Вы тут

Марка, страхоўка, знаходжанне ў вышуку. Атрымаць звесткі пра любы аўтамабіль — з чатырох крыніц адразу


Даведацца пра марку, нумар, наяўнасць страхоўкі і тэхагляду аўто, а таксама праверыць, ці не знаходзіцца машына ў вышуку, цяпер можна праз асабісты кабінет на Адзіным партале электронных паслуг. І гэта далёка не поўны пералік магчымасцяў паслугі 3.58.01 «Атрыманне сістэматызаваных звестак пра аўто», дзякуючы якой, ведаючы толькі VІN-нумар машыны і зрабіўшы толькі адзін запыт, можна атрымаць звесткі пра аўто з чатырох інфармацыйных рэсурсаў: ДАІ, Белтэхагляду, Беларускага бюро па транспартным страхаванні і інфармацыйнай сістэмы транспартных сродкаў, якія адшукваюцца. Пра асаблівасці і планы далейшага развіцця комплекснай паслугі расказаў Андрэй БУСЬКО, вядучы спецыяліст аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП).


Для зручнасці і колькасці

Паслугу ў рэжыме рэальнага часу можа атрымаць абсалютна кожны: юрыдычныя і фізічныя асобы, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. Праверыць даныя можна як пра сваё аўто, так і пра любое іншае. Ніякіх персанальных звестак пра ўладальніка транспартнага сродку паслуга не ўтрымлівае — падаюцца толькі даныя пра машыну. Пры гэтым незалежна ад спосабу ўваходу на партал — строгай аўтэнтыфікацыі (з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу, або ЭЛП) ці нястрогай (з выкарыстаннем толькі лагіна і пароля) чалавек атрымае абсалютна аднолькавы склад звестак, расказаў Андрэй Бусько:

— Гэта зроблена спецыяльна, каб паслуга была зручнай. Зразумела, што заказваць электронны лічбавы подпіс і аплачваць яго атрыманне дзеля таго, каб даведацца даныя аўтамабіля, мала хто захоча. А ўласны ЭЛП ёсць пакуль далёка не ва ўсіх. Акрамя таго, мы мелі на мэце заахвоціць людзей больш карыстацца паслугай і пры гэтым шырэй распаўсюдзіць інфармацыю пра яе існаванне. З моманту з'яўлення паслугі на пачатку жніўня ёй скарысталіся ўжо каля паўтары тысячы чалавек.

Спецыялісты цэнтра падкрэсліваюць, што другая комплексная паслуга на адзіным партале (першай і адзінай дагэтуль была комплексная паслуга «Звесткі для праверкі добранадзейнасці дзелавой рэпутацыі», якая дазваляе атрымаць інфармацыю аб кампаніі ажно па 12 напрамках) скіравана найперш на фізічную асобу, якой даецца магчымасць атрымліваць і правяраць звесткі пра аўто значна аператыўней і ў большай колькасці. «Для людзей гэта эканомія часу, адсутнасць неабходнасці хадзіць па ўстановах, высвятляючы пэўныя абставіны гісторыі жыцця транспартнага сродку. Як вынік гэта магло паспрыяць і большай колькасці заключаных здзелак куплі-продажу», мяркуюць эксперты.

Усё — пра аўто...

Паслуга 3.58.01 акумулюе даныя пра машыну на падставе інфармацыі з чатырох крыніц, таму праз адзін запыт можна атрымаць шмат інфармацыі.

Так, у асабісты кабінет карыстальніка дашлюць сістэматызаваныя звесткі пра транспартны сродак: яго рэгістрацыйны нумар, марка, год выпуску, тып кузава, вага, максімальна дазволеная вага, серыя, нумар і дата выдачы пасведчання аб рэгістрацыі, дата завяршэння тэрміну дзеяння пасведчання аб рэгістрацыі, звесткі пра вышук аўто (на тэрыторыі СНД).

Прыйдзе таксама інфармацыя, якая датычыцца звестак дагавора страхавання: серыя і нумар дагавора страхавання; найменне арганізацыі, якая заключыла дагавор страхавання; дата пачатку і завяршэння дзеяння дагавора.

Карыстальнік комплекснай паслугі «Атрыманне сістэматызаваных звестак пра аўто» атрымае доступ і да дыягнастычных звестак пра машыну: дата апошняга праходжання кантрольна-дыягнастычных работ (КДР); серыя і нумар дыягнастычнай карткі (пры яе наяўнасці); паказанні адометра, якія былі зафіксаваны падчас правядзення КДР; дата выдачы, серыя і нумар дазволу; прымяненне транспартнага сродку (ці не з'яўляецца машына таксі); тэрмін дзеяння дазволу.

Рамонт, прабег, адказнасць...

Цяпер паслуга «Атрыманне сістэматызаваных звестак пра аўто» каштуе 3,36 рубля. З павелічэннем колькасці інфармацыі з іншых рэсурсаў кошт таксама будзе павялічвацца.

— Задача НЦЭП — быць пасрэднікам паміж карыстальнікам (трансліраваць яго запыт да патрэбнай сістэмы) і аператарам — уладальнікам інфармацыйнай сістэмы (трансліраваць яго адказ у асабісты кабінет карыстальніка), — падкрэсліў Андрэй Бусько. — Спецыялісты цэнтра не адказваюць за склад, аб'ём і праўдзівасць даных, якія карыстальнік атрымлівае ад той ці іншай інфармацыйнай сістэмы. А вось ужо суб'екты гэтых сістэм, якія адказваюць за фарміраванне дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў, карыстанне і атрыманне дакументаванай інфармацыі з іх, абавязаны даць аб'ектыўныя і праўдзівыя звесткі з дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў і несці адказнасць за сапраўднасць і паўнату інфармацыі, якая ўключаецца ў гэтыя рэсурсы.

Спецыялісты цэнтра звяртаюць увагу карыстальнікаў паслугі, якія запытваюць звесткі пра пэўнае аўто, што, напрыклад, праверыць, ці адпавядае рэчаіснасці інфармацыя аб прабегу аўто, пакуль немагчыма. Для дакладнай фіксацыі гэтага паказчыка было б добра мець усю гісторыю прабегу аўтамабіля, якая захоўвалася б і плюсавалася падчас чарговых праходжанняў тэхагляду транспартным сродкам, лічаць у цэнтры.

Немагчыма таксама дакладна праверыць, ці з'яўлялася машына таксі. Калі чалавек рэгіструецца ў сучасных анлайн-сэрвісах па перавозцы пасажыраў, накшталт Убер ці Яндэкс-таксі, і пампуе адпаведны мабільны дататак на тэлефон, то звесткі пра гэта нідзе не фіксуюцца. Адпаведна, такія даныя несумленны ўладальнік можа прыхаваць, папярэдзілі ў цэнтры.

На будучыню спецыялісты НЦЭП мяркуюць павялічваць колькасць інфармацыйных рэсурсаў, з якіх можна атрымліваць звесткі пра аўто, якія будуць цікавыя і карысныя для спажыўца, паведаміў Андрэй Бусько:

— Як паказала практыка, карыстальнікам вельмі важна ведаць пра пашкоджанні аўто і іх удзел у дарожна-транспартных здарэннях, таму прапрацоўваецца пытанне з МУС, каб такую інфармацыю таксама даваць у пакеце звестак паслугі «Атрыманне сістэматызаваных звестак пра аўто».

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.