Вы тут

Водныя камбайны і рыбы дапамагаюць змагацца з водарасцямі ў рэках і азёрах


Расліннасць у рэках і азёрах служыць кормам для рыб, аднак празмернае зарастанне пагражае памяншэннем кіслароду ў вадзе з-за гніення раслін, што ў сваю чаргу можа прывесці да замору насельнікаў вадаёмаў. Каб пазбегнуць гэтага і захаваць прывабны выгляд прыроднай вады, водарасці косяць спецыяльнымі камбайнамі і косамі, вадаёмы зарыбліваюць, а на ваду ўздзейнічаюць ультрафіялетам. Як гэта робіцца, расказала Вікторыя ВОРАНАВА, начальнік аддзела выкарыстання і аховы водных рэсурсаў Мінпрыроды.


Што празмерна — тое нездарова

Прарэджваюць водныя расліны ўздоўж берагавой лініі кожныя 10—15 гадоў, а вось «стрыгуць» водарасці некалькі разоў у сезон, прынамсі ў сталіцы (Камсамольскае возера, рака Свіслач ды Сляпянская водная сістэма). У Мінску гэта цяпер робяць спецыяльнымі воднымі камбайнамі. Хоць да гэтага выкарыстоўвалі маторныя лодкі з грэбенямі-граблямі, на якія водарасці проста накручваліся. А яшчэ раней — на «воднай сенажаці» працавалі ўвогуле ўручную з касой. Апошнія два спосабы дагэтуль прымяняюцца ў рэгіёнах краіны.

Пакос узбярэжнай і воднай расліннасці ўваходзіць у пералік відаў работ па ўтрыманні паверхневых водных аб'ектаў у належным стане і іх добраўпарадкаванні, патлумачыла неабходнасць касьбы спецыяліст Мінпрыроды. Аднак ёсць віды раслін, якія дапускаюцца для пасадкі на вадаёмах з мэтай іх добраўпарадкавання. У прыватнасці, чарот лясны і клубнечарот марскі.

— Прыбярэжная і водная расліннасць у водных аб'ектах, безумоўна, служыць ежай для шматлікіх біялагічных рэсурсаў, а таксама з'яўляецца асяроддзем іх пражывання. Аднак празмерная колькасць раслін прыводзіць да зарастання вадаёмаў, а гніенне водарасцяў пагаршае стан вады па біягенных паказчыках (азотная і фосфарная групы) і зніжае колькасць кіслароду ў вадзе. Гэта шкодзіць рэкам і азёрам, вядзе да іх абмялення і нават масавай гібелі рыбы.

Калі не даглядаць вадаёмы, яны могуць стаць такой вось багнай.

Даследаваць, касіць, захоўваць...

Згодна з заканадаўствам (артыкул 27-1 Воднага кодэкса, які ўвайшоў у сілу сёлета з красавіка), утрыманне водных аб'ектаў у належным стане павінны забяспечваць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы на землях агульнага карыстання і землях запасу. А таксама юрыдычныя асобы і грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія карыстаюцца паверхневымі воднымі аб'ектамі па праве адасобленага і (ці) спецыяльнага водакарыстання або арэнды ці ў якіх гэтыя аб'екты змешчаны ў межах іх зямельных участкаў, падкрэсліла Вікторыя Воранава:

— Абазначаныя водакарыстальнікі павінны прымаць меры для распрацоўкі комплексу мерапрыемстваў, скіраваных на ўтрыманне паверхневых водных аб'ектаў у належным стане. Робіцца гэта сумесна са спецыялізаванымі арганізацыямі, якія даследуюць паверхневыя воды, вызначаючы відавую разнастайнасць рыб і месцаў іх размнажэння, нагулу, зімоўкі, міграцыі. Спецыялісты таксама выяўляюць прычыны пагаршэння экалагічнага стану (статусу) паверхневых вод і замораў рыбы, і даюць рэкамендацыі для паляпшэння сітуацыі.

Памяншаюць празмерны рост раслін, аднак недапушчальна выдаляць усю водную зеляніну, апроч інвазійных відаў. Акрамя таго, падчас касьбы трэба захоўваць рэдкія віды раслін і не дапускаць іх пашкоджання. Для выдалення ўзбярэжнай і воднай расліннасці неабходна выкарыстоўваць інструменты, якія выключаюць пападанне гаруча-змазачных матэрыялаў у паверхневыя воды, абазначыла прадстаўніца міністэрства:

— Акрамя механічнага спосабу (касьбы), дзейсны сродак ачысткі водных аб'ектаў ад празмернай расліннасці — іх зарыбленне. А для прадухілення інтэнсіўнага росту водных раслін, асвятлення вады і знішчэння яе «цвіцення» на ваду можна ўздзейнічаць ультрафіялетам. Гэта знішчае ў вадзе патагенныя мікробы і вірусы.

Спецыялісты сцвярджаюць, што калі не чысціць рэкі, то працэс эўтрафікацыі — нашэсця водных раслін — паступова можа ператварыць іх у сапраўдныя балоты. Невялікім вадаёмам на гэта хопіць літаральна некалькі гадоў. Каб дапамагчы рэкам, азёрам ды рыбам, а заадно і самому сабе (бо некаторыя віды водарасцяў таксічныя ў тым ліку і для чалавека), варта выкарыстоўваць у побыце мыйныя сродкі без фасфатаў, якімі любяць харчавацца водарасці. А таксама дбайна сачыць за якасцю ачысткі камунальна-бытавых і сельскагаспадарчых сцёкавых вод, каб у іх было як мага меней гэтых самых фасфатаў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.