Вы тут

Урач пра захваральнасць грыпам, вакцынацыю і прафілактыку хваробы


Ці такі страшны грып, як яго малююць? Як знізіць рызыку ім заразіцца? Каму і чаму абавязкова трэба вакцынавацца? І калі прышчэпку рабіць не трэба? Высвятляем з урачом-эпідэміёлагам, загадчыкам аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марынай Качкан.


Як вядома, гэта захворванне небяспечнае сур'ёзнымі ўскладненнямі, у тым ліку пнеўманіяй і сінусітам, міякардытам і атытам, трахеітам, менінгітам, энцэфалітам, міязітам. Вакцынацыю лепш прайсці восенню. Арганізму спатрэбіцца тры-чатыры тыдні на фарміраванне імунітэту.

Яшчэ адзін аргумент на карысць вакцынацыі — той факт, што грып — захворванне з высокай ступенню заразнасці. Адзін хворы здольны заразіць 7—12, а па некаторых даных — да 40 навакольных.

— Захворванне на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, у тым ліку і грып, актуальнае ва ўсім свеце, Беларусь не выключэнне. Прафілактычныя меры — выкарыстанне маскі, антысептычная апрацоўка рук, пазбяганне месцаў масавага збору людзей і г. д., вядома, даюць станоўчы вынік у зніжэнні хуткасці распаўсюджвання інфекцыі, аднак адназначна самым дзейсным метадам з'яўляецца вакцынапрафілактыка, — гаворыць Марына Віктараўна.

Адметна, што з усёй групы рэспіраторных вірусаў спецыфічная прафілактыка існуе толькі супраць віруса грыпу і з 2021 года — супраць інфекцыі COVІD-19.

Больш прышчапляемся — менш хварэем

Вакцынапрафілактыка грыпу даказала сваю абгрунтаванасць і мэтазгоднасць, кажа спецыяліст. З павелічэннем ахопу прышчэпкамі супраць грыпу да 40 % насельніцтва захворванне за апошнія 10 гадоў знізілася ў дзясяткі разоў.

— Аналіз даных па захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі насельніцтва Мінскай вобласці ў эпідэмічны перыяд актыўнасці рэспіраторных вірусаў 2021—2022 гадоў паказаў, што захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі прышчэпленых супраць грыпу ў 2022 годзе была ніжэйшая за захваральнасць непрышчэпленых у 17,2 раза, або на 94,2 %, — прыводзіць лічбы ўрач.

Не сакрэт, што вакцынацыя супраць грыпу працоўнага насельніцтва дае магчымасць максімальна захаваць здароўе, знізіць страту прадукцыйнасці працы, прадухіліць павышаную нагрузку на здаровы персанал. У 2021 годзе ў працоўных калектывах, ахопленых прышчэпкамі супраць грыпу на 40 і больш працэнтаў, захваральнасць прышчэпленых была ніжэйшая, чым непрышчэпленых, у 9 разоў.

Ці варта прышчапляцца кожны год?

Сапраўды, для дзейснай абароны супраць віруса грыпу прышчапляцца неабходна кожны год. Гэта звязана з двума фактарамі. Па-першае, з працягласцю выпрацаванага імунітэту супраць віруса грыпу: ён захоўваецца прыкладна на працягу года. Па-другое, з цыркуляцыяй некалькіх штамаў віруса, якія штогод могуць мяняцца. Грыпозныя вакцыны ўтрымліваюць 3-4 розныя штамы віруса грыпу.

— Кожны год кансультатыўны камітэт Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аналізуе цыркуляваныя штамы віруса грыпу і выдае рэкамендацыі па складзе вакцын на будучы сезон для Паўночнага паўшар'я. Усе грыпозныя вакцыны, якія паступаюць на тэрыторыю Беларусі, утрымліваюць рэкамендаваны састаў, — удакладняе эпідэміёлаг.

Небяспечны кактэйль: грып + COVІD-19

Улічваючы эпідсітуацыю па распаўсюджанасці і захваральнасці на каранавірусную інфекцыю, у перыяд сезоннага ўздыму рызыка інфіцыравацца адначасова COVІD-19 і вірусам грыпу, у тым ліку і іншым вірусам рэспіраторнай групы, вельмі высокая.

— Заражэнне можа адбывацца адначасова двума і больш узбуджальнікамі, альбо новая інфекцыя можа напластоўвацца на ўжо наяўнае захворванне, што ў значнай ступені павялічвае рызыку ўзнікнення спалучанай паталогіі. Як правіла, спалучаныя інфекцыі працякаюць даўжэй, пры іх часцей узнікаюць розныя ўскладненні, асабліва ў асоб з рознай хранічнай паталогіяй, у якіх нават няцяжкая рэспіраторная інфекцыя можа стаць прычынай абвастрэння хранічнага захворвання, — папярэджвае доктар.

Каму абавязкова патрэбна прышчэпка?

Асабліва цяжка пераносяць інфекцыю дзеці і пажылыя людзі, для гэтых узроставых груп вельмі небяспечныя ўскладненні, якія могуць развіцца падчас захворвання. Дзеці хварэюць цяжэй у сувязі з тым, што іх імунная сістэма яшчэ фарміруецца. А для пажылых, таксама, як і для «ўладальнікаў» хранічных захворванняў, вірус небяспечны з прычыны аслабленай імуннай сістэмы.

Медыкі схіляюцца да таго, што ў ідэальным варыянце вакцынацыя супраць грыпу патрэбна ўсім, у тым ліку дзецям, пачынаючы з 6-месячнага ўзросту і далей без абмежавання ўзросту.

Аднак правесці вакцынацыю ўсяго насельніцтва ў любой краіне за 2-3 месяцы штогод практычна нерэальна, і Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе мінімальны план: ахапіць прафілактычнымі прышчэпкамі не менш за 75 % насельніцтва з груп рызыкі, гэта значыць, найбольш уразлівых і эпідэміялагічна значных груп насельніцтва. У першую чаргу — дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3-х гадоў, усе дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі, асобы, старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, работнікі дзяржаўных органаў, якія адказваюць за бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. Апроч гэтага, вакцынацыя важная для працаўнікоў «грамадскіх» сфер — адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання, камунальнай сферы і іншых.

Супрацьпаказаннем для вакцынацыі з'яўляецца востры стан любой хваробы, у тым ліку і інфекцыйнай. У такім выпадку варта дачакацца поўнага выздараўлення.

— У нашай краіне плануецца прывіць не менш як 40 працэнтаў ад усяго насельніцтва і не менш як 75 працэнтаў з пералічаных груп рызыкі, — дадае Марына Качкан.

Ад чаго яшчэ варта прышчапіцца?

З ускладненняў віруснай інфекцыі найбольш небяспечная пнеўманія, якая можа развіцца як пры інфіцыраванні вірусам грыпу, так і COVІD-19.

Як вядома, грыпозныя вакцыны могуць прымяняцца адначасова з іншымі, у прыватнасці з вакцынай супраць COVІD-19. Пры гэтым улічваюцца супрацьпаказанні да кожнай з ужывальных вакцын. Прэпараты ўводзяцца ў розныя ўчасткі цела рознымі шпрыцамі.

Пры наведванні арганізацыі аховы здароўя з нагоды вакцынацыі супраць грыпу можна адначасова зрабіць вакцынацыю супраць каранавіруснай інфекцыі — бустарную або першасную (калі раней не прышчапляліся), супраць слупняку і дыфтэрыі (калі падышоў тэрмін планавай прышчэпкі), супраць адзёру, калі ў медыцынскіх дакументах адсутнічаюць звесткі аб перанесеным захворванні на адзёр альбо маюцца звесткі толькі аб адной прышчэпцы супраць яго.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.