Вы тут

Не толькі сваімі творамі адклікаўся Якуб Колас на людскія беды і клопаты


Сёння, 20 верасня, пад час адкрыцця дзевятай сесіі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, на адзін дзень адкрываецца выстаўка да 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры «Якуб Колас — дэпутат». На выстаўцы прадстаўлены фотаматэрыялы і дакументы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Падзею каменціруе дырэктар музея Ірына МАЦЯС: 


Народны пясняр Беларусі Якуб Колас — беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны і педагог, які вельмі многа зрабіў для развіцця беларускай мовы, літаратуры, навукі і культуры. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) праявіў сябе і як грамадскі і дзяржаўны дзеяч. 

- І быў вельмі ўважлівым да выканання дэпутацкіх абавязкаў у саюзным і рэспубліканскім парламенце...

- Так, яго дзейнасць як дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР заслугоўвае асобнай увагі. І што вельмі важна, народны паэт і сапраўды зрабіў нямала — адклікаўся на гора і бяду чалавека не толькі сваімі творамі, але і памагаў, падтрымліваў, аказваў маральную і матэрыяльную дапамогу, садзейнічаў вырашэнню праблем і складаных пытанняў, з якімі да яго звярталіся тысячы людзей. Многія лісты з просьбамі захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, на некаторых — рукапісныя пазнакі пісьменніка — сведчанні яго ўважлівых адносін да праблем кожнага просьбіта. Разам з рукапісамі паэта — яго зваротамі да дзяржаўных дзеячаў па розных пытаннях, дакументамі, квіткамі грашовых пераводаў, якія паэт дасылаў розным людзям, яны распавядаюць аб каласальнай працы Якуба Коласа як дэпутата. З 1940 года Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. 24 сакавіка 1940 года газета «Звязда» паведаміла, што Народны паэт Беларусі Якуб Колас быў абраны дэпутатам ад Свержанскай выбарчай акругі. З 25 па 27 красавіка паэт удзельнічае ў рабоце Чацвёртай сесіі Вярхоўнага Савета БССР першага склікання.

З 1938 па 1948 гг. Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў Нічыпар Якаўлевіч Наталевіч. Менавіта ён віншаваў паэта з 60-годдзем з дня нараджэння ад урада БССР у 1942 годзе ў Ташкенце, дзе Якуб Колас знаходзіўся ва эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Паэту падаравалі срэбраны партсігар з гравіроўкай: «Народнаму паэту Якубу Коласу ў дзень 60-годдзя ад ураду БССР. 3/ХІ-42 г.».

- І ў Вялікую Айчынную вайну Якуб Колас памятаваў пра свае дэпутацкія паўнамоцтвы...

- І стараўся зрабіць для людзей неверагодна шмат... У цяжкі час вайны Якуб Колас як дэпутат дапамагаў эвакуіраванаму насельніцтву Беларусі па праблемах уладкавання на працу, атрымання неабходных даведак і дакументаў, забеспячэння жыллём, устанаўлення пенсіі сем’ям загінуўшых на фронце і па многіх іншых пытаннях.

- Не сталі памехай для грамадскай дзейнасці Коласа і яго асабістыя страты..? Загінуў на фронце сын. Памерла жонка... 

- 12 лютага 1946 года газета «Звязда» паведаміла аб абранні Якуба Коласа дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР ад Навагрудскай выбарчай акругі Баранавіцкай вобласці БССР. Жыццё класіка беларускай літаратуры было надоўга спалучана з навагрудскай зямлёй − у 1950 і 1954 гадах паэта паўторна выбіралі ў дэпутаты, аб чым сведчаць дакументы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

У 1947 годзе Якуб Колас абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Ленінскай акругі Пінскай вобласці, а таксама намеснікам Старшыні Вярхоўнага Савета БССР. Выбары прайшлі 9 лютага 1947 года. 22 студзеня 1947 года Якуб Колас пісаў свайму сябру і перакладчыку твораў на рускую мову Сяргею Гарадзецкаму: «Началась избирательная компания, выдвижение кандидатур. Смотрю в списки — меня нет... И вдруг позавчера меня извещают, что где-то в Пинской области меня выдвигают в кандидаты по 313 избирательному округу — Микашевичский фанерный завод, учительство Ленинского р-на Пинской области. Стал разыскивать Микашевичи. Есть у меня прекрасная книга “Россия”. Полное географическое описание нашего Отечества... Вот в этой книге и нашёл я свои Микашевичи. Это — самый центр пинских болот». Першая сесія Вярхоўнага Савета БССР другога склікання, якая адбылася 12 —14 сакавіка 1947 года, утварыла ўрад БССР у складзе 35 чалавек. Старшынёй Савета Міністраў БССР быў прызначаны Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка, Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР быў абраны Васіль Іванавіч Казлоў. З П. К. Панамарэнкам і В. І. Казловым Якуб Колас быў добра знаёмы, неаднаразова сустракаўся, перапісваўся па розных справах.

- Наколькі вядома, Якуб Колас да сваіх апошніх дзён выбіраўся ў Вярхоўны Савет..?

- Так. У 1955 годзе Якуб Колас зноў абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Аршанскай Чыгуначнай акругі, а таксама членам Прэзідыума. Паэт удзельнічае ў сесіях Вярхоўнага БССР і СССР, галасуе па шэрагу важных пытанняў развіцця краіны. З’яўляючыся палымяным песняром сваёй Радзімы, паэт кожны дзень жыў яе клопатамі і інтарэсамі. Аднаўленне разбураных падчас вайны гарадоў, рамонт дарог у розных населеных пунктах, ашчаднае выкарыстанне рэсурсаў — толькі невялікая частка тых пытанняў, якімі займаўся паэт. Як да дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР да Якуба Коласа прыходзіла мноства лістоў, у якіх простыя людзі звярталіся да яго па дапамогу. Шчырае і клапатлівае сэрца паэта краналі гісторыі аб цяжкім лёсе яго суайчыннікаў і ён рашуча адгукаўся на просьбы аб матэрыяльнай падтрымцы, аб вырашэнні жыллёвых пытанняў, садзейнічаў працаўладкаванню, атрыманню неабходных дакументаў, цяжка хворым дапамагаў атрымаць неабходнае лячэнне, а выхаванцам дзіцячых дамоў − палепшыць умовы жыцця. Якуб Колас душой адчуваў унутраны абавязак падтрымаць, дапамагчы, выратаваць чалавека. І рабіў ён гэта вельмі акуратна і асцярожна, каб не пакрыўдзіць таго, каму аказваў садзеянне.

- Будзем спадзявацца, што такія выставачныя, экспазіцыйныя выхады за межы музея стануць традыцыяй..?

- І мы стараемся развівацца ў гэтым накірунку. Зусім нядаўна вярнуліся з Масквы, дзе ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі прадстаўлялі матэрыялы, экспанаты пра жыццё і творчасць Якуба Коласа. Шмат праектаў здзяйсгняецца ў нас і ў самім музеі. Абавязваюць да гэтага і юбілей народнага песняра і Год гістарычнай памяці. Карыстаючыся нагодай, запрашаю на сядзібу Якуба Коласа, у Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа настаўнікаў і школьнікаў, бацькоў з дзецьмі ў выхадныя дні. Паверце, вас чакае шмат цікавых адкрыццяў!..

Гутарыў Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.