Вы тут

Лукашэнка правёў сустрэчы з Эрдаганам, Такаевым і прэм’ер-міністрам Пакістана


На палях саміту Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў двухбаковыя сустрэчы з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым і прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам, перадае БелТА.


Сустрэча Лукашэнкі і Эрдагана доўжылася амаль гадзіну. На ёй таксама прысутнічалі кіраўнікі МЗС і іншыя афіцыйныя асобы з абодвух бакоў.

Лідары краін не сталі рабіць пратакольных заяў для прэсы, а адразу пачалі перагаворы. Не да пратакола — тэм для абмеркавання шмат і вельмі яны важныя.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Азіі ў цяперашняй абстаноўцы ў свеце трэба не ўпусціць момант і смялей браць на сябе лідарскія функцыі. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым.

«Вялікі дзякуй за запрашэнне. Я сапраўды шчыра не проста адчуваю, — я лічу, як сёння сказаў, настае час Азіі. Азія, Усход — людзі вельмі акуратныя, асцярожныя, вывераныя. Гэтыя паводзіны Азіі не павінны стаць прычынай таго, што Азія ўпусціць гэты момант. Усе цяпер шукаюць, на каго б абаперціся. І так здарылася, што ШАС і ваша арганізацыя (НУМДА. — Заўвага БелТА), якая была створана па ініцыятыве Казахстана тут, — гэта, я вам скажу, моцна. І тое, што вы цяпер пачалі развіваць гэту арганізацыю, ператвараць яе ў глабальную, — гэта вельмі правільна. Таму трэба смялей браць руль кіравання светам у рукі і кіраваць», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Касым-Жамарт Такаеў падкрэсліў, што рады бачыць Аляксандра Лукашэнку, асабліва ў Астане, і падзякаваў за ўклад у работу саміту.

Прэзідэнт Казахстана канстатаваў, што Азія паказвае вельмі добрыя вынікі ў сваім развіцці, і гэта, безумоўна, рэгіён з вялікай будучыняй у плане эканомікі. «Вядома, у Азіі лакаматывам выступае Кітай. Але ёсць і іншыя дзяржавы», — адзначыў ён. Касым-Жамарт Такаеў у прыватнасці згадаў В’етнам, які таксама быў прадстаўлены на саміце. Гэта краіна з вялікай эканомікай, якая бурна развіваецца.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтым тэзісам, але падкрэсліў і значную ролю Казахстана ў Азіі. «Вы сказалі аб тым, што так, ёсць вельмі сур’ёзныя буйныя дзяржавы ў гэтай арганізацыі. Але я не лічу, што Казахстан маленькая дзяржава і не здольна ўнесці ўклад у тое, каб усё ж такі азіяцкія арганізацыі сёння дамінавалі ў свеце. І вы многае зрабілі для гэтага», — адзначыў ён.

«Лічбы сведчаць самі за сябе. У нас ВУП амаль $190 млрд па гэтым годзе будзе. Гэта больш, чым эканомікі ўсёй Цэнтральнай Азіі. Я не для таго, каб пахваліцца. Гэта статыстычны факт», — згадзіўся казахстанскі лідар.

Што датычыцца двухбаковых адносін з Беларуссю, Касым-Жамарт Такаеў запэўніў, што з яго боку будзе рабіцца ўсё магчымае, каб эфектыўнае і шматбаковае супрацоўніцтва прадаўжала развівацца.

«Мы настроены абсалютна на станоўчы лад, танальнасць. Я пастаянна гавару і членам урада, што трэба рабіць усё магчымае, каб нарошчваць гэты аб’ём. Ці то гандаль, інвестыцыйнае супрацоўніцтва, сумесныя праекты. У прынцыпе, няма падстаў біць трывогу, нічога такога страшнага не адбываецца. Проста трэба выкарыстоўваць існуючыя магчымасці. Вы лепш пра іх ведаеце, паколькі даўным-даўно знаходзіцеся ў тэме», — сказаў Прэзідэнт Казахстана.

У Астане Аляксандр Лукашэнка таксама правёў сустрэчу з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам.

Лідары краін сустракаліся нядаўна, на палях Саміту ШАС у Самаркандзе амаль месяц таму. Але ёсць неабходнасць зноў зверыць гадзіннікі адносна супрацоўніцтва ў цэлым, а таксама абмеркаваць канкрэтныя пытанні ўзаемаадносін, графік візітаў і кантактаў.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.