Вы тут

Расказваем аб культавых і загадкавых валунах Беларусі


У Беларусі мноства валуноў. Некаторыя з іх прымяняюцца ў будаўніцтве, іншыя з’яўляюцца часткай архітэктурных ансамбляў, аб’ектамі пакланення, ёсць і тыя, што прызнаны помнікамі прыроды і строга ахоўваюцца.


Валун у в. Кулічы, Пружанскі раён, няправільна-круглявая форма.

На тэрыторыю нашай краіны яны трапілі дзякуючы леднікам, якія некалькі разоў прыходзілі з Фенаскандыі. Тыя то раставалі, то зноў наступалі, але прыкладна 12 тысяч гадоў таму апошні з іх пакінуў межы беларускіх земляў. Асабліва буйныя валуны, якія леднікі пакінулі аб сабе на памяць, неўзабаве сталі культавымі. Некаторыя з іх захаваліся на ранейшых месцах без чалавечага ўмяшання. Астатнія былі перамешчаны: перавезены пры апрацоўцы сельгасугоддзяў, а таксама бліжэй да храмаў і могілак, транспартаваны ў музеі.

Буйныя валуны прыцягваюць да сябе геолагаў, гісторыкаў, краязнаўцаў і проста тых, хто хоча ўбачыць гэтыя велічныя аб’екты, якія захоўваліся многія тысячы гадоў. Іх форма надзвычай разнастайная. Вядомыя камяні, якія нагадваюць паралелепіпед, піраміду, эліпсоід, шар, цыліндр, куб і іншыя геаметрычныя фігуры, але часцей за ўсё яны няправільнай формы, а вуглы іх у той ці іншай ступені закругленыя. Можна сустрэць і тыя, што маюць самую незвычайную, мудрагелістую форму.

Валун у в. Кулічы, Пружанскі раён, няправільна-пірамідальная форма.

Ледніковыя валуны маюць значэнне не толькі як унікальныя прыродныя аб’екты. Вельмі часта яны нясуць гістарычную і культурную інфармацыю, і таму павінны ахоўвацца не толькі як прыродныя, але і як гістарычныя помнікі. Асаблівую цікавасць уяўляюць камяні з рознымі надпісамі, малюнкамі, рытуальнымі знакамі. Арыгінальны напрамак вывучэння гэтай з’явы ў Беларусі заснаваў доктар геолагамінералагічных навук, прафесар Э. А. Ляўкоў, які апісаў многія гістарычныя валуны.

Барысаў камень, Полацк.

Найбольш вядомыя ў Беларусі Дзвінскія, або Барысавы, камяні — вялізныя валуны з выбітымі на іх крыжамі і надпісамі, якія знаходзяцца ў Віцебскай вобласці, пераважна ў басейне Заходняй Дзвіны. Іншая вядомая легенда прысвечана валуну пад назвай «Пяруноў камень», размешчанаму каля вёскі Таўкіні Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Ён адносіцца да ліку рэдкіх культавых валуноў, якія захаваліся да нашых дзён і звязаных з імем бажаства, якому ён раней быў прысвечаны. Верагодна, раней земляробы прыносілі яму ахвяру — плён сваёй працы, просячы падарыць і зберагчы багаты ўраджай, пазбавіць ад бяды і выхадак нячыстай сілы.

Пяруноў камень Таўкінскі, Воранаўскі раён.

У Брэсцкай вобласці таксама ёсць тры валуны — помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (Камень філарэтаў у Баранавіцкім раёне, Вялікі камень піцемскі і Чортаў камень хмелеўскі — у Маларыцкім раёне) і адзін валун — помнік прыроды мясцовага значэння (Бярозаўскі валун) у горадзе Бярозе.

Камень філарэтаў, Баранавіцкі раён.

Чортаў камень хмелеўскі, Маларыцкі раён.

Бярозаўскі валун, Бяроза.

Акрамя таго, вядомыя культавыя валуны, камяні-следавікі, вырабы з валуноў (жорны, крыжы, ідалы), якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць. Так, напрыклад, у Пружанскім раёне ёсць звесткі аб некалькіх валунах-следавіках (в. Броды, Смаляны, Обруб, Юндзілы, Ківачына), а таксама валунах-ідалах (в. Буцькі) і вырабах з валуноў (в. Каштанаўка).

Валун-следавік у в. Броды, Пружанскі раён.

Валун-следавік каля вёскі Броды знаходзіцца побач з аб’язной дарогай Р98, якая ідзе вакол Белавежскай пушчы. Гэта шэра-ружовы дробназярністы гранітагнейс. Даўжыня каменя — 160 см, шырыня — 90 см, вышыня часткі, якая бачна — 57 см, падводнай — 53 см. Верхняя пляцоўка, выраўнаваная, моцна парослая мохамі і лішайнікамі, мае няправільную форму і толькі на 4-5 см выступае над зямлёй. На ёй ёсць два «следы». Адзін з іх бачны выразна, даўжыня яго складае 19 см, глыбіня — да 0,8 см. Другі «след» меней выразны, даўжынёй 16 см. Аб гэтым камені ведаюць многія, і не толькі ў бліжэйшых вёсках. З пакалення ў пакаленне перадаецца паданне аб тым, што на гэтым валуне пакінула сляды Маці Божая. Ён вельмі шанаваны, а вада з крыніцы, якая б’е з-пад гэтага валуна, лічыцца гаючай і дапамагае ад розных хвароб.

Валун-следавік каля паўночна-ўсходняй ускраіны вёскі Смаляны размешчаны на скрыжаванні дарог. Памеры яго наступныя: l = 100 см; d = 72 см; h = 102 см. Мясцовая легенда абвяшчае, што сляды тут таксама пакінула Маці Божая. Да гэтага каменя ходзяць маліцца. І яшчэ прыносяць манеты, а ваду, якая назапашваецца ў «следзе», лічаць гаючай. Павер’е абвяшчае, што адной невідушчай жанчыне з вёскі Загор’е прысніўся сон, у якім ёй было сказана: «Ідзі да Смалян, там у даліне ляжыць камень. На камені слядок ёсць, вазьмі ваду з гэтага слядка і памый вочы». Пасля таго сну ўзяла сляпая правадніка і пайшлі яны да Смалянаў. Праваднік знайшоў камень у даліне. Ён быў цалкам у зямлі, на паверхні быў толькі той бок валуна, на якім быў слядок. Жанчына вадой са следу памыла вочы і стала відушчая. З таго часу і сталі хадзіць людзі да гэтага каменя і пакланяцца яму, а вада са слядка — лічыцца гаючай.

Валун-следавік, размешчаны на поўдзень ад вёскі Обруб за 100 м ад лесу, мае наступныя памеры: l = 1,5 м; d = 1,35 м; h = 0,6-1,1 м, форму — няправільнай прызмы. Большая частка каменя прадстаўлена шэрым буйназярністым гранітам з уключэннямі ксеналітаў гнейсаподобных парод. Палявыя шпаты шэрага колеру прысутнічаюць у выглядзе таблічак памерам ад 1×1 см да 1,5×2 см, памеры зерняў белага кварца вар’іруюцца ад 0,5 да 1 см. Паўднёва-заходні бок валуна прадстаўлены брудна-ружовым сярэднезярністым гранітам з утрыманнем палявых шпатаў таблічак памерам да 1×1,5 см. Паверхня моцна згладжаная, пакрыта мохамі і лішайнікамі. Маецца невялікае паглыбленне («след») даўжынёй да 10 см, шырынёй 5 см, глыбінёй 1 см. Гэты валун-следавік таксама ўшанаваны мясцовымі жыхарамі, уваходзіць у комплекс культавых рэлігійных аб’ектаў (капліца, студня), які з’яўляецца месцам паломніцтва.

Валун-следавік у в. Юндзілы,

У вёсцы Юндзілы каля царквы знаходзіцца камень, які па павер’ях з’яўляецца цудатворным. Паданне апавядае, што пасля з’яўлення гэтага валуна, на якім захаваўся адбітак Багародзіцы, была пабудавана капліца. Потым на яе месцы ўзвялі царкву. Побач са «следам» Багародзіцы на камені маюцца «сляды» жывёл. Гавораць, што ў гэтых паглыбленнях збіраецца дажджавая вада: калі прамыць ёю хворыя вочы, можна вылечыцца.

Каля вёскі Ківачына можна ўбачыць валун, на якім бачныя два паглыбленні, падобныя на сляды чалавечых ног, і ямка, «якая засталася ад некага, хто тут сядзеў». Па мясцовым паданні, гэтыя сляды пакінула Дзева Марыя, калі ішла ў Іерусалім з Хрыстом на руках і прысела адпачыць. Па аповядах мясцовых жыхароў, дажджавая вада на камені ніколі не высыхае і дапамагае пры ліхаманцы.

Каменны ідал, які раней размяшчаўся на старых могілках за 0,6 км на паўднёвы захад ад вёскі Буцькі, цяпер знаходзіцца каля музея-сядзібы «Пружанскі палацык», ахоўваецца дзяржавай і з’яўляецца археалагічным помнікам прыроды. Антрапаморфная фігура ідала высечаная са светла-шэрага валуна ў часы паганства. Вышыня яго — 1,04 м, шырыня — 40-50 см, таўшчыня — 30 см. Крыжападобная па форме, галава круглявая, рукі пазначаны невялікімі бакавымі выступамі, якія ідуць знізу ад пляча. Левае плячо некалькі ніжэй правага, што надае фігуры некаторую асіметрычнасць. Вонкавая частка пашкоджана, але прасочваюцца вочы, нос і рот. На грудзях высечаны крыж у крузе. Фігура нязначна пашыраецца дадолу.

Патапавіцкія камяні, Ляхавіцкі раён.

Адным з самых загадкавых мясцін Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці могуць лічыцца Патапавіцкія камяні — дзесяць вялікіх валуноў, прадстаўленых сярэднезерністымі гранітамі ружовага і шэрага колеру, сем з якіх устаноўлены ў адзін рад, на заходняй ускраіне гэтай вёскі ўздоўж дарогі Ляхавічы — Клецк. На валунах высечаныя каталіцкія і праваслаўныя крыжы складанай формы, а на самым буйным з іх бачны год — 1683, які наводзіць даследчыкаў на думку, што гаворка можа ісці пра своеасаблівы помнік мясцовым жыхарам, якія загінулі ў знакамітай бітве пад Венай падчас турэцка-польскай вайны. Мясцовая легенда абвяшчае, што іх паставілі маладыя ўдовы, якія страцілі на чужыне мужоў.

Усе гэтыя валуны могуць быць скарыстаны ў якасці аб’ектаў экалагічнага турызму і для краязнаўчай работы.

Альберт БАГДАСАРАЎ, прафесар

Максім БАГДАСАРАЎ, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі

Аксана ГРАДУНАВА, дацэнт


Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.