным інтэр'еры ім складана знайсці. Гэта наша аўтэнтыка, якую мы ўключылі ў рэестр і падтрымліваем як наш нацыянальны набытак. Адначасова моладзь стварае рэчы, якія маюць практычнае прызначэнне — сумачка з узорам ці, напрыклад, чахол для тэлефона.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.