Вы тут

Выйшаў фотаальбом дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Аляксея Скакуна


Гэтая кніга — шчырае прызнанне ў любові чароўнай Беларусі, родным і блізкім людзям, зямлі і чалавеку працы, вера ў шчасную будучыню і наказ моладзі берагчы здабыткі продкаў.


Аляксей Скакун нарадзіўся ў мнагадзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Дастоева. З дзяцінства праяўляў лідарскія якасці, ведаў, што галоўнае ў жыцці — быць гаспадаром на зямлі, але, акрамя працаздольнасці, трэба мець да ўсялякай справы і творчы падыход.

У прадмове да фотаальбома пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ліпскі піша: «Скакуна называюць казачнікам. І гэта справядліва. Толькі дапоўнім, свае казкі ён заўсёды пераўтвараў у быль». Менавіта па фатаграфіях можна разгадаць адну з таямніц поспехаў Аляксея Скакуна. Будучы чалавекам мэтанакіраваным, з цвёрдым характарам, у душы ён застаецца жыццялюбам, лірыкам. Родная прырода, беларуская зямля для яго — крыніцы натхнення.

Фатаграфіі, якія сабраны ў кнізе, змяшчаюць у сабе дзесяцігоддзі, а значыць, цэлую эпоху. У цэнтры ўвагі — вясковыя працаўнікі, ветэраны, моладзь, каляндарныя і рэлігійныя святы, працоўныя будні аграрыяў, залатыя нівы і вясковыя новабудоўлі з вышыні птушынага палёту.

Дарэчы, адзін з раздзелаў прысвечаны буслам. «У Астрамечаве яны свойскія, — кажа Аляксей Скакун, — трапляюць у аб’ектыў у нечаканых сітуацыях». Сапраўды, яны як назіральнікі, ахоўнікі міру заўсёды побач з чалавекам. Бачны іх давер астрамечаўцам. Бэзавая квецень і ярка-чырвоныя гронкі рабіны пад снегам, летняя вясёлка над полем спелага жыта і дрэвы ў фарбах восені! Багацце колераў, пахаў, гукаў на Беларусі здзіўляе!

Аляксею Скакуну ўдаецца дакладна ўхапіць і перадаць непаўторныя імгненні, зачараваць гледача, зрабіць яго шчаслівым ад разумення, што ён — частка гэтай жыццёвай плыні, прыроды, што менавіта ён напаўняе паўнаводную раку падзей сваёй сумленнай працай, новымі дасягненнямі, што побач з ім па жыцці ідуць родныя людзі.

Сярод герояў фатаграфій — і знакамітыя сябры астрамечаўцаў: касманаўт Пётр Клімук, скульптар Іван Міско, кампазітар Валерый Іваноў... «Углядзіцеся ў фатаграфіі, — просіць Аляксей Скакун, — адкрыйце для сябе па-іншаму вядомых людзей. У нашым Палацы культуры бывалі многія знакамітасці. І заўсёды з добрым настроем, усмешкамі, бо мы заўсёды рады гасцям!»

Асаблівай любоўю напоўнены раздзел «Дзеці — наш заўтрашні дзень». Аляксей Скакун звяртае ўвагу на адзін здымак з гэтай серыі: каля жоўтай вясковай хаты з сінімі аканіцамі — шмат моладзі, дзяцей, а ў цэнтры — сталая жанчына. «Гэта мая маці — Вера Пракопаўна, — распавядае Аляксей Сцяпанавіч. — З блаславення мамы мы ўсе разляцеліся, як тыя буслы, па беларускай зямлі, каб працаваць і прыносіць дабро сваёй Радзіме».

Твары дзяцей — з яснымі позіркамі, светлыя, адкрытыя, здзіўленыя і радасныя. Вось малая дзяўчынка ціснецца бліжэй да мамы, з апаскаю ўглядаецца ў наваколле, а хлопцы гадоў 7–8 ужо, як гаспадары, ходзяць па вясенняй раллі, дапамагаюць дарослым. У кожным дзіцячым позірку — адлюстраванне нашай любові, увагі, бацькоўскай мудрасці і пяшчоты.

«Я сваімі фатаграфіямі нібыта пракладваю дарогу да разумення працы селяніна. Трэба ўсвядоміць, што араць поле — настолькі ж дастойны занятак, як і пісаць паэму», — прызнаецца аўтар альбома.

Трэба дадаць, што фатаграфіі Аляксея Скакуна — гэта шлях да кожнага сэрца, да абуджэння светлых пачуццяў, да жадання глядзець навокал і радавацца адкрыццям.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.