Вы тут

Трэніроўкі на дрэве, «музычныя струны» і суперпадрыхтоўка


Вялікія перамогі пачынаюцца ў дзіцячых школах, бо трэба ж недзе прывыкаць да сур'ёзных нагрузак і вучыцца дабівацца выніку. Адной з такіх школ у гісторыі беларускага тэніса стала школа пры Мінскім аўтамабільным заводзе, якая была вядома на ўвесь Савецкі Саюз як школа МАЗ. На яе кортах раслі чэмпіёны Еўропы Наталля Барадзіна і Сяргей Леанюк, яна адкрыла дарогу ў тэніс Сяргею Цяцерыну, Аляксандру Дземідзенку, Таццяне Пучак, Уладзіміру Валчкову і многім іншым славутым беларускім тэнісістам. Бацька-заснавальнік школы МАЗ — легендарны трэнер Аркадзь Львовіч Эйдэльман. А разам з ім першыя крокі пакуль яшчэ не школы, а секцыі рабіў Эдуард Дуброў, асоба ў беларускім тэнісе вядомая.


У 1960-я тэніс, як і ўсе іншыя віды спорту, развіваўся дзякуючы спартыўным таварыствам. Тэніс быў прадстаўлены практычна ў кожным з іх, у кожным з іх былі добрыя трэнеры, працавалі спартыўныя школы. У СКА — Марат Мікалаевіч Звераў, у «Дынама» — Генадзь Антонавіч Пятроў. Уладзімір Барысавіч Скугароў працаваў у СДЮШАР, Георгій Уладзіміравіч Краўкоў — у комплексе «Змена». Аркадзь Эйдэльман трэніраваў у «Чырвоным сцягу». Асноўнымі сапернікамі былі «Дынама» і «Чырвоны сцяг». Часцей за ўсё пераможцамі станавіліся чырванасцяжнікі.

Аркадзь Эйдэльман пачаў весці заняткі па тэнісе на МАЗе практычна адразу пасля арміі. Але, па словах Эдуарда Дуброва, 12-гадовыя хлапчукі ўсё роўна называлі 23-гадовага трэнера «дзядзькам». Трэніраваліся будучыя тэнісісты ва ўмовах, якія сучасным гульцам могуць здацца немагчымымі. «У нас быў адзін корт за інтэрнатам аўтазавода. Дарэчы, там жа праходзілі і заняткі па барацьбе, з-за якіх я прагульваў урокі. Усё было ў адным будынку. У падвале — барцоўская зала з дываном, меліся раздзявалкі, чамусьці пакой для лыж. І нам, тэнісістам, выдзелілі адно памяшканне, там была трэнерская. На тэрыторыі былі яшчэ чатыры пляцоўкі для мястэчкаў, баскетбольная, валейбольная і гандбольная пляцоўкі, адзін тэнісны корт», — успамінае Эдуард Дуброў.

Усё змянілася ў 1962 годзе, калі кіраўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода дамовілася са сваім пабрацімам, швейцарскім заводам, правесці таварыскі матч. Спецыяльна дзеля гэтай падзеі пабудавалі яшчэ адзін тэнісны корт. І з гэтага часу тэніс на аўтазаводзе пачаў пашырацца: прыбралі баскетбольную і валейбольную пляцоўкі, пакінулі толькі гандбол. Потым і гандбол прыбралі, на заводзе каманды не было.

«З кожным годам у нас раслі вынікі, з'яўляліся майстры спорту, чэмпіёны і прызёры чэмпіянату рэспублікі. З часам наша школа МАЗ стала адной з найлепшых у Савецкім Саюзе. Асноўнымі нашымі сапернікамі ў СССР былі маскоўскі «Спартак», украінскі «Антэй». Гэтыя тры школы былі найлепшымі дзіцяча-юнацкімі спартыўнымі школамі ў Савецкім Саюзе. Работнікі завода таксама прыходзілі да нас гуляць у тэніс. І мы, 12-гадовыя хлапчукі, глядзелі на іх і імкнуліся гуляць гэтак жа, як яны. Я, калі ўжо сам трэніраваў, часта ставіў найбольш здольных дзяцей пагуляць з дарослымі, каб яны паглядзелі, якая можа быць хуткасць, як сябе паводзіць на корце. Гэта такі тонкі псіхалагічны ход Аркадзя Львовіча. Эйдэльман быў трэнерам вельмі патрабавальным, але не злым. Ён шмат у нас укладваў і хацеў бачыць аддачу», — расказвае Эдуард Уладзіміравіч.

У шматлікіх інтэрв'ю сваім улюбёным пакрыццём Эдуард Дуброў называе... дрэва. Паводле яго слоў, за савецкім часам гэта было самае хуткае пакрыццё. Праўда, яно ж было і самым распаўсюджаным. У мінскім будтрэсце № 5, у школе МАЗ, у Доме афіцэраў — усюды было драўлянае пакрыццё. Эдуард Уладзіміравіч зазначае, што яно патрабавала сур'ёзнай фізічнай падрыхтоўкі.

А што па экіпіроўцы і форме? «Мячы былі ленінградскія: белыя з сінім надпісам. Струны ў ракетках былі з жылаў быкоў, таму вельмі адчувальныя да вільгаці. Не дай бог, пагуляеш у дождж, потым толькі чуеш уначы, як яны лопаюцца. Пасля ўжо з'явіліся штучныя струны. Ракеткі — драўляныя. Але яны доўга не вытрымлівалі гульні, я іх увесь час ламаў. Красовак для гульні ў нас таксама не было. Кожны тэнісіст імкнуўся займець спецыяльныя красоўкі за 6 рублёў 40 капеек на поліўрэтанавай падэшве з вострым носам. Усе ўладальнікі такіх красовак вельмі імі ганарыліся, у такім абутку было зручна гуляць. Праблемы пачыналіся пасля таго, як пагуляеш у гэтых красоўках на грунтавым пакрыцці — яны станавіліся брудныя. Дома старанна іх сціралі, зубной пастай чысцілі, каб былі беленькія. Форму куплялі самі. Я — у вядучых гульцоў саюза, у іх была магчымасць прывезці з-за мяжы. А майкі і шорты выдаваў «Чырвоны сцяг», — расказвае Эдуард Дуброў.

Многія знакамітыя тэнісісты, чый шлях у вялікі спорт пачаўся менавіта на мазаўскіх кортах, з цеплынёй успамінаюць сваю дзіцяча-юнацкую школу. Гэта не проста ўстанова — гэта прыклад таго, як адданасць сваёй справе, прафесіяналізм і талент трэнераў і спартсменаў прыводзяць да выніку, аб якім гаварыла ўся краіна. Нездарма ж школа МАЗ лічылася адной з найлепшых дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ у СССР.

Пазней, калі ўжо Эдуард Дуброў трэніраваў на кортах роднай школы, тут выраслі 30 майстроў спорту, з іх сем — міжнароднага класа. Іх імёны лепей вядомыя сучасным аматарам тэніса. Гэта Марына Сцец, Надзея Астроўская, Дар'я Кустава, Уладзімір Ігнацік, Лідзія Марозава, Іма Богуш.

А пачалася ўся гэтая гісторыя на тэнісным корце за інтэрнатам аўтазавода…

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.