Вы тут

Полацк адсвяткаваў 210 гадоў вызвалення ад напалеонаўскіх войскаў. Наведалі самыя цікавыя мерапрыемствы свята


Самы старажытны горад Беларусі адсвяткаваў 210-годдзе вызвалення ад напалеонаўскіх войскаў у гады вайны 1812 года. Мы даведаліся, чым былі насычаныя тры дні культурна-асветніцкай праграмы.


Даты правядзення маштабных урачыстых мерапрыемстваў на Полацкай зямлі былі абраны невыпадкова: гісторыкі сведчаць, што менавіта ў пачатку лістапада тут вяліся жорсткія вызваленчыя баі.

Старт падзеі далі краязнаўчыя тэматычныя чытанні «Спадчына Полацкай зямлі» ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Свае навуковыя работы прадставілі навучэнцы школ і гімназій горада, іх даследаванні ўвойдуць у зборнік, які плануецца апублікаваць у пачатку наступнага года. Загадчык Полацкага краязнаўчага музея Ірына Воднева адзначыла, што выступленні моладзі прайшлі на высокім узроўні, бо да канферэнцыі дзеці разам з навуковымі кіраўнікамі складалі экскурсійныя маршруты, вывучалі навуковую літаратуру, таму кожная работа мае права ўвайсці ў агульны зборнік. У сваіх выступленнях удзельнікі ўспаміналі і рускага палкаводца, героя вайны 1812 года генерал-маёра Якава Кульнева. 19 ліпеня ў Клясціцкім баі ён узяў 900 палонных французаў, пераправіўся праз Дрысу, а потым быў смяротна паранены.

Вечарам першага ўрачыстага дня ў зале мясцовага загса прайшоў першы ў гісторыі сучаснага Полацка баль. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Марыя Пятроўская, такое мерапрыемства — дэбют. У ім узялі ўдзел 25 пар — афіцэры воінскіх часцей, навучэнцы Полацкага педагагічнага каледжа, гараджане, якія на працягу месяца разам з харэографам адточвалі вальс, паланэз, польку, галоп. У перапынках паміж танцамі ўдзельнікі балю змагаліся ў гульнях пачатку XІX стагоддзя.

Аб ролі вайны 1812 года ў станаўленні Полацка расказалі 7 кастрычніка на публічнай лекцыі ў Полацкім дзяржуніверсітэце. Менавіта 7 кастрычніка рускія войскі пачалі штурм гарадскіх умацаванняў і хутка завалодалі імі. 8 кастрычніка 1812 года горад быў вызвалены ад напалеонаўскіх войскаў. У баях за Полаччыну загінула каля 7 тысяч рускіх салдат, страты французаў былі прыкладна такія ж, акрамя таго, 50 афіцэраў і звыш 2 тысяч салдат было ўзята ў палон. Горад падчас акупацыі быў разгромлены: у 1817-м у ім налічвалася толькі 3340 жыхароў.

Вечарам у сценах універсітэта прайшоў канцэрт класічнай музыкі XІX стагоддзя, пляцоўка для яго правядзення была абрана невыпадкова: столькі ж гадоў споўнілася са дня адкрыцця Полацкай акадэміі — першай вышэйшай навучальнай установы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Са сцэны гучалі музычныя творы сусветных кампазітараў — Франца Шуберта, Голанда, Гласа Філіпа, Міхаіла Ельскага. Эмоцыі гледачам дарылі камерны аркестр «Еўропа-цэнтр», педагогі і навучэнцы мясцовай дзіцячай школы мастацтваў, Наваполацкага музычнага каледжа, капэла педагогаў Полацкага каледжа імя П. М. Машэрава, а таксама народны ансамбль музыкі «Віяліна».

У трэці святочны дзень арганізатары прадставілі экскурсійныя маршруты па знакавых мясцінах вайны 1812 года і пазнаёмілі ўсіх жадаючых з галоўнымі аб'ектамі: Чырвоным мостам, помнікам вайны 1812 года, мемарыяльным комплексам «Урочышча «Пяскі», дзе па дакументальных пацвярджэннях ішлі кровапралітныя руска-фрунцузскія баі, пахаваннем удзельнікаў французска-рускай вайны ў вёсцы Калектыўная.

Кульмінацыяй урачыстых мерапрыемстваў стала маштабная рэканструкцыя боя за Полацк з удзелам ваенна-гістарычных клубаў Беларусі і Расіі. У гэты раз яны вярнулі палачан і гасцей горада да падзей, якія называюць «эпохай апошняй прыгожай вайны».

У рэканструяваным баі ўзяло ўдзел каля 40 чалавек — гэта прадстаўнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Фузілеры-грэнадзёры Імператарскай Гвардыі» з Мінску, «Беларускі гусарскі полк», «6-ы егерскі полк» з Санкт-Пецярбурга, а таксама прадстаўнікі клуба «Санкт-Пецярбуржскае апалчэнне» і аб'яднання клубаў «Барысаўскай рэканструкцыі пехацінцаў».

Сярод прысутных былі і жанчыны — аматаркі гісторыі. Так, Таццяна Богуш прыехала з Мінска, у рэканструкцыі іграла ролю гандлёўкі прыпасамі, якая ішла за войскамі французскай арміі. У захапленні гістарычнай тэматыкай ёй дапамагае спецыяльнасць: Таццяна займаецца шыццём, свой касцюм стварыла сама, дапамагае з гэтым і іншым удзельнікам.

На вачах публікі разгарнулася цэлая баталія, і нягледзячы на тое, што патроны былі халастымі, а ядры замяняла піратэхніка, эмоцыі ад перамогі былі сапраўднымі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота Ільі ШВЯДКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.