Урачы заяўляюць, што адмаўляцца ад сняданку ні ў якім разе нельга. Ежа з раніцы патрэбная усім. Бо арганізм 8-10 гадзін не атрымліваў новай энергіі, а наперадзе рабочы дзень. Напрыклад, даследаванні паказалі, што аварыйнасць вышэйшая ў галодных кіроўцаў, чым у тых, у крыві якіх добры ўзровень глюкозы.
Вядома, што сняданак задае патрэбны пачатак дня, насычае арганізм бадзёрасцю, энергіяй, гэта своеасаблівая «стартавая пляцоўка» для абуджанага стрававання. Збалансаваны сняданак забяспечвае арганізм дастатковай колькасцю вугляводаў, павялічвае фізічную актыўнасць і вынослівасць на працягу дня.
Звычка рэгулярна снедаць зніжае рызыку развіцця хранічных захворванняў. Даследаванні пацвярджаюць, што сняданак дапамагае дарослым лепш сябе адчуваць, а дзецям — правільна расці і развівацца.
— Спецыялісты ў галіне аховы здароўя вывучылі адрозненні ў спажыванні пажыўных рэчываў і расходзе энергіі ў дарослых, якія з'ядаюць і прапускаюць сняданак. Аказалася, што тыя, хто не снедаў, атрымлівалі значна менш фалатаў, кальцыю, жалеза і вітамінаў на працягу дня, а пажыўныя рэчывы, звычайна ўжываныя за сняданкам, не папаўняліся за кошт іншых прыёмаў ежы. Акрамя таго, у тых, хто прапускаў сняданак, агульная якасць харчавання звычайна была горшая, чым у тых, хто паеў з раніцы, — расказвае ўрач-лабарант лабараторыі санітарна-хімічных і таксікалагічных метадаў даследавання Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Мікалай СІВІЦКІ.
Было даказана, што ў людзей, якія з дзяцінства дрэнна сілкуюцца па раніцах, павялічваецца рызыка метабалічнага сіндрому — сукупнасці адхіленняў у нармальнай рабоце арганізма (такіх, як атлусценне, гіпертанія, павышаны ўзровень цукру і халестэролю ў крыві), якія ў значнай ступені павышаюць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістай паталогіі, цукровага дыябету 2-га тыпу і шэрага іншых захворванняў. Некаторыя даследчыкі звязваюць рэгулярны пропуск сняданку з павышанай небяспекай інсульту.
Дзеці, якія снедаюць рэгулярна, у цэлым вядуць больш здаровы спосаб жыцця і менш рызыкуюць сваім здароўем. І не толькі страўніка, што ў прынцыпе даўно вядома, але і радзей маюць атлусценне. Сняданак не дадасць вам лішніх кілаграмаў, а вось адмова ад яго і наступныя спробы кампенсаваць недахоп пажыўных рэчываў цалкам могуць даць прыбаўку ў вазе. Узровень фізічнай актыўнасці ў ранішнія гадзіны зафіксаваны вышэйшым у тых, хто снедае.
Такім чынам, несумненная карысць сняданку заключаецца ў тым, што ён:
— дапамагае арганізму прачнуцца і актывізуе абменныя працэсы;
— памяншае рызыку развіцця цукровага дыябету і сардэчна-сасудзістых захворванняў;
— выпрацоўка гармону стрэсу адбываецца ў меншай ступені, чым у тых, хто не снедае;
— паляпшае самаадчуванне і павялічвае працаздольнасць.
Алена КРАВЕЦ
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».